Комфортные поездки на ушачских автобусах – заслуга и механика Романа Рудёнка
Кожную камфортную паездку на грамадскім транспарце пасажыры ўспрымаюць найперш як заслугу вадзіцеля. Работа ж механіка часта застаецца ў цені. А менавіта ад яго напрамую залежаць выхад аўтобуса на лінію, яго спраўнасць. На ўчастку г.п.Ушачы філіяла “АТП №6 г.Наваполацка” гэтую важнейшую місію з чэрвеня 2018 года выконвае наш зямляк Р.Ф.Рудзёнак.
Усе 20 ушацкіх аўтобусаў, што знаходзяцца на балансе, Раман ведае, можна сказаць, па запчастках. У адным у свой час трэба было пераварыць задні мост, у другім замяніць рухавік… Да кожнай, нават самай невялікай няспраўнасці, механік падыходзіць скрупулёзна, прыдзірліва. Калі патрабуюць абставіны, на некаторы час адкладае ўбок папяровыя справы, пераапранаецца і разам з падначаленымі – слесарам і зваршчыкам – таксама бярэцца за рамонт.
– Інакш нельга, – упэўнены малады чалавек. – Я ў адказе за спраўнасць транспарту, а ў большасці сваёй ён няновы. Мая галоўная задача – у сціслыя тэрміны знайсці запчасткі (за імі езджу ў Наваполацк) і ліквідаваць паломку, каб максімум на наступны дзень аўтобус ужо выйшаў у рэйс. Для экстранных жа выпадкаў маем пару-тройку “свабодных” адзінак тэхнікі.
Штодзень кожны аўтобус усебакова правяраецца механікам як перад рэйсам, так і пасля яго. Пільнае вока часам можа заўважыць тое, на што не зверне ўвагі сам вадзіцель.
Калі казаць аб прафесіі, то гэта хутчэй не герой нашага аповеду выбраў яе, а яна яго. Перад вачыма ўраджэнца вёскі Матырына заўсёды быў прыклад бацькі Фёдара Раманавіча, які дагэтуль працуе трактарыстам-машыністам у сельскай гаспадарцы Ушаччыны. З тэхнікай на “ты” з дзяцінства быў і Раман. Таму пасля заканчэння школы ён атрымаў адукацыю спачатку газаэлектразваршчыка, а пазней – механіка. Зрэшты, першым (і пакуль адзіным) месцам яго працы стала аўтатранспартнае прадпрыемства на малой радзіме – на розных пасадах ён тут ужо амаль 10 гадоў.
За гэты час, вядома, здаралася рознае. Так, напрыклад, аднойчы рэйсавы аўтобус “стаў” ля вёскі Пранікі. Пасажыраў тэрмінова перасадзілі ў іншы і развезлі па кропках маршруту. А вось вадзіцелю і тады яшчэ слесару Р.Рудзёнку давялося сцерагчы зламаны транспарт да раніцы: дзверы проста не зачыняліся.
Да падобных сітуацый, “падоўжаных” працоўных будняў і перыядычнай адсутнасці выхадных Р.Рудзёнак ужо прывык. Вось і сёлета, калі 1 студзеня на тэрыторыі раёна адбылася аварыя з удзелам расійскага турыстычнага аўтобуса, Раман неадкладна выехаў на месца і прапанаваў дапамогу.
– Калі наш пабіты транспартны сродак дасталі з кювета, шчыра кажучы, былі ў замяшальніцтве, – прыгадаў у гутарцы з намі вадзіцель аўтобуса, жыхар Расійскай Федэрацыі Ігар Рыжоў. – Патрабавалася пляцоўка для яго размяшчэння, а ў ідэале – яшчэ і гараж, дзе зручна было б праводзіць рамонт. І ўсё гэта нам прадставілі ва ўшацкім аўтатранспартным прадпрыемстве. Некалькі дзён Раман аказваў нам дапамогу. Уражанне пра Ушацкі раён і Беларусь у цэлым у многім склалася менавіта па гэтым выдатным спецыялісце.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.