Маленькія чытачы Кобрынскай бібліятэкі сустрэліся з дзіцячым пісьменнікам Валерыем Квілорыя

Источник материала:  
06.12.2018 — Разное

Крок да знакамітасці

Нават каб напісаць адно невялікае апавяданне або казку для самага маленькага чытача, трэба веды, а каб стаць знакамітым і ствараць шэдэўры, пісьменнік павінен пастаянна развівацца, валодаць інфармацыяй з розных галін навукі і мастацтва. Гэтую думку, агучаную лаўрэатам і дыпламантам шматлікіх міжнародных літаратурных конкурсаў дзіцячым пісьменнікам Валерыем Квілорыя ў час сустрэчы, арганізаванай супрацоўнікамі Кобрынскай раённай дзіцячай бібліятэкі, добра засвоілі маленькія слухачы. Гутарка, якая прайшла на адным дыханні, не пакінула раўнадушным вялікую колькасць прысутных, да якой далучыліся і не толькі дзеці, а і ўсе, хто апынуўся ў гэты час у бібліятэцы.

Маленькія чытачы Кобрынскай бібліятэкі сустрэліся з дзіцячым пісьменнікам Валерыем Квілорыя

Калі гаварыць пра героя сустрэчы і ўласныя веды, то яго ўменне трымаць аўдыторыю, а тым больш, калі гэта — маленькія слухачы, увагу якіх цяжка сканцэнтраваць надоўга нават у сілу іх фізіялагічных асаблівасцяў, якраз-такі і сведчыць пра шырокі кругагляд пісьменніка, яго энцыклапеднасць, эрудыцыю і добрае веданне псіхалогіі дзяцей.

Ураджэнец украінскага горада Херсона, з грузінскімі і беларускімі каранямі Валерый Тамазавіч жыве ў Мінску даўно і ўжо лічыць сябе ў душы чалавекам Сусвету. Шлях у літаратуру яго быў доўгім –першы свой твор ён напісаў у даволі сталым па пісьменніцкіх мерках узросце –у дваццаць гадоў. Але лёс заўсёды веведзе чалавека на свой шлях, нават калі прыйдзецца ісці некаторы час не па той дарозе. Так і Валерый Тамазавіч: каб зразумець, што яго наканаванне – несці станоўчыя эмоцыі і добры настрой дзецям, выхоўваючы  іх праз творы, прыйшлося павучыцца на ветэрынара. Любы вопыт – гэта вопыт, і з яго трэба ўзяць як мага больш карысці, а не шкадаваць, што марна патраціў час, лічыць пісьменнік.

Калі дзеці з задавальненнем слухалі творы пісьменніка, яго аповед пра шлях да творчасці, крыніцу натхнення, пошукі  ідэй і вобразаў, а ў гэтым добрым дарадцам, падказчыкам і нават прататыпам многіх твораў з’яўляецца шасцігадовы сын Міша, то самога аўтара ўразілі яго маленькія слухачы. Іх пытанні былі настолькі глыбокімі і рознабаковымі, што Валерый Тамазавіч не мог не падкрэсліць цікаўнасць і начытанасць сваёй аўдыторыі.

Але вось на пытанне, што адрознівае іх ад дарослых, малыя хоць і прывялі шмат прыкладаў, галоўнага не адзначылі. Жыццёвы вопыт — так, яго ў іх пакуль што няма. Ён прыйдзе з гадамі і толькі да тых, хто ўмее вучыцца і слухаць, думаць і аналізаваць, хто імкнецца адкрыць для сябе Сусвет і пабудаваць правільную мадэль паводзінаў у грамадстве нават праз жартоўныя ўчынкі і  дзіцячыя разважанні дасціпных і такіх зразумелых для любога ўзросту герояў Квілорыі Шуркі і Леркі.

Акрамя стварэння ўласных твораў Валерый Квілорыя займаецца выдавецтвам кніг для дзяцей іншых аўтараў. Прэзентацыя твораў  Юрыя Палякова, Крысціны Стрэльнікавай і інш. выклікала ў школьнікаў не меншую цікавасць, а расказ, як створанае  за школьнай партай апавяданне можа трапіць у друкарню і знайсці свайго чытача, магчыма, падштурхне кагосьці з дзяцей з вялікай фантазіяй зрабіць свой першы крок да знакамітасці.

Алена БАКУН.

НА ЗДЫМКУ аўтара: Валерый Квілорыя  з вучнямі гімназіі г.Кобрына.

←Лукашенко уже в Санкт-Петербурге

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика