Более 15 лет на благо Ушачского ПМС трудится Ольга Петровна Шевченко

Источник материала:  
04.01.2019 — Разное

Гэтыя святочныя дні для ўшачанкі В.П.Шаўчэнкі асаблівыя ўдвая. Не паспелі шматлікія блізкія раз’ехацца па сваіх пенатах, як з’явілася чарговая падстава сустрэцца ў яе ўтульным доме з віншаваннямі і падарункамі. Напачатку новага года – 2 студзеня – жанчына адзначае дзень нараджэння, сёлета ж ён знакавы – юбілейны.

Вольга Пятроўна – адна з тых людзей, якія не стамляюцца рабіць дабро, спачуваць, дарыць радасць, не патрабуючы нічога ўзамен. Калегі і сябры ласкава называюць яе “маці Тэрэзай”, паколькі ўпэўнены: душэўная цеплыня ў яе сэрцы невычарпальная.

Лёс гэтай жанчыны не быў простым. Нарадзілася яна ў Казахстане, куды бацькі – жыхары Полаччыны – прыехалі падымаць Цаліну, школу заканчвала ў Віцебску, куды пераехала сям’я з ужо трыма дзецьмі. Калі ж прыйшоў час вызначацца з будучай прафесіяй, В.П.Шаўчэнка вырашыла пайсці па слядах любімай бабулі, выбраўшы спецыяльнасць бухгалтара, скончыла Полацкі сельскагаспадарчы тэхнікум і па размеркаванні трапіла ў саўгас “Віцебскі”. Зрэшты, пачынала не з бухгалтарскай справы, як планавала, а менавіта з меліярацыі, у якой працуе і зараз.

У наш раён Вольга Пятроўна трапіла ў сярэдзіне 80-х, калі яе мужу, які завочна вучыўся ў культасветвучылішчы на аддзяленні “народныя інструменты” і марыў пра творчую дзейнасць, прапанавалі пасаду мастацкага кіраўніка ў Вяркудскім сельскім клубе. Сваё месца пад сонцам на Ушаччыне хутка знайшла і В.П.Шаўчэнка, стаўшы бухгалтарам, а пазней галоўным бухгалтарам у калгасе “Савецкая Беларусія”.

Зрэшты, прысвячаць сябе выключна “паперам” і быту заўсёды актыўная і ініцыятыўная жанчына не збіралася і па прыкладзе сваёй другой палавінкі занялася творчасцю.

– У тыя часы надзвычай папулярным у раёне і не толькі быў вакальна-інструментальны ансамбль нашай гаспадаркі, – успамінаюць сённяшнія калегі Вольгі Пятроўны. – У яго склад акрамя сям’і Шаўчэнкаў уваходзілі Андрэй Чымпой, Віктар Даўгаполаў, Аляксандр Хахлоў. На іх выступленні заўсёды збіралася многа людзей. Прычым, не толькі мясцовых – увесь гарпасёлак імкнуўся туды трапіць. Сучаснага акустычнага сінтэзатара “Ямаха”, які набыў для ВІА калгас, не было нават у РДК.

Паспявала жанчына і ў грамадскай дзейнасці. У раёне дэманстрацыя – Вольга Пятроўна з лозунгамі, транспарантамі. Агеньчык ці іншае мерапрыемства ў калгасе – і зноў яна ў ліку ідэйных натхняльнікаў, арганізатараў.

Заўсёды лад, парадак і ў сям’і жанчыны. Разам з мужам Аляксандрам Іванавічам выхавалі дваіх сыноў, аддаючы ўсё да апошняга, каб тыя выраслі дастойнымі людзьмі, знайшлі сваю дарогу па жыцці. А для гэтага ў свой час давялося пераехаць у гарпасёлак.

Малодшы сын хацеў займацца музыкай, – расказвае В.П.Шаўчэнка. – Ва Ушачах жа была магчымасць аддаць яго на навучанне па класе валторна ў дзіцячую школу мастацтваў, што мы і зрабілі. І, як аказалася, не прагадалі! Цяпер наш нашчадак – удзельнік Полацкага ваеннага духавога аркестра.

Творчыя здольнасці маюць і іншыя члены сям’і. Так, старэйшы сын Вольгі Пятроўны і Аляксандра Іванавіча Вячаслаў выдатна іграе на гітары. Школу мастацтваў скончыў унук Павел, які зараз набывае ў Віцебскім каледжы спецыяльнасць тэхніка-архітэктара. Першыя, але ўпэўненыя крокі ў музычнай справе робіць сямігадовая ўнучка Мілана.

У самой жа жанчыны часу на творчасць цяпер не хапае. Ва Ушачах ёй давялося крыху пабыць намеснікам начальніка аддзела па эканоміцы на агароднінасушыльным заводзе, а ў сакавіку 2005 года яна стала начальнікам вытворча-тэхнічнага аддзела ПМС, дзе дагэтуль і працуе.

Разлічыць аб’ёмы і віды работ, расцаніць іх, скласці дагаворы з заказчыкамі, каштарысы, акты выкананага – далёка не ўсе функцыі, якія выконвае гэты спецыяліст. Час ад часу выязджае на аб’екты, калі трэба, працуе па выхадных, вечарах… І такія адносіны да даручанай справы не застаюцца незаўважанымі! Некалькі год таму прозвішча Вольгі Пятроўны заносілася на раённую Дошку гонару. Ёсць у скарбонцы жанчыны шматлікія прафесійныя ўзнагароды, у тым ліку абласнога ўзроўню. Нярэдка абараняе яна гонар прадпрыемства і на розных спартыўных спаборніцтвах.

Не расслабляецца В.П.Шаўчэнка і дома: радуе блізкіх кулінарнымі шэдэўрамі, трымае падсобную гаспадарку – козачак, парсючкоў, курэй (а раней і трох кароў!), апрацоўвае немалы агарод. У вольны ж час любіць пачытаць, наведвае басейн у фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Юнацтва-Ушачы”. Часта прыходзяць у госці ўнукі – тады ў вачах Вольгі Пятроўны загараюцца гарэзлівыя агеньчыкі. Маладзее на вачах, хаця яе вобраз і так не вяжацца з чалавекам, якому па пашпарце ўжо 55.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

←У Баранавічах міліцыянер стрэламі спыніў агрэсіўнага сабаку

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика