Сёлета раённае свята журавін, якое праводзіцца ў вёсцы Альманы з 2011 года, атрымала новы статус – міжнароднага фестывалю. І пройдзе ён 4 лістапада. Урачыстае адкрыццёў 12.00 гадзін, работа выставак – з 11.00 гадзін.
У госці да жыхароў альман прыедуць іх суседзі з памежных вёсак Пераброды і Мылячы Дубровіцкага раёна, горада Сарны Ровенскай вобласці. Таксама ў фестывалі возьме ўдзел вакальны калектыў з Жывецкага павета Сілезскага ваяводства Польшчы.
У праграму ўключаны чатыры конкурсы, тры з якіх – міжнародныя: конкурсы дзіцячага малюнка «Падарожжа ў ягады» і фотаработ «Жыццё на Альманскіх балотах», а таксама творчае спаборніцтва на лепшы касцюм балотнага царства.
Конкурс на лепшую журавінавую страву разлічаны на жыхароў Столінскага раёна. Акрамя таго, будуць вызначаны лепшыя зборшчыкі і нарыхтоўшчыкі журавін. Пераможцаў узнагародзяць дыпломамі і падарункамі.
Падчас фестывалю будуць працаваць шматлікія выставы. Работнікі МНС правядуць майстар-класы па тушэнні пажараў на балотах, навучаць правілам паводзін у балотных угоддзях. На кірмашы-продажы можна будзе назапасіцца гаючай ягадай, набыць вырабы ганчароў. Святочную атмасферу падтрымаюць народныя калектывы з Пінскага, Лунінецкага і Столінскага раёнаў.
Трапіць на фестываль журавін у Альманы можна аўтобусам, які адправіцца 4 лістапада ў 10.30 гадзін ад Столінскага ГДК, зваротны рэйс з Альман – у 14.30 гадзін. Праезд бяс-платны. І не забудзьце ўзяць пашпарт, а для дзяцей – пасведчанне аб нараджэнні, бо Альманы знаходзяцца ў памежнай зоне.
Галіна ГАШЧУК