“Гузікі” з бабулінай скарбонкі
Мне хочацца хоць на хвілінку вярнуцца з бабуляй на ферму, дзе яна працавала, і зноў здзівіцца, што карова Каза (і хто толькі прыдумаў такую мянушку?) дае халоднае малако, што ў вольны ад працы час дзед паспеў назбіраць для мяне цэлы чарнічны букет.
Бабулі і дзядулі не стала амаль 20 гадоў таму. А я беражліва захоўваю ў сэрцы свае ўспаміны. Гэтае “сховішча” падобна да яркай бляшанкі ад цукерак, дзе бабуля складала гузікі і пацеркі. Вось першы “гузік”: ляжу, захутаная ў мяккую коўдру і слухаю казку пра Піліпку. А вось другі: мы са стрыечнай сястрой голасна плачам з-за разбітай навагодняй цацкі – шкляной божай кароўкі. Мы тады аздобілі ёлку ў двары, а цікаўныя індыкі здзяўблі ўсе ўпрыгожанні. Памятаю белага калматага сабачку Шарыка. Стрыечны брат палічыў, што рыжы сабака дзедавага сябра прыгажэйшы за нашага, і абмазаў Шарыка глінай. Ох, як сварыўся дзед, змываючы гэтую гліну з белай поўсці!
А цяпер скарбонку “бабуліных” успамінаў збіраюць мае дзеці. І так цікава, што запомніцца ім? І бабулі, і дзядулі хоць і робяць строгі выгляд, але любяць маіх гарэзаў моцна і аддана. Магчыма, дарослыя, яны ўспомняць, як бабуля тэлефанавала: “Клубніц наспела цэлая градка. Калі вас чакаць?” А можа, як частаваліся смачным пячэннем, прыгатаваным роднымі рукамі. Ці дзівосы на гарышчы – там захоўваюцца маміны дзіцячыя сукенкі, якія так весела прымяраць і насіць. Пажадана цішком ад мамы, якая дакладна не дазволіць пайсці на вуліцу ў цыганскай спадніцы.
Хочацца, каб гэтых успамінаў станавілася болей і болей. Каб абедзве бабулі дапамаглі маім дачушкам апрануць сукенку і фату раніцай перад вяселлем, каб мой сынок назіраў, як дурэюць з дзядулямі яго дзеці, каб усе разам шумна адкрывалі калядныя падарункі. Бо што тады шчасце, калі не гэта?
Віялета ВОЙТКА.
Фота выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі.