Першы снег

Источник материала:  
19.11.2018 — Разное

Першы снег
На дыбачках, амаль нячутна, да зямлі падкраўся першы снег — раптоўны, не згаданы прыкметамі, хіба толькі прагнозам надвор’я. Клаўся на апалую лістоту лёгкай пярынай, не пакідаючы нават памяці пра лета. Вуліцы і паркі засерабрыліся ад пухнатых, асляпляльных сняжынак. Проста цудоўна: пайшоў снег, і адусюль адразу запахла ­зімой.
Першы снег… Мы яго чакалі доўга. Звычайна ён выпадае раней, а сёлета да сярэдзіны лістапада было бяс­снежжа, толькі пару разоў з неба падалі рэдкія сняжынкі, якія не даляталі да зямлі. Але, як бы мы ні чакалі першы снег, ён кожны раз здараецца нечакана, і кожны раз нібы ўпершыню ў жыцці. Колькі б табе ні было гадоў, радуешся яму, як дзіцяці, вочы га­раць, усмешка на твары. А снег усё ідзе і ідзе, хаваючы белым пакрывалам увесь гэты бруд, зжаўцелае лісце і боль, увесь той боль, што збіраўся ў душы. І вось ­глядзіш на гэты снег, і з’яўляецца на­дзея на нешта светлае і радаснае. Увогуле з першым снегам здаецца, што ўсё наша жыццё можа пачацца зноўку, з чыстага белага ліста.
Сапраўды, снег — адна з самых цудоўных з’яў. Вытанчаныя і непаўторныя сняжынкі ўмее ствараць усяго адзін мастак — прырода. І ніхто з нас не адрозніваецца прыгажосцю і ўнікальнасцю гэтых стварэнняў. А яшчэ першы снег — вяртанне ў дзяцінства, магчымасць зноў паверыць у казку, у тое, што свет выдатны і чысты. Не важна, што давялося ўбачыць і перажыць у лёсе, але самы першы, нясмелы снег, як і ў дзяцінстве, выклікае радасную ўсмешку. І яшчэ адчуванне таго, што хутка Новы год. Па вялікім рахунку, мы толькі і робім, што чакаем: то лета, то Новы год.
Я іду і ўсміхаюся, падстаўляючы твар бяз­важкім сняжынкам. Сёння выпаў першы снег, атуліўшы восеньскую непагадзь. Якое гэта ўсё ж шчасце, што ўсё зменліва ў наш век: восень змяняецца зімой, час не стаіць на месцы і нават марныя клопаты, якія абцяжарваюць нам жыццё, адыходзяць у нябыт… Неба, рассыпаючы белы дым, апранае апусцелыя дрэвы ў шалі з бялюткага пуху, упрыгожвае яшчэ з раніцы аголеныя сумныя бярозкі ў жамчужныя каралі, ліе вакол быццам вытканае са срэбра святло. А ў адказ з зямлі з бязважкім дымам імкнецца ўверх цяпло з пячных труб.
Мірыяды парашуцікаў-сняжынак – гэта веснікі зімы, яе “дэсант”, які яна ціха і неўпрыкметку скінула на нас. Магчыма, сняжынкам-“дэсантнікам” дастанецца роля адна­дзёнак, і яны яшчэ раста­нуць і ператворацца ў звычайныя лужыны. Але яны – гаранты таго, што праз пэўны час – тыдзень, месяц, што б ні здарылася, зіма прыдзе да нас з доўгачаканым снегам і марозамі.
А пакуль бязважкія віхурыкі замеці засерабрылі вуліцы і завулкі. Змярканнем аціхае дзень. Першы снег, устрывожаны лёгкім ветрыкам, просіцца на начлег пад дахі і паветкі ля дамоў. Хутка пад вулічнымі ліхтарамі і аконным святлом ён зайграе, заіскрыцца мільёнамі малюсенечкіх дыяментаў.
З першым снегам вас! І памятайце, як нехта сказаў, што зіма пачынаецца з першым снегам, але ж яна не скончыцца, пакуль усе не выкінуць навагоднія ёлкі…
С. ДЗМІТРЫЕЎ.

←Что будет со ставкой рефинансирования в 2019 году

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика