Индивидуальный предприниматель Олег Станкевич «приводит в чувства» сломанную бытовую технику
Сёння мала хто абыходзіцца без камп’ютара ці мабільнага тэлефона, значна аблегчылі наша жыццё электрачайнікі, прасы, мікрахвалёўкі. Калі ж штосьці з гэтага выходзіць са строю, адчуваем сябе літаральна як без рук. “Прыводзіць ў пачуцці” зламаную тэхніку на працягу вось ужо двух гадоў індывідуальны прадпрымальнік з Ушач Алег Станкевіч.
У такой рабоце ён не навічок. Мае вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці тэхнік-электронік, пэўны час “лячыў” мабільнікі ў гандлёвай кропцы “КАМПіТЭЛ”. Напачатку ж 2017 года Алег вырашыў заняцца ўласнай справай. Ад цэнтра занятасці атрымаў субсідыю. За выдзеленыя дзяржавай грошы набыў неабходнае для работы абсталяванне, з дапамогай якога ва ўласнай майстэрні (будынак КБА, 2 паверх) рамантуе мабільныя тэлефоны, ВТ-тэлевізары і іншую тэхніку.
– Прыемна, што дзяржава аказвае падтрымку прадпрымальнікам на старце іх дзейнасці, – кажа А.Станкевіч. – Акрамя атрымання субсідыі ў мяне была магчымасць бясплатна зарэгістравацца ў якасці ІП і на працягу першых трох месяцаў разлічваць на 25-працэнтную скідку па выплаце падатку.
Сёння ў гэтай кропцы, кажучы простай мовай, можна адрамантаваць усё, што падключаецца да разеткі і мае адносна невялікі памер. Наўрад ці знойдуцца жадаючыя несці сюды на дыягностыку грувасткія халадзільнікі ці пральныя машыны. Усё ж астатняе – калі ласка.
– Поўнасцю развалілася “зарадка” для ноўтбука – працаваць няма магчымасці, – разгублена дэманстравала майстру паломку ўшачанка.
І якім было яе здзіўленне, калі ўжо праз некалькі гадзін ёй патэлефанавалі і паведамілі аб магчымасці забраць ужо спраўнае прыстасаванне.
– Так, стараюся выконваць заказы ў максімальна сціслыя тэрміны, часам затрымліваюся на рабоце дапазна, – кажа А.Станкевіч. – Аднак усё залежаць ад складанасці рамонту і наяўнасці запчастак. На дыягностыку звычайна хапае гадзіны-дзвюх, непасрэдна на работу – максімальна тыдзень.
Штодня ў рамонтнай майстэрні “пераварочваецца” каля дзясятка чалавек. Аднаму трэба замяніць разбітае шкло ў мабільным, другому – устанавіць новую праграму на тэлефон, трэцяму – знайсці прычыну хрыпаў у калонцы. Звяртаюцца да індывідуальнага прадпрымальніка і юрыдычныя асобы, якім ён аказвае паслугі па абслугоўванні камп’ютарнай тэхнікі.
– Гэтая кропка адзіная ў раёне, дзе можна заправіць лазерны картрыдж, – уключыўся ў размову прадстаўнік аднаго з прадпрыемстваў Ушаччыны, перадаючы майстру пакет са зменнымі друкарскімі блокамі. – Раней трэба было шукаць транспарт, вазіць у горад. Цяпер жа гэта за нас робіць Алег. Прычым, сам можа забраць картрыджы.
Пры гэтым паслугі ў майстэрні абыдуцца ўшачанам дзесьці на 10-20 працэнтаў танней, чым, скажам, у полацкіх ці віцебскіх кропках. Працуе А.Станкевіч і са страхавымі выпадкамі, а на адрамантаваныя прыборы дае гарантыйны тэрмін.
– Працаваць з тэхнікай я люблю. Сур’ёзныя паломкі – свайго роду праверка для мяне на прафесіяналізм, – кажа індывідуальны прадпрымальнік. – Ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі даводзіцца пастаянна шукаць новых пастаўшчыкоў запчастак, прыходзіць у калектывы, усяляк рэкламаваць свае паслугі. Першачарговая мая задача – заслужыць давер усіх і кожнага наведвальніка!
Герой нашага аповеду – універсальны спецыяліст: маркетолаг, прыёмшчык заказаў, праграміст, майстар па рамонце і нават бухгалтар у адной асобе. Максімаліст па натуры, ён ва ўсім імкнецца да дасканаласці. Так, штосьці не атрымлівалася з першага разу, але ўпартасць, сумленнасць і працавітасць Алега ўсё ж узялі сваё. І доказ гэтаму – павелічэнне колькасці ўдзячных кліентаў.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.