Паром, на борце якога знаходзіцца 335 чалавек, загарэўся ў Балтыйскім моры
Кадр з відэа
На пароме Regina Seaways у Балтыйскім моры адбыліся выбух і пажар у машынным аддзяленні, паведамляе РБК. На борце карабля знаходзяцца 335 чалавек, у тым ліку 37 чальцоў экіпажа.
Здарэнне адбылося 2 кастрычніка ў 10.40. Паром Regina Seaways рухаўся з Клайпеды ў Карлсхамн. Прычына выбуху пакуль не зразумелая.
Па словах прэс-сакратара Федэральнага агенцтва марскога і рачнога транспарту Расіі Аляксея Краўчанкі, людзі на пароме знаходзяцца ў бяспечным месцы, далёка ад машыннага аддзялення. Ён дадаў, што карабель дрэйфуе і знаходзіцца блізка ад літоўска-расійскіх берагоў.
Да месца здарэння адправіліся некалькі караблёў, у тым ліку расійскі памежны карабель і літоўскі буксір, а таксама літоўскі верталёт. Пошукава-ратавальную аперацыю каардынуе марскі ратавальны-каардынацыйны цэнтр Калінінград, кажа Краўчанка.
Паведамляецца, што паром ходзіць пад літоўскім сцягам.