Час маладосці ў сэрцы шаркаўчан – эпоха камсамола. Урачыстасць з нагоды стагоддзя са дня заснавання УЛКСМ адбылася ўчора ў раённым Цэнтры культуры
100- гадовы юбілей камсамола адзначалі ўчора у нашым гарадскім пасёлку. У першы дзень лістапада камсамольскае мінулае аб’яднала некалькі пакаленняў жыхароў шаркаўшчынскага краю на святочным мерапрыемстве ў раённым цэнтры культуры.
У многіх камсамол асацыіруецца з лепшым перыядам у жыцці — з маладосцю. За 73 гады дзейнасці УЛКСМ яго школу прайшлі каля 200 мільёнаў чалавек, у тым ліку і тысячы жыхароў нашага раёна. А на ўрачыстасць у нашым гарадскім пасёлку сабралася шмат людзей: для іх Усесаюзны ленінскі саюз моладзі стаў неад’емнай часткай жыцця і назаўсёды застаўся ў сэрцах і справах. А добрых і карысныхспраў у многіх пакаленняў маладых шаркаўчан і сапраўды было шмат. У свой час яны сталі важкім укладам у сацыцяльна-эканамічнае развіццё раёна. Дзякуючы камсамольцам у райцэнтры было распачата будаўніцтва гарадскога стадыёна. Немагчыма пераацаніць і значэнне самай моцнай маладзёжнай арганізацыі былога Савецкага Саюза для тысяч юнакоў і дзяўчат, якія ўваходзілі ў яе склад.За гады існавання УЛКСМ было закладзена шмат цудоўных традыцый. Большасць з іх засталіся актуальнымі і сёння. Назапашаны камсамольскі вопыт паспяхова выкарыстоўвае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.
Самая масавая маладзёжная арганізацыя былой Савецкай дзяржавы спыніла сваё існаванне ў 1991-м.
-І хоць гэты дзень не адзначаны чырвоным колерам у календары, ён па-ранейшаму застаўся значным у нашым жыцці,-адзначыў падчас святочнай урачыстасці ў РЦК старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама Дзмітрый Міхайлавіч Ламака. Кіраўнік раёна павіншаваў усіх, хто праз усё жыццё захаваў добрыя пачуцці да камсамольскага мінулага і хто па-ранейшаму адчувае ў сабе сілы , адказнасць і жаданне перадаваць свой бясцэнны вопыт маладому пакаленню. У сувязі са святкаваннем стагоддзя са дня заснавання Усесаюзнага ленінскага камуністычнага саюза моладзі былі ўзнагароджаны ветэраны камсамольскага руху.
Ганаровымі граматамі Шаркаўшчынскага раённага Савета дэпутатаў адзначаны: Георгій Мікалаевіч Дубоўскі і Ядзвіга Баляславаўна Чарвінская.
Ганаровую грамату Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Ламака ўручыў Ларысе Канстанцінаўне Чарняўскай.
Падзякі старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама аб’яўлены Алегу Фёдаравічу Ахрамёнку, Лідзіі Іванаўне Верашчака і Лідзіі Міхайлаўне Катовіч.
У дзень святочнай урачыстасці камсамольцы розных гадоў выходзілі на сцэну і дзяліліся сваімі ўспамінамі аб тым, які след пакінуў камсамол у іх жыцці.
“Маладосць у самым разгары, жыццё кіпіць і ўсё напоўнена адзіным духам. Адным словам камсамольскае юнацтва — адзін з самых лепшых перыядаў жыцця – такая думка гучала ва ўспамінах кожнага, хто пабываў у радах камсамольскай арганізацыі.
Вось і сучасная моладзь не засталася ў баку ад 100-гадовага юбілею камсамола. З адметнай гістарычнай датай ветэранаў камсамольскага руху павіншавалі ўдзельнікі спартыўнай секцыі таэквандо і іх кіраўнік, у мінулым 2 сакратар раённага камітэта камсамола Ігар Афанасьевіч Іваноў. Майстар-клас па дынамічным і відовішчным відзе спорту юнакі і дзяўчаты дэманстравалі прама на сцэне. А лепшыя юныя таэквандысты нашага раёна былі ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі сувенірамі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Сярод узнагароджаных Станіслаў Манулік, Яна Сініца, Дар’я Рагачэўская, Аляксандр Філіпёнак, Яўген Рагачэўскі і Іван Хвяцковіч.
З прыгожым юбілеем камсамольцаў усіх часоў павіншавалі першы сакратар Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі кампартыі Беларусі Мікалай Манкевіч, першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Міхаіл Пугаўка, прадстаўнікі літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак” Людміла Ардынская, Міледзій Кукуць і Надзея Вайцюль, кіраўнікі пярвічных прафсаюзных арганізацый раёна. Вельмі спадабаліся ўсім прысутным і выступленні сучаснай моладзі: прадстаўнікоў раённай піянерскай арганізацыі, удзельнікаў тэатра эстраднай песні “Маленькая фея” і юных музыкантаў шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў, калектыву моладзі Шаркаўшчынскай цэнтральнай раённай бальніцы, усіх салістаў і самадзейных артыстаў раённага цэнтра культуры.
Бліскуча са сваёй задачай справіліся і вядучыя святочнай урачыстасці: настаўнік Шаркаўшчынскай СШ № 1 Аляксандр Магаліцкі і метадыст па фальклору раённага цэнтра рамёстваў Алёна Сухаверская.
Тэкст Вольгі ЧАРНЯЎСКАЙ.
Фота Алены АНАНІЧ.