Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не бачыць падстаў мяняць існуючы знешнепалітычны курс краіны. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы напярэдадні 100-годдзя беларускай дыпламатычнай службы, дзе прысутнічалі міністры замежных спраў, якія ў розны час узначальвалі МЗС Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пастаянна павышаецца аўтарытэт і роля Міністэрства замежных спраў, а ў кіраўніцтва знешнепалітычнага ведамства выбудаваны дружалюбныя адносіны з замежнымі калегамі, што пацвярджаецца частымі запрашэннямі на розныя канферэнцыі і міжнародныя мерапрыемствы. «Гэта сведчыць аб тым, што Беларусь пачынае адыгрываць усё большую ролю на міжнароднай арэне. Таму ў гэтай сітуацыі неяк мяняць знешнепалітычны курс я падстаў не бачу», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. «Пашырана кола замежных партнёраў, саюзнікаў, адкрыты перспектыўныя рынкі (вядома, не зусім так, як хацелася б па хуткасці, але тым не менш). Беларуская дыпламатыя выйшла на якасна новы ўзровень. Вы таксама гэтага не можаце не заўважыць. На мінскай перагаворнай пляцоўцы абмяркоў-ваюцца вельмі складаныя рэгіянальныя і глабальныя праблемы», — адзначыў Прэзідэнт.
Ён асабіста цёпла вітаў кожнага ўдзельніка сустрэчы і выказаў меркаванне, што такія сустрэчы з кіраўнікамі міністэрстваў і ведамстваў мінулых гадоў могуць стаць добрай традыцыяй. «Наша сустрэча праходзіць напярэдадні 100-годдзя беларускай дыпламатычнай службы. Гэта і прызнанне вашых заслуг. Мы пагаворым сёння, якое ваша меркаванне, ваш пункт гледжання на развіццё Беларусі. Вы — людзі вопытныя», — адзначыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў у фармаце жывой дыскусіі абмяняцца думкамі, як дзейнічаць далей і выбудоўваць збалансаваную знешнюю палітыку. На сустрэчу былі запрошаны Пётр Краўчанка (узначальваў МЗС у 1991—1994 гадах), Уладзімір Сянько (1994—1997), Іван Антановіч (1997-1998), Урал Латыпаў (1998—2000), Міхаіл Хвастоў (2000—2003), Сяргей Мартынаў (2003—2012), а таксама цяперашні міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.
На заканчэнне сустрэчы Кіраўніку дзяржавы быў уручаны юбілейны медаль «100 год дыпламатычнай службе Беларусi».
belta.by.