Крэўлянка і Шляхцянка – захавальніцы Крэўскіх таямніц
Калі з’явілася гэтая крынічка каля гарадзішча, ніхто не ведае. Але гісторык Міхаіл Міхалькевіч падзяліўся з намі старажытнай легендай.
“Жылі тут непадалёк хлопец і дзяўчына. Кахалі адзін аднаго. Але бацькі дзяўчыны былі супраць іх шлюбу. Таму закаханыя вырашылі павянчацца патаемна. А маці даведалася пра іх намер. У момант вянчання яна прыйшла ў царкву на гарадзішчы і выказала страшны праклён: “Каб вы праваліліся!” У той жа момант царква і людзі ў ёй зніклі пад зямлёю. А крынічка на гэтым месцы – слёзы. Ці то маладыя раскайваюцца, што пайшлі супраць волі бацькоў, ці то маці не можа дараваць свой праклён”. А чаму раку назвалі Крэўлянкай, таксама можна толькі здагадвацца. Магчыма, з-за яе незвычайна звілістай, “крывой” формы. А яшчэ ёсць версія, што на беразе ракі ў даўнія часы адбылася надзвычай жорсткая бітва, ажно ўся вада стала чырвонай ад крыві. Ад польскага “кrew” і засталася назва.
Праз усё Крэва бяжыць імклівая Крэўлянка. Колькі двароў яна абмінае! Колькі бачылі яе берагі людскіх шчасця і трагедый! А недалёка ад замка рака сустракае свой першы прыток – невялікую сціплую Шляхцянку. Шляхцянка пачынаецца і заканчваецца ў Крэве. Нават шыльды з назвай не мае. Ды і нямногія ведаюць, што праз цэнтр вёскі працякае менавіта яна. Замак нездарма будавалі на скрыжаванні дзвюх рэчак. Іх перапруджвалі, каб утварыць роў з вадой для дадатковай абароны. Каля запруды быў вадзяны млын, каб забяспечыць патрэбы жыхароў замка.
Міхаіл Міхалькевіч успамінае Крэўлянку свайго дзяцінства:
“Раней рэчка большая была. А на выездзе з Крэва звужалася. Там яе глыбіня каля метра была. Мы малыя сліжоў лавілі. Вясной, як гэты сліж на нераст ішоў, яго аж кішэла. Мы відэлец да палкі прывязвалі – атрымліваўся такі “факел” – і на рыбу. Ніколі без улову не заставаліся. А ў 70-я гады меліяратары выраўнялі рэчышча. Пасля з’явілася вадасховішча, а ў ім – драпежныя акуні. І сліжоў у Крэўлянцы не стала”.
А географ Алена Былінская ўспамінае другі прыток Крэўлянкі – Малую Вераценіцу, якая пачынаецца недалёка ад Ракаўцаў і ўпадае ў Крэўлянку паблізу вёскі Малявічы. Гэты прыток некалі прынёс у Крэўлянку рэдкую рыбу – стронгу ручаёвую, якая цяпер знаходзіцца ў Чырвонай кнізе.
Пасля Малявічаў Крэўлянка бяжыць праз Навасёлкі, Баярск, Мілэйкава, а на мяжы Смаргонскага і Валожынскага раёнаў упадае ў Заходнюю Бярэзіну. І нясе Крэўскія таямніцы ў Нёман, а пасля і да Балтыйскага мора.
Віялета ВОЙТКА.
Фота аўтара і Сяргея ЮРЭВІЧА.