Здарэнні. Крымінал

Источник материала:  
19.11.2018 — Разное
Здарэнні. КрыміналЗдарэнні. Крымінал
Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.
Бензапілы
Ад старшага майстра ПМК-70 у РАУС паступіла паведамленне пра тое, што ў сталярным цэху і цэху жалезабетонных вырабаў невядомыя злодзеі разбілі аконнае шкло, пашкодзілі замок і праніклі ў памяшканне. Адтуль прапалі дзве бензапілы “Штыль”, зварачны апарат, электрадрыль, вуглавая шліфавальная машынка. Агульны ўрон, нанесены прадпрыемству, склаў 1343 рублі. Узбуджана крымінальная справа, злодзеі вышукваюцца.
Угон
У міліцыю звярнуўся жыхар в. Ляжні, які расказаў, што ад яго дома ўгналі службовы аўтамабіль “Волга”. Па гарачых слядах аўто было знойдзена. Як высветлілася, а трэцяй гадзіне ночы непрацуючы мясцовы жыхар і навучэнец Ульскага ліцэю (таксама з Ляжнёў), знаходзячыся ў нецвярозым стане, вырашылі пакатацца на машыне. Але, праехаўшы некалькі метраў, не справіліся з кіраваннем і з’ехалі ў кювет. І з месца здарэння збеглі. Узбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 214 “Угон транспартнага сродку”. Угоншчыкам пагражае абмежаванне волі ад 2 да 5 гадоў або пазбаўленне волі ад 2 да 6 гадоў.
Грошы
Пенсіянерка з райцэнтра звярнулася да міліцыянераў з просьбай прыцягнуць да адказнасці суседку, якая без дазволу ўзяла яе банкаўскую картку і пакарысталася ёй. Супрацоўнікі РАУС устанавілі, што з чужой карткі было знята ў банкамаце 60 рублёў.  Суседцы пагражае штраф або папраўчыя работы на два гады, або абмежаванне  волі ці пазбаўленне волі да 5 гадоў.
Цыбуля
Жыхар Віцебска, які ў чарговы раз прыехаў на сваю дачу ў в. Стралкі, убачыў, што ў гаспадарчай пабудове выстаўлена аконная рама. Прапала 35 кг цыбулі, 40 кг часнаку, 2 кг журавін, ручнікі. Агульны ўрон склаў 60 рублёў. Узбуджана крымінальная справа, злодзеі вышукваюцца.
Са зводак ДАІ
Без правоў
Супрацоўнікі ДАІ на вуліцы Юбілейнай у Шуміліне спынілі жыхара райцэнтра, які кіраваў аўтамабілем “Ніва” без правоў (іх быў пазбаўлены на 5 гадоў у парадку грамадзянска-прававога кодэксу як даўжнік) . Мужчына прыцягнуты да адказнасці, яму пагражае штраф да 20 БВ.
“Матацыкліст”
Жыхар аг. Мікіціха раскатваў па аўтадарозе Віцебск-Полацк на асабістым матацыкле, не маючы пры гэтым страхоўкі, рэгістрацыі і правоў. На мужчыну складзены адміністрацыйны пратакол, яму пагражае штраф ад 50 да 100 БВ і пазбаўленне права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, на тры гады.
Разварот
Пенсіянер з Шуміліна, які кіраваў асабістым аўтамабілем ВАЗ-2101, пры развароце не ўступіў дарогу “Фальксвагену”, чым стварыў аварыйную абстаноўку на дарозе. Жыхарка райцэнтра, якая была за рулём “Фальсквагена”, была вымушана прыняць меры экстранага тармажэння. На гаспадара “Жыгулёў” складзены адміністрацыйны пратакол, пагражае штраф да 20 БВ.
Падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №90 ад 20.11.2018 г.
←"Фантастические твари" в 100 раз обогнали "Оверлорда". Топ кассовых фильмов недели в Минске

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика