У Смаргоні прайшла традыцыйная раённая гульня “Экзамен былога студэнта”
Каманды абдумваюць пытанні.
У “Што? Дзе? Калі?” удзельнічала працоўная моладзь, работнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў. Сваіх знаўцаў камандзіравалі на гульню ЖРЭС, завод аптычнага станкабудавання, лясгас, будмантажны трэст №41, малаказавод, цэнтральная раённая аптэка.
Гульня была прымеркавана да 100-годдзя з дня ўтварэння БССР. Яе ўдзельнікаў загадзя пазнаёмілі з тэмай і турамі – “Беларусь сёння”, “Гісторыя станаўлення незалежнай дзяржавы”, “Усё аб усім”, відэа-аўдыятурнір “Народная спадчына”.
У першым туры па літары трэба было правільна назваць славутыя мясціны Беларусі, якія дэманстраваліся на экране. І хаця на першы погляд пытанні былі нескладаныя, але некаторыя з іх усё ж вымушалі знатакоў задумацца. Напрыклад, пра адметны сваёй архітэктурнай прыгажосцю Троіцкі касцёл у Гервятах суседняга Астравецкага раёна смаргонцы ведаюць добра, а вось пра існаванне Фарнага касцёла ў далёкім Гродне вядома, напэўна, не ўсім. Акрамя гэтага трэба было не зблытаць з іншым лясным масівам Белавежскую пушчу, з нейкім кавалкам зямлі пасярод вады “Востраў слёз” у Мінску.
У наступных турах удзельнікам гульні неабходна было адказаць на пытанні: якія прадпрыемствы былі пабудаваны ў БССР з 1945 па 1953 гады, хто быў кіраўніком камсамола рэспублікі адразу ж у пасляваенны час, якая вуліца ў беларускім горадзе з’яўляецца адной з самых доўгіх вуліц у Еўропе і прэтэндуе на ўключэнне ў спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА і г. д.
Удзельнікі камандаў абмяркоўвалі пытанні, прапаноўвалі свае варыянты адказаў, выбраны з якіх занатоўваўся на аркушы паперы. Адказы потым перадавалі ў журы, якое іх правярала і налічвала балы. А ў гэты час для юнакоў і дзяўчат быў прадэманстраваны дакументальны фільм “БССР. Вытокі”.
Журы правярае адказы.
Журы аб’явіла вынікі. Пераможцамі гульні сталі дзве каманды – КУП “ЖРЭС” і ААТ “ЗАС”. Яны падзялілі паміж сабою 1 месца. На другім месцы апынулася каманда цэнтральнай раённай аптэкі, 3 месца – у знаўцаў лясгаса.
Камандам, якія занялі прызавыя месцы, былі ўручаны дыпломы і памятныя падарункі ад раённага камітэта БРСМ і аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама.
Камандзе ЖРЭС дыплом уручае галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Наталля РЫЛЁВА (злева).
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.