1 студзеня 2019 года будзе адзначацца стагоддзе абвяшчэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі

Источник материала:  
26.11.2018 — Разное

1 студзеня 2019 года будзе адзначацца стагоддзе абвяшчэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі З БССР звязана цэлая эпоха ў гісторыі нашай краіны, эпоха адраджэння ўсіх сфер жыцця беларускага грамадства. За гэты перыяд рэспубліка прайшла складаны і драматычны шлях свайго развіцця, ператварылася з адсталага аграрнага ўскрайку былой царскай Расіі ў высокаразвітую рэспубліку.

Пасля вызвалення тэрыторыі Беларусі ад нямецкіх акупантаў у 1918 годзе перад народам устала пытанне аб стварэнні ўласнай дзяржаўнасці. Працэс дзяржаўнага будаўніцтва праходзіў у Беларусі ў складаных умовах. Камісія Усерасійскага цэнтральнага выканаўчага камітэта РСФСР прапанавала на тэрыторыі былой Расійскай імперыі ліквідаваць нацыянальны падзел і стварыць, акрамя Маскоўскай, яшчэ тры вобласці (Камуны): Заходнюю, Паўночную і Уральскую. У Заходнюю вобласць планавалі ўключыць Смаленскую, Віцебскую, Магілёўскую, Чарнігаўскую, Мінскую, Віленскую і Ковенскую губерніі з цэнтрам у Мінску.

Гэту пазіцыю падтрымлівалі і кіраўнікі Паўночна-Заходняга абкама РКП(б), аблвыканкама і СНК Заходняй вобласці і фронту. Яны лічылі Беларусь тэрытарыяльнай адзінкай РСФСР. Так, сакратар Паўночна-Заходняга абкама Вільгельм Кнорын адзначаў, што беларусы не з’яўляюцца нацыяй, а тыя этнаграфічныя асаблівасці, якія адрозніваюць іх ад рускіх, павінны быць ліквідаваны. На яго думку, першачарговай задачай для савецкага кіраўніцтва было не стварэнне новых нацый, а ліквідацыя старых нацыянальных перашкод.

Супрацьлеглую пазіцыю па пытанні аб нацыянальным лёсе Беларусі адстойваў Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацкам), створаны ў студзені 1918 года пры Народным камісарыяце РСФСР. Кіраўнікі Белнацкама Аляксандр Чарвякоў і Зміцер Жылуновіч лічылі неабходным стварэнне БССР і наладжванне цесных сувязей з РСФСР на прынцыпах аўтаноміі. Гэту пазіцыю падтрымлівала Цэнтральнае бюро беларускіх секцый РКП(б), арганізаванае з бежанцаў-беларусаў у розных гарадах Расіі.

Пасля таго як былі аб’яўлены дэкрэты СНК РСФСР аб прызнанні незалежнасці Эстоніі, Латвіі і Літвы ў газеце Белнацкама “Дзянніца” 19 лістапада 1918 года з’явілася публікацыя Зміцера Жылуновіча “Как же с Беларусью?”. У ёй абвінавачваліся ў абыякавасці да лёсу Беларусі Народны камісар РСФСР па справах нацыянальнасцей Іосіф Сталін і кіраўнікі Заходняй вобласці. У такіх абставінах па ініцыятыве Уладзіміра Леніна пытанне аб лёсе беларускай дзяржаўнасці стала прадметам неадкладнага разгляду ў ЦК РКП(б). 24 снежня 1918 года было прынята рашэнне аб стварэнні Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусіі — ССРБ. І толькі ў 1927 годзе гэта найменне было зменена на звыклае для нас — БССР.

27 снежня 1918 года Іосіф Сталін правёў нараду з удзелам работнікаў Белнацкама, ЦБ беларускіх секцый і прадстаўнікоў Паўночна-Заходняга абкама РКП(б). На ім былі разгледжаны пытанні аб фарміраванні ўраду Савецкай Беларусіі, вызначэнні яе межаў. Зміцеру Жылуновічу і Аляксандру Чарвякову даручылі падрыхтаваць Маніфест Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўраду.

30 снежня 1918 года ў Смаленску пачала сваю работу VІ Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б). Яна прыняла рэзалюцыю аб абвяшчэнні Беларускай Савецкай Рэспублікі ў складзе Мінскай, Магілёўскай і Гродзенскай губерній (цалкам), Віцебскай губерніі (часткова), а таксама некаторых паветаў Смаленскай, Ковенскай, Віленскай, Сувалкаўскай і Чарнігаўскай губерній, дзе пераважна пражывалі беларусы. Канферэнцыя абвясціла сябе Першым з’ездам Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусіі (КП(б)Б) і выбрала кіруючы орган — Цэнтральнае бюро КП(б)Б. Старшынёй Прэзідыума стаў Аляксандр Мяснікоў. Кіраўніком Часовага рабоча-сялянскага Савецкага ўрада Беларусіі назначаны Зміцер Жылуновіч.

1 студзеня 1919 года Часовы ўрад Беларусіі надрукаваў Маніфест, які абвясціў стварэнне БССР у межах этнічнага пражывання беларусаў. Заходняя вобласць РСФСР ліквідавалася. 5 студзеня 1919 года ўрад БССР і ЦБ КП(б)Б пераехалі са Смаленска ў Мінск, які з гэтага часу стаў сталіцай БССР.

У пачатку 1919 года кіраўніцтва Польшчы пачало падрыхтоўку да вайны з Савецкай Расіяй. Улічваючы прэтэнзіі палякаў на заходнюю частку Беларусі і Літву, ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб вывадзе са складу БССР Смаленскай, Віцебскай і Магілёўскай губерній і далучэнні іх да РСФСР, а Мінскую і Гродзенскую губерніі вырашана было аб’яднаць з Літоўскай ССР. Стварылася буферная дзяржава паміж Расіяй і Польшчай.

2—3 лютага 1919 года адбыўся Першы Усебеларускі з’езд Саветаў. Ён прыняў Канстытуцыю БССР, савецкую форму ўлады і асноўныя прынцыпы сацыялістычнага ладу. 27 снежня таго ж года Літва і Беларусь аб’ядналіся ў Літоўска-Беларускую ССР (Літбел) са сталіцай у Вільні. Літбел спыніла сваё існаванне ў сувязі з захопам польскімі войскамі яе тэрыторыі ў ходзе савецка-польскай вайны.

13 ліпеня 1919 года на нарадзе кіруючых работнікаў Літбел у Мінску Іосіф Сталін абвясціў рашэнне ЦК РКП(б) аб ліквідацыі Літбел і перадачы ўлады на неакупіраванай частцы тэрыторыі Мінскаму губернскаму рэвалюцыйнаму камітэту.

Беларуская дзяржаўнасць была адноўлена 31 ліпеня 1920 года пасля вызвалення тэрыторыі Беларусі ад польскай акупацыі. Гэта падзея ўвайшла ў гісторыю як другое абвяшчэнне ССРБ (БССР). Канчаткова тэрыторыя сучаснай Беларусі сфарміравалася восенню 1939 года у выніку ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Оставить комментарий

Яндекс.Метрика