Андрэй Сідарэйка нарадзіўся ў вёсцы Каравацічы суседняга Рэчыцкага раёна. І тым не менш буда-кашалёўскі край яму не чужы, бо нейкі час юнак працаваў у рэдакцыі нашага “Авангарда”. На старонках газеты рэгулярна змяшчаліся яго журналісцкія матэрыялы. А пераехаўшы ў Мінск, ён актыўна ўзяўся за літаратурную творчасць. У штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва” і часопісе “Маладосць” штогод пачалі з’яўляцца яго апавяданні, амаль у кожным нумары часопіса “Вожык”, за рэдкім выключэннем, – вясёлыя гісторыі, гумарэскі і фельетоны.
Бачачы такую зайздросную актыўнасць былога “авангардаўца”, я і прапанаваў Андрэю Сідарэйку выдаць напісанае асобнымі кнігамі, дамовіўся з выдаўцамі, а потым і яго звёў з імі, выказаўся адрэдагаваць рукапісы. І вось на пачатку года ў серыі “Мінскія маладыя галасы”, якую выпускае сталічнае аб’яднанне Саюза пісьменнікаў Беларусі, з’явіўся зборнік апавяданняў пачынаючага аўтара “Вальс чырвоных гронак рабін”, а ў серыі “Несур’ёзна пра сур’ёзнае” выдавецтва “Чатыры чвэрці” – кніга сатыры і гумару “Жонка на гадзіну”.
Даволі інтрыгуюча пачынаецца апавяданне “На парозе”: “На выгляд трыццаціпяцігадовы мужчына ішоў па намоклым асфальце. Не падымаючы вачэй, мінаў хату за хатай. Усё, што сустракалася чалавеку па дарозе, уяўлялася чужым. Але тое, да чаго ён спяшаўся, кінулася ў вочы”. “Тое” было яго бацькоўскай хатай, дзе ў адзіноце дажывала свой век маці Міхаіла (так звалі мужчыну). Даўно ён не наведваўся сюды. Можа б, і цяпер не прыехаў, аднак жыццё штось не заладзілася і, загнаны абставінамі ў кут, раптам “успомніў пра маці, пра яе існаванне на свеце”. Якіх два дні пабыў у роднай вёсцы, але яны не прайшлі дарэмна. Вунь з сябруком Косцем калодзеж пачысцілі, у якім вада была рудая, – і то палёгка на душы.
Міхаіл не хацеў ужо вяртацца ў горад, але і ў вёсцы заставацца не было жадання. “Ён разумеў, – піша аўтар, – што, як і вырваная расліна з парушанай карнявой сістэмай, не зможа ўжо ніколі прыняцца як на чужой, так і на роднай глебе”. Хіба мала такіх нас, былых вяскоўцаў, якія так і засталіся паміж горадам і вёскай?
Не менш актуальныя праблемы закранае малады пісьменнік і ў іншых апавяданнях (а ўсяго іх у кнізе “Вальс чырвоных гронак рабін” трынаццаць). Яго героі – не выдуманыя, а самыя што ні ёсць рэальныя, як бы выхапленыя з жыцця і перанесеныя на кніжныя старонкі. У кожнага – свае клопаты, схільнасці, захапленні, удачы і няўладзіцы, свой характар, урэшце, свой лёс. Аднак ніводзін з іх не здаецца жыццёвым абставінам, а настойліва і ўпарта шукае свой шлях.
Калі ў “Вальсе…” Андрэй Сідарэйка не-не ды і надзяляе сваіх герояў пачуццём гумару, то ў зборніку “Жонка на га-дзіну”, якая мае падзагаловак “Гісторыйкі з розных сфер на вясёлы манер”, яго хапае на кожнай старонцы. Вызначыўшы жанр гумарыстычных твораў як гісторыйкі, аўтар падзяліў іх на вясковыя, сямейныя, офісныя, навагоднія, школьныя, студэнцкія і г.д. Калі меркаваць толькі па адных назвах аповедаў, то з іх чытачы даведаюцца, “Як Вінцук “Хваробы” пазбавіўся”, “Як Анціп калядаваць хадзіў” і “Чыя бульба смачнейшая?”, пражывуць “Шчаслівы дзень” і перажывуць “Развод па-сяброўску”, зазірнуць у “Краму “Натхненне” і ў “Халадзільнік”, пасядзяць у “Гаражы” за “Графінам” і адведаюць “Лепшы кавалак” з “Меню Дзеда Мароза”, атрымаюць у падарунак “Цюльпаны, ружы і мімозы”, парадуюцца “Пасылцы” і “Перадачцы”, прачытаюць “Нататкі халасцяка” і актульнае, напісанае ў форме міні-п’есы “Інтэрв’ю з дармаедам”, ды і шмат чаго іншага з таго, што здараецца з героямі гэтай кнігі. Гарантую, што добры настрой вам будзе забяспечаны. І за гэта шчыры дзякуй аўтару вясёлых гісторый Андрэю Сідарэйку.
Анатоль ЗЭКАЎ.
Фота з архіва Андрэя Сідарэйкі.