Падазраваны ў забойстве пенсіянерак пад Віцебскам дапамагаў ім па гаспадарцы
Дом, дзе жылі пенсіянеркі. Скрыншот з відэа Следчага камітэта
3 студзеня ў вёсцы Прысушына пад Віцебскам знайшлі забітымі дзвюх жанчын. Яны былі сваячкамі. Старэйшай Валянціне В. было 78 гадоў, малодшай Марыі К. — 76.
“Забітыя дзве пенсіянеркі, які жылі ў вёсцы ў адным доме, — распавядае Еўрарадыё кіраўніца справамі Задуброўскага сельсавета Ія Мяцелева. — Дачка адной бабулі жыве ў Германіі, сын другой у Віцебску. Два тыдні таму ён інсульт перанёс... Дзве пенсіянеркі, мірныя бабулі, як і ўсе астатнія”.
— Што людзі пра гэта думаюць? Вёска ў шоку?
— Натуральна. І не толькі вёска. Такі выпадак раз у 20-40 гадоў бывае, напэўна. Такога ў нас яшчэ не было.
— Чаму гэта адбылося?
— Ну, што паслужыла прычынай... Няма працы. Людзі многія сядзяць без працы, таму… Тэлефануйце ў міліцыю, не буду казаць лішняга.
Целы двух жанчын знайшлі раніцай 3 студзеня. Падазраваны ў забойстве затрыманы. Вядома, што яму 49 гадоў. Пенсіянеркам ён дапамагаў па гаспадарцы. Раней у яго былі праблемы з законам.
Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па артыкуле "забойства". На месца выязджаў начальнік УСК па Віцебскай вобласці Уладзімір Шалухін.