Костка ў горле

Источник материала:  
22.12.2018 — Разное

Костка ў горле
— Ах, якая ты, Насця, шалапутная! Ахмурыла майго сына, а цяпер круціш з другімі, а яму пудрыш мазгі! – лемантавала Соф’я Піліпаўна. – Ой, дурань Сцёпка, што цацкаецца з табою. За каршэнь ды за дзверы! А ты, сыночак, думаеш, што яна ўключыць мазгі? Дудкі! Гарбатага толькі магіла выпраміць. Таму няхай валіць адсюль па дабру. Свет на ёй клінам на сышоўся. Халасцяком не застанешся. Знойдзеш і маладзейшую, і прыгажэйшую. Вунь дзевак, як гразі!
У Насці ад пачутага аж вочы палезлі на лоб, перахапіла дыханне, а слёзы цяклі ручаём… Яна абхапіла галаву рукамі і куляй вылецела з хаты.
— Сціхні, мама! Ну, што за чуш нясеш? Як не сорамна? Пакінь яе ў спакоі, — заступіўся Сцяпан за жонку. – Адкуль узяла, што Насця распусніца? На свае вочы бачыла?
— Авоечкі, авой! Во ахламон! – не сунімалася тая. – Няўжо аглох?! Ці ў вушах коркі завяліся? З яе выкрутасаў уся вёска смяецца. А табе па барабану.
— Мама, пабойся Бога! Усё гэта чуткі, байкі, плёткі… А ты верыш ім. Лепш паглядзі, хто напявае на вуха: адна ў разво-дзе, у другой зусім з замужжам не склалася, трэцяя – маладая ўдава… Таму і кідаюцца яны на мужыкоў, як галодныя ваўкі на касуль. Хацелі ахамутаць і мяне – не ўдалося. А цяпер выдумліваюць усялякія небыліцы пра Насцю. Яны гатовы на любое паскудства, каб толькі абліць яе граззю з ног да галавы.
Жанчына адразу паспакайнела, аціхла. Але ненадоўга. Зноў узялася за сваё:
— Ой, сыночак, уліп з гэтай жаніцьбай дык уліп. Абвяла Насця цябе вакол пальца. Эх, цямця-лямця! Напруж мазгі! Яна табе не пара.Ты — хлопец статны, высокі, спакойны, да чаркі не прыкладваешся, а Нас-ця – кату пад хвост. І з твару нягеглая: ні самому паглядзець, ні людзям паказаць. Яе носу нават бусел пазайздросціць. А яшчэ – вярціхвостка! Вось хто яна такая! Будзеш усё жыццё біцца, як рыба аб лёд, каб пракарміць чужых дзетак-“крапіўнікаў”.
— Няпраўда! – успыхнуў Сцяпан. – Мне мазгі не калупай і не плюй у душу! Насця не такая. Яна — добрая, ласкавая, пяшчотная, клапатлівая, працавітая… А ты абняславіць хочаш. Засячы на носе – я яе ў крыўду не дам!
— Ах, вось які ты?! Не чакала такога ад цябе! Маці на шала-хвостку памяняў! Каб вашага духу тут не было! Вымятайцеся! А то ў міліцыю пазваню!
— А навошта смяшыць лю-дзей? Калі не ўзлюбіла жонку, мы доўга не затрымаемся. Бо яна для цябе, як костка ў горле.Заўтра з’едзем, хоць на край свету. Каб толькі не чуць і не бачыць гэтых “канцэртаў”…
…Лічаныя гадзіны заставаліся да Новага году. Сцёпка, вярнуўшыся з работы, стаў упрагожваць ёлку. Насця завіхалася на кухні – гатавала прысмакі да святочнага стала. Раптам раздаўся званок. Сцяпан паспяшаўся да дзвярэй і калі адчыніў іх — вачам не паверыў: ля парога стаяла маці з клункамі ў руках.
— Прымай госця, — ціха прамовіла яна і вінавата апусціла галаву. – Калі не рад, завярну аглоблі назад. Сыночак, чаго глядзіш на мяне, як падатковы інспектар на даўжніка? Няўжо крыўду затаіў? А дзе ж Насця? Я вось прыехала, каб пакаяцца, ачысціць душу ад грахоў. Не ведаю, ці зможаце вы мне дараваць, што тады лішняга нагаварыла – выкурыла вас з хаты, але я пастараюся ў новым годзе замаліць, загладзіць сваю віну. Хочаце, стану на калені? Толькі пашкадуйце мяне – даруйце… Не магу жыць без вас. Калі не супраць — вяртайцеся назад.
Соф’я Піліпаўна не магла стрымаць слёз – заплакала, уткнуўшыся тварам у сынавы грудзі. Сцёпка абняў маці, прытуліў да сябе і не ведаў, якія словы знайсці, каб суцешыць яе.
Мікола ПАДАБЕД,
г. Бялынічы.

←На 53 году жизни умер режиссёр «Спокойной ночи, малыши!»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика