І дзяўчаты гуляюць у футбол

Источник материала:  
28.09.2018 — Разное

У Дзераўнянскай ДЮСШ на аддзяленні футбола займаюцца 36 навучэнцаў мясцовай сярэдняй школы. Вядома, што ў Дзераўной створаны усе ўмовы для заняткаў футболам. Добрае футбольнае поле на стадыёне «Меліяратар», дзе паспяхова гуляла раённая каманда «Нёман-Агра». Для трэніровак у зімовы час выкарыстоўваюцца спартыўная зала і міні-футбольная пляцоўка.
Выхаванцы спартыўнай школы паспяхова выступаюць у раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. А Віталь Даўнаровіч і Максім Талейка маюць званне майстроў спорту. Дарэчы, Максім Талейка з’яўляецца членам каманды «Іслач», якая вядзе барацьбу ў вышэйшай лізе нацыянальнага чэмпіянату.
А ў групах трэнера Яўгенія Турка рыхтуюцца і дзяўчаты, вядомыя ўжо і сталічным футбольным настаўнікам. Так, Ганна Сіняўская залічана ў каманду дзяўчат 2006 года нараджэння футбольнага клуба «Мінск». Рэгулярна ў выхадныя дні, суботу і нядзелю, Аня едзе ў сталіцу для павышэння футбольнага майстэрства ў групе ФК «Мінск», якую вядзе трэнер-выкладчык Андрэй Махнач, дарэчы, ураджэнец горада Стоўбцы.
За апошнія два гады каманда дзяўчат 2006 г. н. ФК «Мінск» выязджала на турніры ў Маскву, Вільнюс, французскі Кемперэ, дацкі Іорынге, шведскі Гётэборг. Асабліва ўдала дзяўчынкі выступалі ў адным з прэстыжных дзіцяча-юнацкіх турніраў свету, які праводзіцца ў Іорынге. Два гады запар, у 2017 годзе і сёлета, нашы юныя футбалісткі займалі першыя месцы і былі ўзнагароджаны Кубкам пераможцаў. А ў гэтых спаборніцтвах удзельнічаюць больш за 50 камандаў з ЗША, Германіі, Швецыі, Даніі, Расіі, Францыі, Англіі і іншых краін.
Прыемна, што нашы тут паказваюць клас. Вось і ў сёлетнім турніры яны ўпэўнена апярэдзілі ўсіх на групавым этапе. У чвэрцьфінале адолелі каманду расійскай спартыўнай акадэміі «Чартанава». А ў фінале не пакінулі шанцаў калектыву акадэміі дацкага «Ольберга» – 3:1.
Мара трэнера Андрэя Махнача – падрыхтаваць і вывесці каманду гэтага ўзросту ў фінальны турнір чэмпіянату Еўропы пад сцягам нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь. Ганна Сіняўская ў гэтай камандзе – ігрок асновы, нападаючая, якая сваімі галамі забяспечвае перамогі. Няхай жа збываюцца добрыя надзеі!
Ф. ФЯДОТАЎ

←В пятницу и выходные дни сотрудники ГАИ уделят особое внимание контролю соблюдения автолюбителями и мотоциклистами ПДД

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика