30 лет руководит яслями-садом №2 г.п.Ушачи Людмила Наприенко
Маршрут свайго руху “дом-работа” Людміла Андрэеўна Напрыенка ведае выдатна. Здаецца, што прайшла б яго з заплюшчанымі вачыма. Да ясляў-сада №2 г.п.Ушачы, дзе яна працуе загадчыцай вось ужо 30 гадоў, адлегласць невялікая. Таму і свой вольны час яна нярэдка праводзіць тут.
– На рабоце, здаецца, і жыву, – усміхаецца гераіня нашага аповеду. – Дашкольная ўстанова для мяне – як роднае дзіця, выпешчанае і такое дарагое. Яму аддаю ўсё магчымае і нават крыху больш.
Выхавацелі ясляў-сада не перастаюць здзіўляцца ініцыятыўнасці свайго кіраўніка, які адначасова з’яўляецца і дызайнерам, і афарміцелем тэрыторыі, і натхняльнікам розных мерапрыемстваў. Не было такога, каб Людміла Андрэеўна хоць раз сказала, што нейкая работа – не для яе, загадчыцы. Ніякай не цураецца! Калі, бывае, заўважае нейкія недахопы, то ціха сама выпраўляе. Што і як неабходна зрабіць, дэманструе на ўласным прыкладзе. Многія і зараз памятаюць, як у 1990-м падчас рамонту садка Л.А.Напрыенка задавала падначаленым тон ва ўборцы памяшканняў – і гэта пры тым, што насіла пад сэрцам дзіця. Цяпер загадчыца, калі трэба, можа і мэблю сабраць, і кусты падрэзаць, і клумбу перакапаць.
– Яна ў нас усюды і заўсёды, – кажуць падначаленыя. – Аднак, нягледзячы на гэта, Людмілы Андрэеўны зашмат не бывае. Яна не прыдзіраецца, не павышае голасу, не павучае на кожным кроку.
Таму і паважае загадчыцу ясляў-сада калектыў, называе чалавекам мудрым, разважлівым, творчым і ўлюбёным у сваю справу.
– Яшчэ ў дзяцінстве вырашыла, што стану выхавацелем, – расказвае Л.А.Напрыенка. – Нас у бацькоў двое – і за сястрычкай, малодшай за мяне на восем гадоў, я рэгулярна прыглядвала, гуляла, вучыла з ёй літары… Гэта мне падабалася, таму пасля заканчэння школы паступіла ў Полацкае педагагічнае вучылішча, а пазней завочна атрымала вышэйшую адукацыю дашкольнага профілю ў Магілёве.
Уся прафесійная дзейнасць жанчыны звязана з яслямі-садам №2. З сакавіка 1982-га працавала тут выхавацелем, а ў студзені 1989-га ёй прапанавалі пасаду загадчыцы.
– Спачатку думала, што не атрымаецца з мяне кіраўнік, – прызнаецца Л.А.Напрыенка. – Дашкольная ўстанова патрабавала сур’ёзнага рамонту. Выхаванцаў у нас было ажно 185, а педагагічны калектыў складаўся з больш вопытных за мяне спецыялістаў. Але цяжкасцей я не баялася, паколькі ведала, што ўпартай штодзённай работай іх можна пераадолець.
Жанчына ўпэўнена: дзеці востра на ўсё рэагуюць, таму ніякага фальшу дапускаць у рабоце нельга. У садку павінна быць камфортна, як дома, а бацькам спакойна, што іх малыш дагледжаны, накормлены, цікава і карысна праводзіць час. Дзеля гэтага і працуе ўвесь калектыў.
Практычна ўсіх сённяшніх выхаванцаў установы Людміла Андрэеўна ведае па імёнах, з гонарам расказвае і пра выпускнікоў: “Вось гэта ў другім радзе Юра Шчукін – заўсёды спакойны, паслухмяны. А вось у гэтай усмешлівай дзяўчынцы “на галёрцы” немагчыма не пазнаць Марыну Макрыдзіну – ніколькі не змянілася! Як, дарэчы, і Алеся Футарман, першая памочніца і сяброўка выхавацеляў”. Адразу бачна: любіць жанчына сваю справу і робіць усё, каб аб’яднаць калектыў адной ідэяй: працаваць сабе на радасць, быць прыкладам для іншых, карысным грамадству і маленькім ушачанам.
* * *
Павіншаваць Людмілу Андрэеўну з 30-годдзем знаходжання на пасадзе кіраўніка выхавацелі ясляў-сада №2 г.п.Ушачы вырашылі ў арыгінальнай форме. Яе як капітана карабля – а менавіта ў форме цікавай марской вандроўкі ладзілася святочнае мерапрыемства – запрасілі ў музычную залу, дзе калектыў і выхаванцы ўстановы па-рознаму казалі сваё “дзякуй” справядліваму кіраўніку і добраму чалавеку. Шмат у гэты дзень было кветак, песень і вясёлых харэаграфічных нумароў. Зрэшты, да творчасці ў Л.А.Напрыенкі адносіны асаблівыя: у свой час яна скончыла музычную школу па класе акардэон, у 80-я гады была ўдзельніцай ансамбля “Маладыя сэрцы” пры Арэхаўскім СДК і выступала на многіх канцэртных пляцоўках Ушаччыны.
Уручыць Людміле Андрэеўне Ліст Падзякі за плённую дзейнасць на педагагічнай ніве завітала на ўрачыстасць старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Л.Шкаруба. А той настрой, што панаваў гэтым днём ва ўстанове, сведчыў, што свой шлях у жыцці Л.А.Напрыенка выбрала правільна.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.