Кіроўца школьнага аўтобуса пад Чашнікамі насмерць збіў дзіця
Фота: УДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама
Трагедыя з удзелам дзіцяці адбылася ў Чашніцкім раёне Віцебшчыны. Кіроўца школьнага аўтобуса, рухаючыся заднім ходам, насмерць збіў дзіця, паведамляе БЕЛТА.
Гэта адбылося 15 лістапада каля 16:00 у вёсцы Забор'е. Кіроўца вёз дзяцей са школы і садка. У аўтобусе было 11 дзяцей і двое суправаджальнікаў. На прыпынку сямёра дзяцей выйшлі. Аўтобус даў задні ход, і ў нейкі момант кіроўца заўважыў, што наехаў на адно дзіця. Гэта быў пяцігадовы хлопчык, які памёр на месцы. Патлумачыць, як гэта здарылася, мужчына не змог.
Стаж кіроўцы ў яго складае 39 гадоў. Перад выездам ён прайшоў перадрэйсавы кантроль (медагляд і інструктаж). Усе неабходныя дакументы на аўтобус у парадку, транспарт спраўны. Аўтобус у той самы дзень прайшоў планавы тэхагляд. Таксама кіроўцу інструктавалі супрацоўнікі ДАІ пра асаблівасці ваджэння пры перавозцы дзяцей.
Па факце ДТЗ праводзіцца праверка. Следства выявіць усе акалічнасці смяротнага наезду.