Ля вадасховішча “Дразды” затрымалі агрэсіўнага мужчыну з нажом
Ілюстратыўнае фота з адкрытых крыніцаў
Ля вадасховішча “Дразды” затрымалі агрэсіўнага мужчыну з нажом, паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама. Гэта адбылося ўдзень 22 верасня, прыкладна ў 12.20. Аўтапатруль АМАП аб’язджаў тэрыторыю і пабачыў ля дамбы мужчыну, чые паводзіны выглядалі неадэкватнымі: ён крычаў, махаў рукамі, нецэнзурна выражаўся.
Калі праваахоўнікі падышлі да мужчыны, ён пусціўся наўцёкі, а потым дастаў нож і пайшоў у бок амапаўцаў. Патрабаванні спыніцца ён праігнараваў, таму патрульныя зрабілі папераджальны стрэл у паветра. Гэта змусіла парушальніка кінуць нож на зямлю і спыніцца.
Мужчыну затрымалі і даставілі ў Цэнтральнае РУУС. Там высветлілася, што затрыманаму 37 гадоў, ён нідзе не працуе, раней прыцягваўся да адказнасці за маёмасныя злачынствы і незаконны абарот наркотыкаў.
Па факце інцыдэнту праводзяць праверку.