У Ваўкавыскім раёне ў ДТЗ загінуў адзін чалавек, чацвёра трапілі ў бальніцу
Фота: sudexpert.gov.by
У Ваўкавыскім раёне ў дарожна-транспартным здарэнні загінуў адзін чалавек, чацвёра трапілі ў бальніцу. Аўтааварыя адбылася каля 3-й гадзіны ночы 18 лістапада на 9-м кіламетры аўтадарогі "Ваўкавыск — Плябанаўцы — Дубаўцы". Аўтамабіль таксі Ford Galaxy раптоўна выехаў на паласу сустрэчнага руху (мяркуецца, што таксіст заснуў за рулём), дзе адбылося сутыкненне з Volkswagen Bora. З апошнім пасля сутыкнуўся Volkswagen Sharan, які рухаўся ззаду.
38-гадовы кіроўца Ford Galaxy ад атрыманых траўмаў памёр на месцы. 22-гадовая кіроўца Volkswagen Bora і трое яе пасажыраў (мужчыны ва ўзросце 24-25 гадоў) атрымалі траўмы і былі шпіталізаваныя (двое — у рэанімацыі). Кіроўца Volkswagen Sharan не пацярпеў. Вядома, што ўсе ўдзельнікі ДТЗ — жыхары Ваўкавыска.
Як інфармуе прэс-служба Следчага камітэта, крымінальную справу распачалі па факце парушэння правілаў дарожнага руху і эксплуатацыі транспартнага сродку, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў (ч. 2 арт. 317 КК). Праводзіцца расследаванне, прызначаныя экспертызы.