Умеет найти подход к клиентам.18 лет в страховой отрасли трудится Лидия Малахова
Нягледзячы на свой працоўны водпуск, Лідзія Мікалаеўна Малахава выйшла на работу, каб давесці да ладу распачатыя справы. Такі ўжо прынцып у аднаго з лепшых агентаў аддзела па аказанні страхавых паслуг па Ушацкім раёне – рабіць усё якасна, дасканальна і своечасова.
Як жа без страхоўкі? У гэтым вось ужо на працягу 18 гадоў жанчына пераконвае сваіх кліентаў з 19 населеных пунктаў раёна, сярод якіх і блізкія ад Ушач Лутава з Кавалеўшчынай, і буйное Арэхаўна, і аддаленыя Вяркуды.
Мала хто задумваецца, што за кожнай лічбай, якая характарызуе зробленае, стаіць вялікая работа з патэнцыяльнымі кліентамі, пастаянныя раз’езды, уменне пераканаць, што рацыянальны чалавек сёння абавязкова застрахуе сябе, маёмасць, каб быць упэўненым у заўтрашнім дні. Акрамя таго ў прадстаўніка гэтай прафесіі, як кажуць, у руках павінна ўсё гарэць, трэба быць яшчэ і тонкім псіхолагам. Лідзія Мікалаеўна ўмее знайсці падыход да кожнага, прывесці патрэбныя словы і прыклады. Найчасцей яе кліенты страхуюць свае пабудовы і маёмасць. Зразумела, што за гэтыя гады для многіх яна стала сваім чалавекам. Знаходзіць жанчына і новых страхавальнікаў: на яе ўчастку нямала вёсак, аблюбаваных дачнікамі, а яны заўсёды ў ліку актыўных кліентаў.
– Даўно ўжо выпрацавала своеасаблівы план работы, загадзя нагадваю людзям аб заканчэнні страхоўкі, іду насустрач кожнаму, падстройваюся пад пенсію ці зарплату. Здаецца, ужо нават да злых сабак на некаторых сядзібах знайшла падыход, – усміхаецца Л.М.Малахава. – Шчыра кажучы, нават не бачу ў рабоце ніякіх складаных момантаў і зусім не шкадую, што ў свой час пераступіла парог гэтай арганізацыі.
Зрэшты, пра прафесію страхоўшчыка Лідзія Мікалаеўна калісьці нават і не думала. Па спецыяльнасці яна бухгалтар, а ў працоўнай біяграфіі ёсць і перыяд, калі займалася… будаўнічай работай! Так склалася, што працуючы ў ПМК-66, вырашыла змяніць накірунак дзейнасці і хутка асвоіла новую для сябе справу маляра. Напамінам жа пра тыя часы зараз з’яўляюцца аб’екты, узведзеныя пры яе ўдзеле: Арэхаўская школа, шматпавярхоўка якраз насупраць будынка дзяржстраха.
А ў першыя дні работы ў страхаванні, сціплая і надзвычай спакойная, яна выклікала сумненне ў сваіх новых калег, што зможа працаваць рэзультатыўна, бо, як вядома, прафесія агента патрабуе актыўнасці, упартасці і камунікабельнасці. Не кожнаму па плячы такія задачы. Але жанчына хутка развеяла недавер, выдатна выконваючы даведзеныя планы.
– Яе ніколі не чутна, але бачна па паказчыках, – адзначае начальнік аддзела Т.В.Зімніцкая. – Менавіта такіх людзей характарызуюць ёмістым словам прафесіянал, і асабісты ўклад Л.М.Малахавай у агульную справу на працягу гэтых гадоў досыць важкі.
Вольга КАМАРКОВА.