Свята жыцця
Наша пакаленне ніколі не стане дзецьмі металу, шкла, бетону, асфальту, хоць гарады заціскаюць нас у свае абдымкі. Жыццё ў горадзе з усімі дабрабытамі цывілізацыі падобна да піцця дыстыляванай вады. Але параўнайце яе з крынічнай… Туманы ранішнія ў даліне… Раса зіхаціць на лугавых кветках… Сонейка ўзыходзіць касматае, нібы не выспалася. Шчэбет птушыны… Калодзежны перазвон… Кліч пеўня… Водар скошанай травы… Пах збожжа. Так кружыць галаву пасля гарадскога паветра.
Горад – імпульсіўны, вёска – задумлівая. Горад – інтэлектуальны, вёска – сардэчная і мудрая. Сённяшняму гораду, асвоіўшаму камп’ютары, зямля не стала чужой. Гараджане ведаюць, якім бокам саджаць на дачы расаду памідораў, і не адварочваюцца ад ураджайнага каравяку. А некаму пашчасціла мець Бацькаўшчыну ў вёсцы, на зямлі. Нехта свае выезды з горада на выхадныя ці ў адпачынак называе «адключкай», напэўна па аналогіі з тэлевізарам, які час ад часу трэба выключаць, каб не закружылася галава ад патоку інфармацыі. Нехта перад выхадам на пенсію марыць прыдбаць сваю хатку на зямлі, а невялічкі гародчык засадзіць не агуркамі, а півонямі, мацейкамі, мальвамі.
І ёсць на Беларусі нямала запаведных мясцінаў, дзе дагэтуль пануе атмасфера першастваральнасці. З гэтых крыніц беларусы чэрпаюць сваю сілу, сваю прыгажосць, сваю мудрасць, сваю працавітасць, сваю жыццёвасць… Вельмі сімвалічна, што беларусы любілі ставіць хаты на высокіх берагах рэчак. На ўзгорках. Пад купалам неба. Дарэчы, на гэтых берагах нярэдка складалі свае вершы, песні. Так і вялося: жылі на зямлі, але не пераставалі штодзённа любавацца небам Бацькаўшчыны.
І ёсць на зямлі людзі, якія не з’яджалі з яе, не пакідалі свае сядзібы надоўга. Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Вясковыя людзі – жыццё на зямлі, у згодзе з прыродай, на ўскрайку шалёных рытмаў сённяшняй цывілізацыі. Не сакрэт, што звычайныя рэчы – хата, рэчка і лес маленства, бацькоўскае поле – сталі для многіх беларусаў самымі святымі і пачэснымі. Яны клічуць нас да сябе ўсё жыццё.
Вясковыя людзі – гэта іх чысціня, і чысціня вакол іх стварае свята жыцця. Мы можам усё гэта ўбачыць, усім ачысціцца, прасвятліцца. Вядома ж, толькі наіўны чалавек назаве сённяшняе жыццё ў вёсцы святам. І ўсё ж менавіта тут, у вёсцы, на прыродзе, на зямлі душа напаўняецца святам Жыцця. Горад таксама свята, але з іншымі гукамі, пахамі, колерамі… І пакуль жыве вёска, будзем жыць і мы. Радасна, што пашчасціла жыць на такой дзівоснай зямлі.
Ірына САКАЛОЎСКАЯ,
в. Раманаўцы.