Брэсцкая “Літаратурная альтанка” зноў сустракала сяброў
Брэсцкая “Літаратурная альтанка”, напоўненая казкамі, гульнямі, віктарынамі, зноў сустракала сяброў. На гэты раз яе удзельнікамі сталі вучні дзіцячага садка №46 абласнога цэнтру.
Гаспадыня чароўнага куфэрка, казачніца, рамесніца Вольга Сандрыкава захапіла малых дзетак дзівосным прадстаўленнем.
У юных гледачоў была магчымасць не толькі сачыць за напружанымі сюжэтамі, але і самім паўдзельнічаць у спектаклі. Ласкавы каток ды смелы петушок размаўлялі па-беларуску, ды дзіцячымі галасамі. Цікавасць выклікала ўсё – і цацачны посуд, і маляўнічы млынок, а асабліва ўважліва сачылі дзеткі за тым, як ажываюць чароўныя лялькі.
Напрыканцы выступлення Вольга Сандрыкава прапанавала юным гледачам праявіць сваю кемлівасць. Малыя артысты прыемна здзівілі пісьменнікаў арыгінальнымі загадкамі.
З яркіх выступленняў было відаць, якую вялікую працу з дзецьмі па моўнаму развіццю праводзяць выхавальнікі дзіцячага садка, як прывіваюць ім любоў да мастацкага слова.
Падарункам ад Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі для дапытлівых малянят стала кніжка баранавіцкага пісьменніка і мастака Мікалая Бусько “У бары жывуць сябры”, у якой маляўніча расказваецца пра прыгажосць беларускай прыроды і звычкі лясных жыхароў.
Старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення
Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч
|