Победителем чемпионата района по мини-футболу стала команда физкультурно-спортивного клуба

Источник материала:  
29.12.2018 — Разное

Адыходзячы год узняў на новую прыступку развіццё масавага спорту ў раёне: комплекс “Юнацтва-Ушачы” гасцінна адчыняў свае дзверы для аматараў здаровага ладу жыцця, прывабліваў выдатнымі ўмовамі для заняткаў і спаборніцтваў. I, напэўна, сімвалічна, што завяршаючым гэты год турнірам стаў чэмпіянат раёна па міні-футболе: зменшаная версія самай папулярнай у свеце гульні амаль на цэлы месяц прыцягнула ўвагу ігракоў і балельшчыкаў, падарыла шмат бескампрамісных паядынкаў, прыгожых галоў, неверагодных сэйваў, гарачых эмоцый.

Матчы папярэдняга раунду выявілі чатырох фіналістаў, якімі сталі каманды аховы, лясгаса, райаддзела па надзвычайных сітуацыях і фізкультурна-спартыўнага клуба. Яны выйшлі ў фінал з розным багажом балаў, набраных раней у гульнях паміж сабой, аднак усе мелі магчымасць узняцца на п’едэстал. Два гульнявыя дні прынеслі наступныя вынікі: РАНС-лясгас – 2:4; РАНС- ахова – 3:3; ФСК-лясгас – 5:3; ФСК-ахова – 8:2;Победителем чемпионата района по мини-футболу стала команда физкультурно-спортивного клуба

Такім чынам, аховаўцы страцілі шансы на прызавыя месцы і без гульні аддалі ў апошні дзень 3 ачкі “леснікам”, якія, у сваю чаргу, адчайна хварэлі за выратавальнікаў: у выпадку іх перамогі над ФСК менавіта футбалісты лясгаса ўзняліся б на першую прыступку п’едэстала. Але ў зборнай фізкультурна-спартыўнага клуба былі зусім іншыя планы. На іх баку згуляў і фактар доўгай лаўкі: каманда фактычна мела два раўнацэнныя саставы, удала спалучала вопыт сталых футбалістаў і энергічны запал моладзі. А вось зборная РАНС мала таго што гуляла на фоне стомленасці з-за паралельнага ўдзелу ў галіновых спаборніцтвах, дык яшчэ і была аслаблена стратай сваёй ключавой фігуры – галкіпера Мікалая Басуева, які атрымаў траўму калена. Дублёры так і не здолелі закрыць праблемную пазіцыю. Прапусціўшы ў пачатку сустрэчы тры галы, выратавальнікі вярнулі інтрыгу, аднавіўшы раўнавагу, аднак сіл на другую палову гульні ў іх не хапіла – фінальны свісток зафіксаваў лік 7:3 і аформіў для зборнай ФСК агульную перамогу ў чэмпіянаце. Футбалісты МНС задаволіліся бронзай, ну а срэбра заваявала каманда лясгаса – хлопцы адыгралі турнір роўна і фактычна без замен, паказалі відовішчны футбол, у кожнай гульні выкладваючыся па максімуме. Узнагародай за гэта сталі сімпатыі балельшчыкаў, а таксама аж тры пазіцыі ў сімвалічнай зборнай ігракоў, якую склалі па выніках турніру яго арганізатары. Так, лепшым галкіперам прызнаны Павел Мацвееў, які ў большасці матчаў паказваў феерычную гульню, спалучаючы эфектыўнасць з эфектнасцю, і забяспечыў камандзе лепшы паказчык па прапушчаных галах. Дыпломы лепшых ігракоў атрымалі з рук дырэктара ФСК Андрэя Жыткова таксама Аляксандр Кучаронак і Юрый Уладзіёнак. Астатнія вакансіі сімвалічнай зборнай запоўнілі Андрэй Лодзіс, які гуляў за каманду РАНС (рэгламент дазваляў умацоўваць дружыны адным “пабочным” іграком), і прадстаўнік аховы Уладзіслаў Машнін.

“Перамога дасталася нам у складанай барацьбе, і гэтым яна асабліва каштоўная!” – прызнаўся праз некалькі хвілін пасля таго, як узняў кубак над галавой, капітан зборнай ФСК Уладзімір Ларчанка. А на пытанне, які матч быў самым няпростым, ігракі каманды дружна вылучылі абодва паядынкі з выратавальнікамі – фінальны і з папярэдняга раунду, калі была зафіксавана нічыя 2:2. Прынамсі, сімвалічнай зборнай былі дастойныя і многія футбалісты са складу ФСК – напрыклад, малады форвард Алег Манецкі, які ў фінальнай гульні адзначыўся хет-трыкам, а ўвогуле ў яго галявой скарбонцы каля паловы ўсіх выніковых удараў каманды. Практычна ў кожным матчы Алега падтрымліваў на трыбуне тата Сяргей Станіслававіч, які ў мінулым сам добра гуляў у футбол і з ранняга дзяцінства зацікавіў гульнёй мільёнаў свайго сына. Сам жа хлопец адзначае вялікі ўклад у сваё станаўленне, як іграка, трэнера Ушацкай ДЮСШ Віктара Аляксандравіча Лук’яненкі, праз рукі якога прайшло не адно пакаленне футбалістаў. Вярнуўшыся пасля вучобы ва Ушачы, Алег працуе будаўніком у ПМК-66, а па вечарах з задавальненнем прыходзіць у залу спарткомплексу, каб разам з сябрамі паганяць мяч. Удзельнічае ў гэтых трэніроўках і Антон Дзярбасаў, у якога на трыбунах была, напэўна, самая вялікая персанальная група падтрымкі. “За нашага Антона хварэлі ўсёй вуліцай і шчыра рады поспеху яго каманды!” – падзялілася эмоцыямі балельшчыца Валянціна Касяк.

Так, хоць і не ўсім зборным дасталіся лаўры пераможцаў, але прайграўшых на свяце раённага футболу дакладна не было! І калі на гэтым тыдні вечарам святочнага каляднага дня зазірнула ў залу спарткомплексу – там зноў кіпелі футбольныя баталіі. А значыць, наступныя турніры будуць яшчэ больш прадстаўнічымі, цікавымі і азартнымі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

←Председатель Сенненского райисполкома Василий Чередник подвёл итоги уходящего года

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика