Областные "Дожинки-2018" принял Верхнедвинск
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Сёлетні фестываль-кірмаш “Дажынкі” сабраў перадавых працаўнікоў сяла і перапрацоўчых прадпрыемстваў Віцебшчыны ў суседнім Верхнядзвінску. Камбайнеры, вадзіцелі, механізатары, вядучыя спецыялісты, калектывы сельгаспрадпрыемстваў паўдзельнічалі ў святочным шэсці. З урачыстай сцэны пачулі цёплыя словы ўдзячнасці ад кіраўніка вобласці. Абсалютныя рэкардсмены атрымалі заслужаныя прэміі і падарункі. У перадавых гаспадарках папоўнілі аўтапарк новыя трактары і машыны.
Не засталіся без увагі і аграрыі Міёршчыны. Так, кіраўнікам УП “Павяцце” СУП “Чэрасы” Рыгору Міна і СУП “Чэрасы” Алегу Януковічу ўручылі сертыфікаты на аўтамабілі “Рэно-Duster”. Арсенал ААТ “Туркова” папоўніўся новенькім “Беларусам-82.1” Мінскага трактарнага завода. Сяргей Міхайлаў, лідар корманарыхтоўкі з чэраскай гаспадаркі адзначаны пісьмом-падзякай і грашовай прэміяй.
Горад-казка
Верхнядзвінск сустракаў гасцей добразычліва і гасцінна, з шырокімі і хлебасольнымі гандлёвымі радамі, з конкурсамі і акцыямі, музыкай і спевамі на адноўленых, памаладзелых вуліцах. Горад, які заўсёды адрозніваўся самабытнасцю, пасля рамонту і рэканструкцыі набыў больш выразны воблік, дапоўніўся рысамі сучаснасці.
Да свята падрыхтавалі каля двухсот аб’ектаў, затрацілі амаль 20 мільёнаў рублёў. Значна палепшылася якасць вулічна-дарожнай сеткі. Мадэрнізаваны СШ №2, дзіцячы садок, спартыўная школа, Цэнтр культуры і народнай творчасці. Новае аблічча ў набярэжнай Дзвіны, гарадскога сквера. Захапляе фантан з падсветкай і музычным суправаджэннем. Асабліва радуе гараджан новы фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Імпульс” з басейнам, двума саунамі, трэнажорнай залай для фітнесу.
Зрабілі поўную перапланіроўку цэнтральнай плошчы Юбілейнай. Прыгожы ансамбль дапоўніў трохпавярховы дом на 12 кватэр. Яго пабудавалі ўсяго за 4,5 месяца. Кватэры ў ім двухпакаёвыя, плошчай больш за 60 м2. Здаюцца, палова арандатараў — маладыя спецыялісты, работнікі пракуратуры і іншыя, хто мае патрэбу ў жыллі. Астатнія дасталіся тым, хто стаяў у чарзе.
У Верхнядзвінску трывала стаіць на нагах уласнае райспажыўтаварыства, тут заўсёды развівалі толькі яго сетку. Перад святам адкрылі новыя прадуктовыя магазіны. Аднак для большай канкурэнцыі перад “Дажынкамі” ў горадзе нарэшце з’явіўся і “Еўраопт”, за што пакупнікі шчыра ўдзячны.
Цікава аформлены вуліцы і свабодныя куточкі, дзе заўважаецца непаўторны дызайнерскі стыль і густ. Напрыклад, ля музычнай школы радуе вока «газонны» раяль, з-пад крышкі якога выбіваюцца кветкі. Прываблівае позірк камень, устаноўлены ў гонар Дня заснавання Верхнядзвінска. Прыдумалі незвычайны, бадай, адзіны ў свеце памятны знак паводкам. Рэдка калі ў час вясенняга разводдзя горад на Заходняй Дзвіне не закранае гэта праблема. На шкале адзначаны ўзроўні пад’ёму вады ў розныя гады.
Большай прывабнасці дадалі арыгінальныя кветкавыя кампазіцыі, створаныя ўдзельнікамі абласнога конкурсу прафмайстэрства па ландшафтным дызайне, што прайшоў у Верхнядзвінску. Значны ўнёсак у агульную справу жыхароў горада, якія прыводзілі ў парадак і ўпрыгожвалі асабістыя домаўладанні. Абласное свята ўраджаю дзеля таго і задумана, каб не толькі аддаць даніну павагі цяжкай працы хлебаробаў, але і стварыць камфортны асяродак для жыцця.
Масава і ярка
Шэсце хлебаробаў, бадай, самае яркае відовішча фестывалю-кірмашу. Практычна кожны працоўны калектыў суправаджалі юныя барабаншчыцы ў кароценькіх спаднічках і белых боціках. Форма ў кожнага раёна адрозніваецца колерам і стылем. З духавым аркестрам пад усеагульнае захапленне дзяўчаты задавалі рытм параду. Прыгожа, таму да іх павышаны глядацкі інтарэс. Прыцягвалі ўвагу і касцюмаваныя персанажы, роставыя лялькі. Нечым адметным вызначалася кожная дэлегацыя, штогод фантазію развіваюць. У суправаджэнні радасных воклічаў калона прайшла праз усю вуліцу і ўлілася на цэнтральную плошчу, дзе на сцэне аб’явілі пра пачатак урачыстасці.
У засеках — поўна
Надвор’е ў святочны дзень выдалася пераменлівым. Раніцай неба зацягнула хмарамі і на зямлю абрынуўся лівень. Пасля на небе запанавала зыркае сонейка. Моцны, пранізлівы восеньскі вецер то зганяў, то разганяў набрынялыя дажджом грозныя воблакі. Так пужае прырода і ў гарачую пару вясенне-палявых работ. Працаўнікі Віцебшчыны атрымалі 756 тысяч тон зерня. Каб не кліматычныя перашкоды, маглі б разлічваць на большае.
Аналізуючы вынікі гарачай пары, кіраўнік вобласці Мікалай Шарснёў заўважыў, што ўраджайнасць і валавы збор на Віцебшчыне радуюць нячаста. Два папярэднія гады нас залівала. Сёлета сушыла, замочвала і градам пасыпала. Пры гэтым на бала-гектар пашы Віцебская вобласць атрымала 90,3 кілаграма зерня, апярэдзіў толькі Брэст з розніцай у 1,4 кілаграма. Немалаважна, што Віцебшчына першай у краіне выканала дзяржзаказ у аб’ёме 102 тысяч тон зерня.
Заслуга ў тым тых, хто ўсё робіць своечасова і якасна. Найлепшых вынікаў дасягнулі стабільна працуючыя гаспадаркі. У іх ліку “Шайцерава” і “Прудзінкі” Верхнядзвінскага раёна (ураджайнасць 44,3 цэнтнера з гектара і 40,1 адпаведна), “Альгоўскае” Віцебскага (40 ц/га), філіял “Гараны-Агра” Полацкага раёна (38,8 ц/га), “Мазалавагаз” прадпрыемства “Віцебскаблгаза” (40 ц/га), Віцебская бройлерная птушкафабрыка.
151 экіпаж камбайнераў вобласці перасягнуў тысячны намалот. Рубеж у дзве тысячы скарыўся 11 экіпажам. Трохтысячны намалот пераадолелі два тандэмы камбайнераў. Яркая старонка ў летапісе вобласці—працоўныя здзяйсненні аграрных дуэтаў, якія пераўзышлі чатырохтысячны рубеж. Хлебаробы з Лепельскай гаспадаркі “Заазер’е” ўстанавілі абсалютны рэкорд, намалаціўшы 4412 тон зерня. Крыху адстаў ад іх экіпаж з філіяла “Задняпроўскі”, што на Аршаншчыне.
Найбольшую ўраджайнасць зерневых і зернебабовых культур атрымаў Віцебскі раён з вынікам 32,2 цэнтнера з гектара. На другой пазіцыі — Верхнядзвінскі, замыкае тройку лідараў Полацкі.
Больш за трэць усяго ўраджаю зерня Віцебшчыны — а гэта 287 тысяч тон — сфарміравалі інтэграцыйныя структуры. Глыбоцкая і Полацкая намалацілі па 55 тысяч тон, Віцебская — больш за 71 тысячу, што на 38% больш мінулагодняга. Лідарам па валавым зборы зерня з вынікам 77 тысяч тон стала Аршанская інтэграцыйная структура.
Сёлета атрымалі 105 тысяч тон зерня зернебабовых культур, што ўдвая больш чым летась. Ураджай гароху ў 2,5 раза большы за мінулагодні—28,9 тысячы тон. У планах выйсці на 100 тысяч.
Валавы збор алейнага насення рапсу склаў 99 тысяч тон. Чатырохтысячны рубеж пераадолела Віцебская бройлерная птушкафабрыка. У лідарах Дубровенскі льнозавод, які нарыхтаваў 10,1 тысячы тон ільнотрасты сярэднім нумарам 1,13 пры ўраджайнасці 41,6 цэнтнера з гектара. Гэта вышэйшы паказчык у рэспубліцы сярод профільных прадпрыемстваў.
Як заўважыў кіраўнік вобласці, павялічваць прадукцыйнасць працы ў раслінаводстве неабходна пры дапамозе сучаснай высокапрадукцыйнай сельскагаспадарчай тэхнікі. На жаль, штогадовае абнаўленне аўтапарка складае толькі каля трох працэнтаў пры планавым — не менш за 10. Усяго 6900 адзінак, з іх амаль палова служыць больш за дзесяць гадоў. 165 адзінак К-700 эксплуатуюцца 25-30. У той жа час у вобласці ўжо засвоілі вытворчасць тэхнікі для гаспадарак з улікам асаблівасцей глебы рэгіёна. У прыватнасці, “Ціраспальскі агратэхсэрвіс” наладзіў выпуск іржышчавага сярэдняга тыпу культыватара КСС-9.0 і цяжкага КСТ-6.0.
Віцебскі маторарамонтны завод паставіў на паточную вытворчасць новы глебаапрацоўчы АДС-6. Рабочыя дыскі маюць дыяметр 700 міліметраў. Апрацоўвае глебу на глыбіні да 25 сантыметраў з адначасовай перадпасяўной яе падрыхтоўкай.
На выхадзе з канвеера — мадэрнізаваны агрэгат дыскавы глебаапрацоўчы АД-600 “Рубін”. Цудоўна выраўноўвае поле, стабільна трымае глыбіню апрацоўкі, а галоўнае — рыхтуе глебу да сяўбы за адзін праход.
Павялічылі аб’ём бункера для зерня і ўгнаенняў у сеялцы СЗТМ-4Н, якая і сее, і ўносіць пажыўныя рэчывы адначасова. Гэтую тэхніку разгледзелі на дэманстрацыйнай выставе. Для яе прадпрыемства вырабляе ўсю наменклатуру запчастак. Да таго ж, адрамантуе ўсе віды рухавікоў.
Кіраўнік вобласці звярнуў увагу на яшчэ адну аграрную дамінанту—зрабіць сферу сельскай гаспадаркі для кожнага яе працаўніка прэстыжнай, а ў грамадстве — паважанай. У гэтым дапаможа карэкцыя падрыхтоўкі сістэмы кадраў і павелічэнне заробку. Са слоў Мікалая Шарснёва, распрацаваны пэўны “інструментарый”, які дапаможа падняць яго работнікам сяла. Больш таго, у Віцебскай вобласці ўжо створана прывабная сістэма матэрыяльнага стымулявання. Нарыклад, зменена схема аплаты працы спецыялістам жывёлагадоўчай галіны і механізатарам. Аднак асаблівы акцэнт на тым, што сельскіх працаўнікоў трэба рыхтаваць яшчэ са школьнай пары. Сёлета ў многіх раёнах вобласці адкрылі аграрныя класы.
Ёсць стымул
На сцэну адзін за другім узнімаліся героі ўрачыстасці. Сярод іх нямала маладых, у тым ліку і механізатар з СУП “Чэрасы”, нарыхтоўшчык кармоў на камбінаваным рулонным прэс-падборшчыку-упакавальніку Сяргей Міхайлаў.
— Свята спадабалася, запала ў душу. Сама атмасфера, дух еднасці аграрыяў, высокая ацэнка нашай працы заахвоціла імкнуцца да большага, — прызнаўся хлопец. — На сучаснай, якаснай тэхніцы такая задача па плячы, галоўнае—не зыходзіць з дыстанцыі.
Перадавікоў жніва віншавалі паважаныя госці, у ліку якіх намеснік Прэм’ер-міністра Міхаіл Русы, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, памочнік Прэзідэнта-інспектар па Віцебскай вобласці Віталь Вовк, а таксама з суседніх Расіі і Латвіі. Радавалі песнямі і танцамі творчыя калектывы.
Ну і якія “Дажынкі” без хлеба? Выстава караваяў прадэманстравала бязмежную фантазію хлебапёкаў Віцебшчыны. Пастараліся і міёрскія ўмельцы. А галоўны хлеб з мукі новага ўраджаю важыў больш за 120 кілаграмаў.
Верхнядзвінск перадаў эстафету святкавання абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла “Дажынкі” Браславу. Гэта абавязвае райцэнтр правесці аграрны форум на высокім узроўні. Браслаўшчына павінна стаць лепшым турыстычным цэнтрам краіны.