За чаравікамі – ў Відамлю
Ноч перад Калядамі – асаблівая. Хоць бы таму, што апошняя, калі нячысцікі могуць спакусіць людзей уладай, смагай нажывы або яшчэ чым. Кошт атрыманых забаўлялак – хрысціянская душа. Як супрацьстаў злу клуб творчай моладзі “Свой круг” пад кіраўніцтвам Ірыны Вярэніч, назіралі гледачы, што сабраліся 8 студзеня ў Відамлянскім СДК на тэатралізаванае прадстаўленне.
На ўваходзе афіша – “Вечера на хуторе близ Диканьки”. Бадай, адно з самых вядомых Гогаля пра прыгоды каваля Вакулы, які дзеля кахання рызыкнуў звязацца з чортам, і, як ні дзіўна, не прайграў у гэтым нялёгкім паядынку. Сюжет усім знаёмы, а па-гэтаму на артыстах была вялікая адказнасць –зрабіць пастаноўку надзвычай яркай і як мага больш здзівіць прысутных.
З песні-услаўлення зіме пачалі школьнікі Відамлянскай СШ, следам разгарнулася дзеянне. На сцене – тематычныя дэкарыцыі, сялянскія хаты, плот, мельніца, зоркі і месяц. Пакачайце… Знік. Дакладней – яго выкраў Чорт у выкананні Аляксея Голікава (трэба ж у апошні раз можа зрабіць якую-небудзь поскудзь людзям!). Гэта не заставілі без увагі самыя маленькія гледачы прадстаўлення. Але дзеючыя асобы занятыя іншым – блізяцца Каляды: трэба і песнямі адзін аднаго павіншаваць, на суджанага паварожыць, да суседзяў зазірнуць…
“Прыгожы, бліскучы,але непрактычны месяц” не падабаецца какетлівай Салохе (Таццяна Храменкова). Але ж не толькі дзеля дамовы прыйшоў нячысцік: не абыйшлося і без гарачых заляцанняў да ўдавы. Яго як астатніх сваіх паклоннікаў Салоха хавае ў мяшок.
Менавіта Чорт у мяшку і патрэбны Вакуле (Віктар Логаш). Юнак гатовы душу прадаць за чаравічкі. Справа – сумніўная, але на што толькі не згадзішся дзеля каханай Аксаны (Ганна Храменкова).
Не давялося гледачам ўбачыць дамову з імператрыцай, але упэўнена – і тут каваль справіўся б бліскуча. Тым больш, что вынік яго намаганняў – прыгожыя чаравікі – урачыста былі падораны каханай.
– Дзесяць гадоў назад “Свой круг” ужо выступаў з такім спектаклем. Гэта быў наш першы тэатралізаваны выступ. Таму ў плане дэкарацый нам было лягчэй – нешта засталося. Аднак сённяшняя пастаноўка – зусім іншы падыход, – паведаміла Ірына Вярэніч.
Насамрэч, у той вечар ў Доме культуры быў аншлаг. На прэм’еру прыйшлі бацькі, вучні, жыхары аграгарадка і не толькі. Клапатлівыя рэпетыцыі да позняга вечара, распеўкі і праца над музычным аздабленнем амаль пасля кожнай значнай сцэны не зніклі дарма – зала шчодра адарыла артыстаў авацыямі, а самі удзельнікі пастаноўкі не стамляліся віншаваць і дзякаваць адзін аднаго за ўражанні і эмоцыі.
Наталля КАЎПАНЬКА.
nataliya.kovpanko@mail.ru.
Фота Віталія Дулевіча.