9 гадоў пазбаўлення волі

Источник материала:  
02.10.2018 — Разное
9 гадоў пазбаўлення волі

Вынесены прысуд былому начальніку РУВП “Папраўчая калонія №5” г. Івацэвічы Вадзіму Харужаму.

 

Сёння, 1 кастрычніка, у судзе Івацэвіцкага раёна завершаны разгляд крымінальнай справы, якая атрымала шырокі грамадскі рэзананс. На лаве падсудных – Вадзім Харужы, былы начальнік РУВП “Папраўчая калонія №5” г. Івацэвічы, які абвінавачваецца па ч. 3 артыкула 430 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры”. Санкцыя дадзенага артыкула прадугледжвае пазбаўленне волі тэрмінам ад 5 да 15 гадоў.
 
Як устанавіла следства, начальнік РУВП “Папраўчая калонія №5” г. Івацэвічы Вадзім Харужы ў пачатку 2009-га года сустрэўся з прадстаўнікамі камерцыйнай структуры з Францыі, што закупае мэблю ў Беларусі. Былі заключаны кантракты на пастаўку ў гэтую краіну мэблі, якую вырабляюць асуджаныя папраўчай калоніі №5. Але акрамя гэтага Вадзім Харужы дамовіўся з прадстаўнікамі дадзенай структуры: за кожную партыю на законных асновах вывезенай французскім спажыўцам мэблі яны яшчэ будуць незаконна плаціць так званыя камісійныя сумы грошай, накіроўваючы іх на тры афшорныя рахункі, адкрытыя ў суседніх краінах.
 
Злачынная схема дзейнічала болей за 4 гады, за гэты час на дадзеныя тры рахункі паступіла 14 199; 20 170; 173 576 еўра – у агульнай суме болей за 207 тысяч еўра. У маі 2013 года кіраўніка прадпрыемства РУВП “Папраўчая калонія №5” г. Івацэвічы, падпалкоўніка ўнутранай службы Вадзіма Харужага арыштавалі, была ўзбуджана крымінальная справа па арт. “Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры”, якая ўжо некалькі разоў разглядалася, але папярэднія рашэнні адмянялі прэзідыумы Брэсцкага абласнога суда і Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь.
 
На гэты раз у дадзенай крымінальнай справе пастаўлена кропка.
 
У ходзе разгляду крымінальнай справы ў судзе Івацэвіцкага раёна абвінавачаны Вадзім Харужы зрабіў важную заяву: ён поўнасцю прызнае сваю віну ў тым, што незаконна атрымліваў грошы па злачыннай схеме. Гэта прагучала ўпершыню болей за пяцігадовы тэрмін знаходжання абвінавачанага пад вартай. Напярэдадні вынясення прысуду родныя людзі Вадзіма Харужага ўнеслі на рахунак дзяржавы каля 45 000 еўра – гэта прыкладна 25 працэнтаў ад сумы, якая інкрымінуецца абвінавачанаму. Такім чынам, урон часткова пагашаны. 
 
На перадапошнім судовым пасяджэнні дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў прызнаць Вадзіма Харужага вінаватым і, улічваючы ўсе абцяжарваючыя і змякчальныя абставіны, прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 10 гадоў. У сваю чаргу адвакат абвінавачанага падкрэсліла: Вадзім Харужы вельмі многа зрабіў для прадпрыемства, на якім працаваў. Дзясяткі людзей – калег і падначаленых – выказваліся ў яго падтрымку, дзякавалі за тое, што значна павысіліся за час яго кіравання РУВП “Папраўчая калонія №5” і культура вытворчасці, і зарплаты, і прэміі. У сваім апошнім слове Вадзім Харужы з горыччу адзначыў, што ў трохстах метрах ад будынка суда Івацэвіцкага раёна ён нарадзіўся, у 100 метрах ад суда працаваў… Як многа ўмясцілася ў яго жыццё на такім маленькім кавалачку зямлі…
 
Суд Івацэвіцкага раёна прызнаў Вадзіма Харужага вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле ч. 3 арт. 430 “Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры” і прызначыў пакаранне тэрмінам на дзевяць гадоў з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў тэрмінам на пяць гадоў з канфіскацыяй маёмасці і з пазбаўленнем звання “Падпалкоўнік унутранай службы”. Вадзіму Харужаму залічылі тэрмін знаходжання пад вартай на працягу з 22 мая 2013 года да 30 верасня 2018 года, фактычна амаль пяць з паловай гадоў ён адсядзеў. 
 
…Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны на працягу 10 дзён у судзе вышэйшай інстанцыі.
 
Арцём ПАДАЛЯНЕЦ, суддзя суда Івацэвіцкага раёна; Людміла МАРХЕЛЬ, народны засядацель, галоўны бухгалтар РАС “Івацэвіцкае ДТСААФ”; Аляксандр ГОРБАЧ, народны засядацель, загадчык аддзела сацыяльных праблем райгазеты “Івацэвіцкі веснік”.  

←Ученые объединили три человеческих мозга и смогли передать информацию

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика