Выездное заседание комиссии по содействию занятости населения прошло в агрогородке Ильюшино
Вопыт першага выязнога пасяджэння камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва, якое праходзіла ў Двор Пліне, аказаўся ўдалым, і вось праз месяц эстафету такіх мерапрыемстваў прыняў аграгарадок Ільюшына.
У населеным пункце і яго наваколлі нямала працаздольных грамадзян, якія не могуць ці не хочуць атрымаць статус занятых у эканоміцы. Шэраг асабістых гісторый давялося выслухаць членам камісіі на сустрэчы, якая ладзілася ў актавай зале адміністрацыйнага будынка мясцовага сельгаспрадпрыемства. І тое, што пасяджэнне праходзіла менавіта тут, было дарэчы: буйная па мерках раёна арганізацыя забяспечвае работай значную колькасць мясцовага насельніцтва, мае і вакантныя месцы. Да слова, амаль усе мужчыны, пытанне з працаўладкаваннем якіх вырашалася на пасяджэнні, таксама мелі пэўны вопыт працоўных адносін з “Ільюшынскім”. Так, напрыклад, дырэктар прадпрыемства С.А.Халімоненка неаднойчы прапаноўваў работу 38-гадоваму жыхару аграгарадка П., аднак пасада жывёлавода мужчыну, які мае толькі базавую адукацыю, не прывабіла: маўляў, работа складаная, а зарплата не надта вялікая. У сувязі з гэтым намеснік старшыні райвыканкама В.Л.Хамёнак заўважыла, што заробак жывёлавода залежыць ад стараннасці, і летам у гаспадарцы некаторыя прадстаўнікі гэтай прафесіі атрымлівалі па 700 рублёў. Дзейсным аргументам на карысць працаўладкавання сталі словы намесніка начальніка райаддзела міліцыі А.У.Андросава, які нагадаў мужчыну, што той знаходзіцца на прафілактычным уліку за здзяйсненне правапарушэнняў у нецвярозым стане – чарговы такі выпадак можа стаць падставай для накіравання ў ЛПП. У выніку П. згадзіўся стаць членам будаўнічай брыгады (адпаведную вакансію прапанаваў “Ільюшынскі”) і зараз праходзіць медкамісію.
А вось грамадзянін М., магчыма, зможа праявіць свае здольнасці ў якасці вадзіцеля мясцовай гаспадаркі. Цікава, што сам ён па паважлівай прычыне прысутнічаць на пасяджэнні не змог, але яго інтарэсы прадстаўляла цётка. Жанчына паведаміла, што пляменнік, за плячыма якога былі сур’ёзныя праблемы з законам, цалкам перавыхаваўся і хоча сумленна жыць у грамадстве. Яна падзякавала ўпраўленню па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, а таксама дырэктару “Ільюшынскага”, якія раней дапамаглі яму ўладкавацца на працу, далі шанс пераадолець складаны жыццёвы этап. Мужчына старанна выконваў абавязкі жывёлавода, але з-за праблем са здароўем спраўляцца з імі яму складана, таму і абмяркоўвалася магчымасць прыняць яго на пасаду вадзіцеля.
Вядома ж, куды больш прыемна членам камісіі дапамагаць тым, хто хоча працаваць, але не можа знайсці падыходзячае месца. Да такіх, напрыклад, належыць маладая жыхарка вёскі Жары Т. На сезон масавага адпачынку яна была ўладкавана ў санаторыі “Лясныя азёры”, аднак зараз засталася без работы. Жанчына адна выхоўвае двух дзяцей, якіх ёй няма каму пакінуць увечары, таму хоча працаваць па асаблівым графіку, згодна ездзіць ва Ушачы. Камісія прапанавала ёй работу прыбіральшчыцы ў кафэ райцэнтра і варыянт набыцця спецыяльнасці швачкі з працаўладкаваннем на прамкамбінаце. Але больш зацікавіла Т. прапанова, якую агучыла намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Н.В.Дрозд: пасля заканчэння кантракта з работнікам пенсійнага ўзросту павінна вызваліцца месца прыбіральшчыцы на Жарскім ФАПе. Жанчына згадзілася пачакаць гэтай вакансіі.
Удзельнікі выязнога пасяджэння атрымалі таксама кансультацыі начальніка аддзела занятасці і сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы Ірыны Леанідаўны Дунік. Яна нагадала, што даведацца пра вакансіі, выказаць намер перавучыцца ці скарыстацца субсідыяй на арганізацыю прадпрымальніцкай або рамесніцкай дзейнасці, атрымаць накіраванне для бясплатнага праходжання медкамісіі для ўладкавання на работу можна ў кабінетах 49 і 50, што на другім паверсе райвыканкама. Тут уважліва выслухаюць любога, хто хоча працаўладкавацца, ну а эфектыўная практыка правядзення выязных пасяджэнняў камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва будзе працягвацца.
Наталля БАГДАНОВІЧ.