Дзеці вучацца размаўляць на роднай мове
Дзень роднай мовы прайшоў у Прыдзвінска-Бароўскім дзіцячым садку.
Найважнейшым сродкам развіцця асобы дзіцяці з’яўляецца родная мова, якая, паводле слоў народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, з’яўляецца першай крыніцай, “праз якую мы пазнаем жыццё і навакольны свет”.
Авалодванне беларускай мовай складае адзін з асноўных элементаў фарміравання асобы дзіцяці, засваення ім пачаткаў нацыянальнай культуры. У дзіцячым садку выхавальнік імкнецца даць дзецям радасць, задавальненне пры авалодванні беларускай мовай і захаваць станоўчую матывацыю яе засваення.
Цікава і пазнавальна прайшоў Дзень беларускай мовы ў групе № 2 Прыдзінска-Бароўскага дзіцячага садка — дзеці прадоўжылі знаёмства з роднай мовай. Яны не толькі размаўлялі з выхавальнікам, а яшчэ чыталі вершы, складалі невялічкія апавяданні, спявалі беларускія песні, гулялі ў беларускія гульні, танцавалі беларускую польку. А самым смачным было каштаванне дранікаў з бульбы – сапраўднай беларускай стравы!