Оживлённо и с полемикой прошёл очередной пленум Ушачского районного совета ветеранов

Источник материала:  
07.12.2018 — Разное

Напэўна, рэдка якое мерапрыемства грамадскіх арганізацый праходзіць настолькі ажыўлена і палемічна, як сходы Ушацкага раённага савета ветэранаў. Моцным фундаментам грамадства са знакам якасці “Зроблена ў СССР” назвала прадстаўнікоў гэтай суполкі намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч, адрасуючы прывітальныя словы ўдзельнікам чарговага пленума. І сапраўды, гэта людзі, якім да ўсяго ёсць справа, а іх актыўнасці і няўрымслівасці можа пазайздросціць і маладзейшае пакаленне.

Пачалося ж пасяджэнне з падвядзення вынікаў сёлетняй работы ўшацкай ветэранскай арганізацыі. І адразу варта зазначыць, што была яна актыўнай і плённай. Амаль год у руля арганізацыі стаіць Ніна Аляксандраўна Васілеўская – і можна канстатаваць, што з выбарам свайго важака ўшацкія ветэраны не памыліліся.

Па дэмаграфічнай структуры наш раён не назавеш маладым: пажылыя людзі складаюць больш трэці насельніцтва, а членамі 35 ветэранскіх пярвічак на пачатак года з’яўляліся 2832 чалавекі. На цяперашнім этапе праходзіць удакладненне структуры раённай арганізацыі: далучаюцца да суседніх пярвічкі, якія не маюць юрыдычнага адрасу, ставяцца на ўлік тыя, што працуюць, але не былі зарэгістраваны.Оживлённо и с полемикой прошёл очередной пленум Ушачского районного совета ветеранов

Галоўная мэта дзейнасці – павышэнне якасці жыцця ветэранаў вайны (іх у раёне засталося 16) і працы. Для яе вырашэння савет цесна супрацоўнічае з органамі ўлады, ТЦСАН, райбальніцай, аналізуе звароты пажылых грамадзян. Так, за 10 месяцаў у раённы савет ветэранаў звярнулася 24 чалавекі, пытанні якіх датычыліся медыцынскага і жыллёва-камунальнага абслугоўвання, выдзялення пуцёвак і іншых тэм. Па запытах грамадскай арганізацыі было ўбрана некалькі дрэў на могілках у райцэнтры, а таксама ў двары ветэрана вайны Веры Кузьмінічны Дзямешкі, абсталяваны металічныя поручні ля пад’езду шматпавярхоўкі, дзе пражываюць пажылыя людзі, занесены ў электронны варыянт кнігі “Памяць” ветэран вайны Уладзімір Анісімавіч Шаўчэнка. Усе звароты ўзяты на кантроль.

Наладжана ўзаемадзеянне з раённым аб’яднаннем прафсаюзаў, райкамам БРСМ, іншымі грамадскімі арганізацыямі. Так, сёлета былі арганізаваны сумесныя віншаванні з юбілейнымі датамі ветэранаў вайны Кацярыны Рыгораўны Клыпа, Кацярыны Мікалаеўны Васілеўскай, Дзям’яна Уладзіміравіча Крупені, старшынь і актывістаў некалькіх ветэранскіх пярвічак, якім былі ўручаны падарункі. Аднак не ўсе прафсаюзныя арганізацыі ідуць насустрач у падобнай справе, матывуючы гэта адсутнасцю сродкаў.

Актыўна ўдзельнічалі ветэранскія арганізацыі ў правядзенні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў, былі назіральнікамі на ўчастках, уваходзілі ў склад камісій. Па выніках выбараў 2 ветэраны працы абраны ў райсавет, 11 – у сельскія Саветы дэпутатаў. Ветэраны актыўна здаюць узносы ў Фонд міру, які ў сваю чаргу заўсёды падтрымлівае ініцыятывы па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны, удзельнічаюць ва ўсіх грамадска-палітычных і культурных мерапрыемствах, што праводзяцца ў раёне, задаюць тон у добраўпарадкаванні сядзіб. Сёлета савет ветэранаў арганізаваў шэраг цікавых мерапрыемстваў: сустрэчу з калегамі з Глыбокага, паездкі на “Вішнёвы фестываль”, у Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, на “Славянскі базар у Віцебску”. Сярод ветэранаў працы шмат актыўных людзей, якія зацікаўліваюць іншых карыснымі справамі. У ліку такіх – кіраўнік шахматна-шашачнага клуба У.М.Верлаў, Т.Л.Клопава, дзякуючы якой створана спартыўная група “Імпульс”, кіраўнік клуба “Ветэран” І.С.Клімава. Вельмі змястоўна праходзяць пасяджэнні аб’яднанняў “Ушачане” і “Надзея” – пра дзейнасць апошняга Л.М.Цяцерка расказала на пленуме ў вершаванай форме. Гурткі для сталай аўдыторыі працуюць у Арэхаўскім, Матырынскім СДК, але ёсць сельскія ўстановы, дзе гэта работа не вельмі актыўная.Оживлённо и с полемикой прошёл очередной пленум Ушачского районного совета ветеранов

Што датычыцца планаў на будучы год, то, па меркаванні Н.А.Васілеўскай, адным з галоўных напрамкаў работы арганізацыі будзе падрыхтоўка да святкавання 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іншых знакавых дат. Шмат у арганізацыі і яе лідара цікавых задум і па іншых сферах дзейнасці.

Вядуць за сабой

Людзі, якія ўзначальваюць ветэранскія пярвічкі, карыстаюцца аўтарытэтам у былых калег і аднавяскоўцаў, праблемы якіх успрымаюць, як уласныя. Што пацвердзілі і іх выступленні на пленуме. Вялікадолецкая арганізацыя, якой кіруе Ніна Міхайлаўна Піскун, – адна з самых буйных – у яе складзе 426 чалавек. Гэту пярвічку можна вылучыць у якасці прыкладу эфектыўнай сумеснай работы з мясцовымі ўстановамі і арганізацыямі. Догляд за 13 месцамі воінскай славы, дапамога ветэранам у апрацоўцы агародаў, рамонце печаў, забеспячэнні палівам – гэтыя і іншыя пытанні дапамагаюць вырашаць КУСГП “Вялікадолецкае”, школа, лясніцтва, пост МНС. Па словах Ніны Міхайлаўны, практычна не ўзнікае ў вяскоўцаў праблем з гандлёвым і медыцынскім абслугоўваннем, а вось работа мясцовага СДК патрабуе ўдасканалення і належнай увагі да арганізацыі вольнага часу пенсіянераў – у прыватнасці, не было арганізавана ніякага мерапрыемства да сёлетняга Дня пажылых людзей.

Адваротную характарыстыку мясцовага клуба давялося пачуць ад старшыні Дубраўскай пярвічкі Алены Захараўны Кучко: гэта ўстанова – сапраўдны цэнтр тутэйшага жыцця, а пажылыя вяскоўкі ў клубе “Жаночае шчасце” займаюцца аэробікай, рукадзеллем, кветкаводствам. Ветэранская арганізацыя ўзяла на сябе клопат пра мясцовую царкву: пенсіянеры падтрымліваюць парадак у пабудове і двары.

Супрацоўніцтва паміж сельвыканкамам, сельгаспрадпрыемствам, Жарскай, Старасельскай і Ільюшынскай ветэранскімі пярвічкамі (кіраўнікі – Т.І.Макрыдзіна, Г.І.Марковіч, Т.В.Аўтух) дапамагае расквечваць будні і святы пажылых вяскоўцаў населеных пунктаў Жарскага сельсавета. Пра гэта расказала яго старшыня С.Ц.Міхейка.

Пра клопат аб пажылых людзях распавялі загадчык ТЦСАН А.У.Хвашчэўская і намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Н.В.Дрозд. Важную ролю ветэранскай арганізацыі ў грамадска-палітычным жыцці, патрыятычным выхаванні моладзі падкрэсліў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі В.П.Котаў. Сумесную работу прафесійных саюзаў і ветэранскай арганізацыі прааналізавала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў М.А.Шаўчэнка.

І, вядома ж, самым прыемным момантам стала ўзнагароджанне актывістаў арганізацыі, Граматы і Падзякі старшыні райвыканкама атрымалі член прэзідыума савета ветэранаў Святлана Сямёнаўна Пятроўская, старшыні пярвічак Ніна Васільеўна Кірпічонак (Вяркуды), Ніна Іванаўна Лемешава (Белпошта), Іван Іванавіч Ярмош (Градзянец), Алена Захараўна Кучко і Тамара Іванаўна Макрыдзіна. Людміла Сафонаўна Пацэйка (Слабада) атрымала букет і падарунак з нагоды юбілею.

Цікавіць літаральна ўсё

Пункт павесткі дня “Рознае” не заўсёды прадугледжвае бурныя дэбаты. Але гэта быў якраз той выпадак, калі людзі ад свайго імя і па даручэнні членаў пярвічак актыўна агучвалі як прыватныя, так і грамадскія праблемы. Пра неабходнасць увекавечання памяці Васіля Быкава ў назве адной з вуліц райцэнтра і ўстанаўлення мемарыяльнага знака на месцы пахавання герояў вайны Машчовых казалі В.А.Стрыжонак і старшыня пярвічкі Ушацкай школы С.Т.Белавусаў.

Хвалюючае многіх пытанне закрыцця гарадской лазні агучыў У.І.Мамаеў. Па ім старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч патлумачыла, што рашэннем кампетэнтных службаў памяшканне лазні прызнана аварыйным і не падлягаючым рамонту. Сродкаў, каб распачаць будаўніцтва новага, у раёне пакуль няма: вялікія сумы патрэбны найперш на завяршэнне сацыяльных аб’ектаў – школы мастацтваў, дзіцячага сада. Але ж злабадзённасць праблемы мясцовыя ўлады ўсведамляюць і будуць шукаць шляхі яе вырашэння.

Важнае для жыхароў Двор Пліна пытанне агучыла К.Ф.Касцюковіч: у мясцовым водаправодзе вада ў разы перавышае нормы па ўтрыманні жалеза. Зразумела, што будаўніцтва станцыі абезжалезвання наўрад ці можа быць блізкай перспектывай, таму вяскоўцы прапануюць хаця б пачысціць воданапорную вежу, а пакуль браць з іх аплату за ваду па меншых расцэнках – як за тэхнічную. Слушную прапанову ад імя жыхароў Градзянца ўнёс І.І.Ярмош – скарэктаваць маршрут гарадскога аўтобуса, каб ён хадзіў ад ільнозавода да Градзянца па вуліцах Аніса Клопава і Азёрнай, дзе жыве нямала дзяцей і пенсіянераў. Актуальнае для многіх пытанне нарыхтоўкі дроў узняў С.Д.Хадан (Глыбачка). У прыватнасці, ён лічыць, што для некаторых пенсіянераў кошт, па якім рэалізуецца гатовае паліва, занадта дарагі. У гэтай сувязі Н.М.Марковіч прапанавала звяртацца ў ТЦСАН, спецыялісты якога разгледзяць магчымасць аказання пенсіянеру аднаразовай дапамогі. У.В.Зыранаў агучыў даўнюю праблему хору ветэранаў, які з-за адсутнасці ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі вялікага аўтобуса не можа ладзіць выязныя канцэрты. Начальнік аддзела В.П.Котаў абнадзеіў удзельнікаў калектыву паведамленнем, што разглядаецца магчымасць перадачы культработнікам аднаго са школьных аўтобусаў, тэрмін эксплуатацыі якога ўжо не дазваляе выкарыстоўваць транспарт для перавозкі дзяцей.

Шэраг медыцынскіх пытанняў ад членаў ветэранскай арганізацыі ПМС задаў яе старшыня В.П.Кароткі. На асобныя з іх Н.В.Дрозд адказала падчас пасяджэння, а некаторыя абмеркавала непасрэдна з Віктарам Пятровічам. Так, напрыклад, яна патлумачыла, што падчас званка ў “хуткую дапамогу” медработнік цікавіцца ўзростам пацыента выключна таму, што такі пункт пазначаны ў анкеце выкліку. Калі ж у пажылога пацыента ёсць меркаванне, што яму адмовілі ў шпіталізацыі з-за ўзросту, пра такі факт варта паведаміць адміністрацыі. В.П.Кароткі таксама выказаў пажаданне, каб ЦРБ нейкім чынам інфармавала пенсіянераў, што прыходзяць на прыём, колькі будуць каштаваць у аптэцы лекі айчыннай вытворчасці і іх імпартныя аналагі, каб тыя разлічвалі свае фінансавыя магчымасці. Для гэтага Наталія Васільеўна прапанавала завесці журнал кошту асноўных прэпаратаў, інфармацыя ў якім будзе аператыўна абнаўляцца, і пакласці яго ў даступным месцы.

* * *

Як бачна, справаздачнае мерапрыемства атрымалася не толькі інфармацыйна насычаным, але і канструктыўным, і ў чарговы раз пацвердзіла, што клопат пра ветэранаў, пажылых людзей з’яўляецца прыярытэтам палітыкі нашай дзяржавы.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

←Беларусь претендует на увеличение доли от распределения ввозных пошлин в ЕАЭС

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика