Упрыгожвай тое месца, дзе ты жывеш
Маленькая Радзіма, у лепшае ўсё верыцца,
Палёў бясконцы водар і моцны шум дубраў,
Маленькая радзіма, дзе поспех першых спраў…
Радзіма! Якая асалода ідзе ад гэтага слова! Колькі пяшчоты, радасці, шчасця яно выклікае! Немагчыма словамі перадаць тыя пачуцці, якія мы трымаем у сваіх сэрцах, калі гаворка ідзе аб Радзіме. Радзіма – гэта месца, дзе мы нарадзіліся, дзе жывуць або жылі нашы бацькі і родныя, дзе прайшло наша дзяцінства, а, можа, і ўсё жыццё. Мая малая Радзіма - Шчучыншчына, а ўжо трыдцаць год жыву на Сморгоншчыне пад дывізам: упрыгожвай тое месца, дзе ты жывеш. Родныя мясціны натхняюць на напісанне вось такіх паэтычных радкоў:
Маленькая Радзіма, дзе тата з мамай ёсць,
Маленькая Радзіма, вясковец – лепшы госць,
Дзе вее моцны ветрык, ад яблынь смачны пах,
Маленькая Радзіма, там незнаёмы страх.
Маленькая Радзіма, акно і куст жасміна,
Прыгожая сястра Яніна,
Маленькая Радзіма, маленькая Радзіма…
У людзей складвацца лёс па-рознаму: хтосьці вымушаны пакінуць сваю маленькую Радзіму, а іншыя і наогул жывуць далёка за яе межамі. Але для ўсіх людзей гэта самы дарагі куточак на Зямлі. І чым сталейшымі мы становімся, тым больш нас вабіць нейкая сіла ў тыя месцы, адкуль усё пачалося. Ведаеце, я раблю выснову, што, пакідаючы сваю Радзіму, мы пакідаем там часцінку сваёй душы, і менавіта яна нас кліча і кліча ў далёкае мілае. А наведаўшы яе, мы атрымліваем столькі фізічных і маральных сіл, столькі жыццёвай энергіі і душэўнага пакою, што ўсяго гэтага хапае нам надоўга. Яна нас чакае, каб абнавіць, адрадзіць, а, можа, і яшчэ, каб напомніць нам аб сэнсе жыцця.
А ў чым жа сэнс жыцця? Чаму нас вучылі бацькі, настаўнікі і проста старэйшыя людзі? Вучылі тварыць, любіць, паважаць, шанаваць, аберагаць свой народ і ўсё прыгожае, што нас акружае. Усе гэтыя словы павінны стаць ключавымі ў нашай свядомасці. Наша жыццёвая пазіцыя павінна быць актыўнай, сучаснай і разумнай. Кожны чалавек абавязаны з любоўю і адказнасцю адносіцца да тых месцін, дзе нарадзіўся і дзе жыве. З дзяцінства мы павінны выхоўваць беражлівыя адносіны да навакольнага свету, прывіваць экалагічную культуру. Вельмі шмат застаецца нявырашаных праблем, звязаных з экалагічнай культурай, з добраўпарадкаваннем тэрыторыі каля жылых хат і хат жыхароў , якія адышлі ў вечнасць. Усё гэта нас павінны засмучаць, таму што гэтыя маўклівыя сведкі мінулага не надаюць прыгажосці нашым родным мясцінам, а наадварот. Радуецца сэрца, калі бацькоўскія хаціны стаяць не асірацелыя, а выкарыстоўваюць як дачы, іх даглядаюць дзеці і ўнукі, садзяць кветнікі, абкошваюць бур’яны, не ствараюць сметнікі.
Па прыгожых краявідах
Шмат рачулак удалеч льецца,
У нас балот, азёр бясконца…
Сінявокай Радзіма завецца.
Прыгажосць – багацце наша… Давайце не страцім наша нацыянальнае багацце і не загубім прыгажосць нашых мясцін. Разам будзем рабіць усё, каб квітнелі нашыя гарады, нашыя вёсачкі і кожны асабісты дворык.
І станем мы чысцей і святлей сваімі ўчынкамі і сваёй душой. Як не любавацца нашымі блакітнымі азёрамі, рамонкавымі лугамі ды васільковымі палямі….
Хто сказаў, што няма ў нас мора?
Той проста памыляецца,
У хвалях ільну і васількоў
Наш народ купаецца.
Падыходзіць да завяршэння 2018 год, абвешчаны годам малой Радзімы. Але наперадзе яшчэ шмат важных спраў. Кожны з нас хай зробіць для сябе выснову, што карыснае ён зрабіў у апошні час для таго куточка зямлі, дзе нарадзіўся, і таго, дзе жыве. Усё пачынаецца з малога, і справы добрыя таксама. Давайце любіць, берагчы, шанаваць і рабіць усё, каб яшчэ прыгажэйшай была наша краіна, бо яна самая-самая наймілейшая ў свеце!.
Няма мілей за нашу краіну
Ва ўсім белым свеце!
Слава сусветная аб Беларусі
Ходзіць па нашай планеце!
Алена Іванаўна ЯРОЎСКАЯ, настаўніца геаграфіі ДУА “ВПК Войстамскі яслі-сад - базавая школа”.