На мінулым тыдні ў раёне быў адкрыты сезон сельскагаспадарчых кірмашоў. Яны ўжо прайшлі ў аграгарадку Астроўкі і ў г.п. Гарадзея.
У гарадскім пасёлку кірмаш адбыўся на тэрыторыі мясцовага рынку ў чацвер. Сваю прадукцыю сюды прывезла ААТ “Альба”, якое прапанавала пакупнікам некалькі відаў рыбы. ААТ “Гарадзея” распрадало насельніцтву не адну машыну прадукцыі: ячмень, пшаніцу, бульбу, мёд. У Нясвіжскай сортавыпрабавальнай станцыі пакупнікі набывалі натуральны мёд, насенне каляндры і кмену, грушы, яблыкі, бульбу. А паласавацца салодкімі прысмакамі можна было ў палатцы КУП “Магазін № 3 г. Нясвіжа”.
Індывідуальныя прадпрымальнікі рэалізоўвалі гарод-ніну: памідоры, моркву, перац, баклажаны, капусту, а таксама грэцкія арэхі. Прадпрымальнік са Столінскага раёна (фота 3) прывёз сваю прадукцыю на Нясвіжчыну ўпершыню і быў задаволены продажам, паабяцаў прыехаць на нашы наступныя кірмашы.
Кожны кірмаш суправаджаецца песнямі і танцамі. І тут без гэтага не абышлося (фота 4). Музычны настрой пакупнікам і прадаўцам стваралі артысты Завітанскага сельскага клуба-бібліятэкі, Новагарадзейскага сельскага цэнтра культуры і адпачынку, Гарадзейскага пасялковага ДК і РЦК Лілія Ільюшэнка, Віктар Шыманскі, Таццяна Язэпчык, Сяргей Калеснікаў, Лілія Галубко (фота 2).
Сваімі ўражаннямі са мной падзялілася жыхарка Гарадзеі, пенсіянерка Сажыда Хазям’янаўна Борыс (фота 1): “Вельмі добры кірмаш. Хочацца выказаць словы падзякі яе арганізатарам. Для сваіх курачак я набыла зерне, для сябе — мёд, каляндру, кроп”. А напрыканцы нашай гутаркі мая суразмоўца перапытала, у якой газеце будзе заметка. Я адказала, што ў “Нясвіжскіх навінах”. “Ой, вельмі добра, — узрадавалася гаспадыня. — Я “раёнку” заўсёды выпісваю, як толькі пайшла на пенсію. Люблю пачытаць пра навіны ў раёне: пра сацыяльныя пытанні, культурныя падзеі”.
Вольга КАНДРУКЕВІЧ.