Новый имиджевый объект МЧС появился в детской игровой комнате физкультурно-оздоровительного комплекса «Юность-Ушачи»
Звычайна, пачуўшы званок, вучні радасна бягуць на перапынак. Калі ж скончыўся гэты ўрок бяспекі, першакласнікі Ушацкай школы разыходзіцца не хацелі: горача абмяркоўвалі яго падзеі, дзяліліся ўражаннямі. А ўся справа ў тым, што праходзіў занятак не ў звычайным школьным класе, а ў дзіцячым гульнявым пакоі МНС, спецыяльна абсталяваным для таго, каб маленькім ушачанам было цікава засвойваць неабходныя веды.
Папярэднічала ж першаму ўроку бяспекі ўрачыстае адкрыццё іміджавага аб’екта, які размясціўся ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Юнацтва-Ушачы”. А віншавалі дзяцей з гэтай падзеяй ганаровыя госці: намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь А.У.Далгалявец, першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама А.С.Мацкевіч, старшыня Ушацкага райвыканкама У.Г.Аўдошка, першы намеснік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Д.В.Панцюхоў.
Намеснік міністра шчыра прывітаў удзельнікаў мерапрыемства, адзначыў, што ў пагражальных сітуацыях вельмі важна не разгубіцца, а для гэтага трэба ведаць, як сябе паводзіць.
Варта таксама быць моцнымі і спрытнымі, а таму Анатоль Уладзіміравіч параіў дзеткам абавязкова сябраваць са спортам, расказаў пра свайго сына, які з сямі год займаецца хакеем – і падкрэсліў сімвалічнасць таго, што іміджавы пакой МНС знайшоў прапіску ў спарткомплексе.
Не абышла ўвагай гэту падзею раённая арганізацыя “Белай Русі”: намеснік яе старшыні Н.І.Гардзіёнак павіншавала прысутных і перадала падарунак ад аб’яднання. Школьнікі ж у сваю чаргу парадавалі гасцей спевамі і танцамі, а таксама добрымі ведамі правілаў бяспечных паводзін, якія прадэманстравалі пасля таго, як была перарэзана традыцыйная стужачка на ўваходзе ў іміджавы пакой.
Памяшканне ўразіла сваім афармленнем: кожны яго куточак цяпер нясе яркую пазнавальную інфармацыю. Вялі ж першы ўрок незвычайныя настаўнікі: Шэры Воўк, у якога па-майстэрску пераўвасобіўся ўшацкі выратавальнік Арцём Бірукоў, і супрацоўнікі абласнога ўпраўлення МНС.
Усе карысныя веды першакласнікі атрымлівалі ў гульнявой форме: мадэліравалі надзвычайныя здарэнні, тэлефанавалі работнікам экстранных службаў, трэніраваліся паўзком пакідаць задымлены пакой, на хуткасць апраналі касцюм выратавальніка і нават змаглі вызначыць свой рост па намаляваным на сцяне шаблоне. Ну а закончыўся ўрок дэгустацыяй салодкага прэзенту: падораны намеснікам міністра торт з яркім малюнкам дзецям нават крыху шкада было есці. Нагадваць пра цікавае мерапрыемства ім будуць і кніжкі-размалёўкі.
“Добра запомнілі, што ў навальніцу нельга хавацца пад дрэва, а ў час пажару – у шафу ці пад ложак, а калі разбіўся градуснік, варта адразу паклікаць дарослых”, – дзяліліся ўражаннямі пасля ўроку Таня Пятроўская і Даша Цітова. А гэта значыць, што новы іміджавы аб’ект ужо пачаў паспяхова выконваць сваё прызначэнне.
Н.БАГДАНОВІЧ.