Сярэдняя школа № 1 г.п. Шаркаўшчына перамагла ў конкурсе «Хачу вучыцца ў STEM-класе!»
У апошнія дні мінулага года Асацыяцыя “Адукацыя для будучыні” назвала прызёраў і пераможцаў конкурсу “Хачу вучыцца ў STEM -класе”. Гэта 10 беларускіх школ, у якіх ужо ў 2019 годзе будуць адчынены STEM-цэнтры. У ліку пераможцаў рэспубліканскага конкурсу – установа адукацыі нашага раёна: “Сярэдняя школа № 1 г. п. Шаркаўшчына”, якая заваявала 3-е месца і ўвайшла ў тройку прызёраў конкурснай праграмы. У якасці ўзнагароды наша першая школа бясплатна атрымае ўсё неабходнае абсталяванне для адкрыцця ўласнага STEM-класа.
Мэта STEM-цэнтраў, якія ў наш час набіраюць усё большую папулярнасць за мяжой, — даць магчымасць сучасным школьнікам набываць веды і асвойваць навыкі , неабходныя для жыцця ў тэхналагічным грамадстве. Асновы для праграм навучання ў STEM -цэнтрах задаюцца чацвёркай “арыентыраў”: навука, тэхналогіі, інжынерыя і матэматыка.
-У новым класе дапытлівыя і таленавітыя дзеці змогуць адкрываць для сябе займальны свет праграміравання, робататэхнікі, вучыцца 3D-мадэліраванню і іншым навыкам, без якіх у хуткім часе будзе складана ўявіць жыццё сучаснага грамадства,-адзначыла каардынатар праекта ў сярэдняй школе № 1 нашага гарадскога пасёлка, настаўніца інфарматыкі Ірэна Іванаўна Тарнёнак ( у 2016 годзе яна была ўзнагароджана Знакам Міністэрства Адукацыі РэспублікіБеларусь “Выдатнік адукацыі”). –У нашай школе ў бягучым годзе Асацыяцыяй “Адукацыя для будучыні” пры садзейнічанні вядучых беларускіх ІТ-кампаній будзе адчынены STEM -цэнтр. Згодна з умовамі конкурсу неабходнае абсталяванне на суму да 20 тысяч беларускіх рублёў будзе закуплена для школы згодна з яе запатрабаваннямі. У яго лік, як правіла, уваходзяць ноутбукі, 3D-прынтэр, наборы для адукацыйнай робататэхнікі вялікі экран, праектар ці інтэрактыўная дошка. Абазначаная грашовая сума ўключае ў сябе і курсы павышэння кваліфікацыі для педагогаў, якія будуць працаваць у STEM-цэнтры, а таксама правядзенне канферэнцыі для дзяцей і педагогаў па папулярызацыі дзейнасці новага класа.
А вучні ў сярэдняй школе № 1 ўжо сёння з нецярпеннем чакаюць адкрыцця новага STEM–цэнтра ў сваёй навучальнай установе. Узначальваць яго работу будзе настаўніца інфарматыкі Ірэна Іванаўна Тарнёнак. Разам са сваімі калегамі настаўнікам фізікі Барысам Серафімавічам Лонскім і настаўніцай матэматыкі Людмілай Львоўнай Шаблоўскай гэты педагог падала заяўку на конкурс “Хачу вучыцца ў STEM-класе!” і шмат зрабіла для таго, каб работа творчага калектыву шаркаўшчынскіх педагогаў не засталася незаўважанай на рэспубліканскім узроўні. І гэта пры тым, што толькі на першы этап конкурснай праграмы было пададзена 250 заяў ад удзельнікаў.
Педагогі і вучні прымалі ўдзел у двух этапах конкурснай праграмы. Першы з іх прадугледжваў стварэнне ўласнага відэароліка на тэму “Хачу вучыцца ў STEM-класе!”.Цікавы відэаролік для ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе дапамаглі зрабіць вучні 11 Б класа:Дзмітрый Гінько і Андрэй Грыгаровіч.
А тыя ўдзельнікі, якія прайшлі ў другі этап конкурснай праграмы , атрымалі магчымасць распрацаваць і правесці свой STEM-урок ці факультатыўны занятак. Пры гэтым шаркаўшчынскія педагогі ў сваёй рабоце аддавалі перавагу менавіта ідэям дзяцей, вучылі іх працаваць у камандзе,з дапамогай ІТ-тэхналогій атрымліваць для сябе новыя веды.Падчас сваёй самастойнай работы хлопчыкі і дзяўчынкі самі размяркоўвалі абавязкі , вучыліся слухаць адзін аднаго і ў той жа час аргументавана адстойваць свае пункты гледжання. Падчас такой работы педагог выступае ў якасці кансультанта , накіроўваючы ідэі дзяцей ў правільным напрамку.
А для ўдзелу ў конкурсе вучнямі 6б класа нават быў створаны свой калектыўны прадукт — інтэрактыўная мадэль трэнажора для вачэй, удасканаленая мадэль выкарыстоўваемага ў школе трэнажора. Як бачна, калектыўная праца дзяцей і вучняў атрымала высокую ацэнку арганізатараў конкурсу. Як і самі прыёмы і метады работы, якія паспяхова выкарыстоўваюць у сваёй рабоце творчыя шаркаўшчынскія педагогі ў сярэдняй школе № 1, прывіваючы цікавасць вучням да сваіх школьных прадметаў.
Вось і на занятках у STEM -класах дзеці будуць вучыцца ствараць праграмы і сайты, канструіраваць робатаў, выкарыстоўваючы веды законаў фізікі, матэматыкі, хіміі і біялогіі. Гэта павысіць інтарэс шаркаўшчынскіх дзяцей да дакладных навук, павялічыць агульны ўзровень іх ведаў, а таксама стане своеасаблівай матывацыяй для таго, каб выбраць адну з тэхнічных спецыяльнасцяў (надзвычай запатрабаваных у наш час) у перспектыве. І нават калі нашы вучні не звяжуць сваё далейшае жыццё з ІТ-тэхналогіямі, вучоба ў STEM-класе дапаможа ім развіць лагічнае мысленне, навучыць працаваць у камандзе, пазнаёміць з новымі сучаснымі тэхналогіямі.Нездарма праграміраванне ў наш час называюць другой пісьменнасцю. Немалаважным з’яўляецца і той факт, што вучоба для дзяцей у новым STEM-класе будзе абсалютна бясплатнай.
Асаблівыя словы падзякі настаўніца інфарматыкі Ірэна Іванаўна Тарнёнак выказала вучням 6 Б класа Уладзіславу Смерцеву, Міхаілу Свяцкаму, Даніілу Кузьмянкову, Ульяне Носка, Дзіяне Седзюкевіч і Аляксандру Старавойтаву за сумесную працу на STEM-уроку.
Віншуем вучняў і педагогаў УА “Сярэдняя школа № 1 г. п. Шаркаўшчына” з заслужанай перамогай!