У Дзень жывёлавода фермы ААТ «Навабыхаўскі» наведалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Тамара Сямёнава і галоўны спецыяліст аддзела жывёлагадоўлі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню райвыканкама Святлана Шурханава.
Удзельнікі мерапрыемства разам з выконваючым абавязкі дырэктара названага адкрытага акцыянернага таварыства Аляксандрам Кілесам, паглядзелі ход зімоўкі жывёлы, ўмовы працы і побыту людзей, якія яе даглядаюць.
Галоўны эканаміст гаспадаркі Валерыя Пятроўская праінфармавала аб тым, што даведзеныя вытворчыя паказчыкі па надоях малака і прывыгах за снежань 2018 года не выкананы. Кармоў жа, па словах Валерыі Вітальеўны, хапала ў снежні, хапае іх і цяпер. Дык чаму ж тады такі адмоўны вынік?
Атрымаць адказ на гэтае прамое пытанне аказалася не проста. Пасля працяглай паўзы мясцоваму кіраўніцтву ўсё ж давялося прызнаць, што нярэдка маюць месца факты парушэння тэхналогіі кармлення дойнага статку, якія негатыўна сказваюцца на прадуктыўнасці буйной рагатай жывёлы. Да таго ж у наяўнасці няма канцэнтратаў з утрыманнем пратэіна. А гэта, як затым высветлілася, праблема большасці гаспадарак Быхаўшчыны.
Каб атрымліваць высакаякаснае малако, неабходна захоўваць як тэхналогію яго атрымання, так і чысціню, парадак на фермах. У кароўніках жывёла ўтрымліваецца на падсціле. Па меры неабходнасці яго неабходна своечасова абнаўляць, але на некаторых фермах саломы практычна не засталося. Подсціл жа з арганічных матэрыялаў стварае асяроддзе для развіцця бактэрый і выклікае розныя захворванні жывёлы. Тады страты малака намнога большыя. Таму спецыяліст аддзела жывёлагадоўлі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню райвыканкама Святлана Шурханава настойліва рэкамендавала жывёлаводам вычысціць належным чынам памяшкані, пастарацца забяспечыць каровам патрэбнае ўтрыманне, выконваючы пры гэтым санітарныя нормы. І, як выйсце, а некаторыя гаспадаркі раёна так робяць, скарыстоўваць на подсціл яшчэ адзін звыклы для жывёлаводаў матэрыял — пілавінне.
Прадуктыўнасць дойных кароў, якасць малака шмат у чым залежыць непасрэдна ад аператараў машыннага даення. Таму ім трэба адказна ставіцца да выканання сваіх абавязкаў, не парушаць вытворчую і працоўную дысцыпліну, ветэрынарна-санітарныя і тэхналагічныя правілы. А такія факты, на жаль, таксама бываюць. Калі ўсяго гэтага негатыву пазбегнуць, гаспадарка не панясе значных эканамічных страт, а атрыманае і рэалізаванае дзяржаве малако адчувальна палепшыць фінансавае становішча акцыянернага таварыства. Напярэдадні веснавых палявых работ наяўнасць грашовых сродкаў дасць магчымасць якасна падрыхтаваць тэхніку да прадстаячай пасяўной кампаніі, набыць паліва.
У ходзе сустрэчы з жывёлаводамі абмяркоўваліся іншыя праблемныя пытанні гаспадаркі.
Сяргей ЛЕЎЧАНКА.