Экспедыцыя, якая вандруе ўжо чвэрць веку

Источник материала:  
20.09.2018 — Разное

Экспедыцыя,  якая вандруе  ўжо чвэрць веку
Дзень беларускага пісьменства – хвалюючае, узнёслае свята роднай мовы, асветы, духоўнасці. А папярэднічае гэтай важнай культурнай падзеі Міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў» з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга, якая ўжо 25 гадоў вандруе па прасторах роднай Беларусі, паказваючы, што і праз стагоддзі наш народ з’яўляецца нашчадкам духоўных традыцый святых раўнаапостальных славянскіх асветнікаў Кірылы і Мяфодзія.

 

«Мы до вас з душою,
сонцэм і росою»


Такімі шчырымі, мілагучнымі паляшуцкімі словамі сустракалі жыхары Іванава ўсіх, хто завітаў сюды на свята Кнігі. Па сваёй сутнасці кніга была і па сённяшні дзень застаецца ўніверсальнай крыніцай інфармацыі. Таму сёлета ва ўрачыстай абстаноўцы ўшаноўвалі самых таленавітых сучасных празаікаў і паэтаў Іванаўшчыны. Яны былі адзначаны Нацыянальнай літаратурнай прэміяй. На гэтым цудоўным свяце кніга прадстаўлялася ўсімі існуючымі жанрамі. Тут можна было набыць мастацкую літаратуру для любога ўзросту і па свайму густу. Кнігі Максіма Гарэцкага, вершы Яўгеніі Янішчыц, паэзія Кітая… Для маленькіх чытачоў – серыя «Жывая класіка дзецям»; для тых, каму цікавы творы маладых аўтараў, – серыя «Час ХХI»…
У дзень свята быў адкрыты памятны знак «Янава слова» – сонечны гадзіннік з замацаваным у мармуравай чашы пяром, сімвалам пісьменства, і пазначаны ўсімі назвамі гарадоў, якія калісьці прымалі галоўнае літаратурнае свята краіны. З’явіўся ў Іванава і яшчэ адзін знакавы аб’ект – кнігарня «Верасень». Раней у горадзе не было спецыялізаванай кніжнай крамы, таму жыхары ездзілі ў Пінск, каб набыць патрэбную літаратуру. Неабходна адзначыць, што Іванаўшчына багата і на ўласныя таленты. «Тут адмысловы майстар – што ні хата. Тут што ні чалавек – мастак, паэт, – сцвярджае паэтэса Ірына Салома. – Яны сваім натхнёным сэрцам услаўляюць свой любы самабытны край». Таму больш за паўстагоддзя існуе літаратурнае аб’яднанне «Ясельда», а мясцовыя аўтары штогод прымаюць актыўны ўдзел у паэтычных чытаннях «Янаўскія замалёўкі». Два дні доўжылася свята і набрала такі размах, што выйшла за рамкі горада. Так, у Варацэвічах, на малой радзіме мастака і кампазітара Напалеона Орды, што ў 15 км ад Іванава, адбыўся міжнародны «круглы стол» «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго» з удзелам беларускіх і замежных літаратараў. А вось просты чалавек мог пагутарыць з аўтарамі, атрымаць аўтограф на памяць, набыць цікавую кніжку твораў на фестывалі кнігі і прэсы, які адбыўся на цэнтральнай плошчы.

Экспедыцыя,  якая вандруе  ўжо чвэрць веку

 


Так, яе Вялікасць Кніга была ў цэнтры гэтых святочных дзён. Аднак трэба заўважыць, што Дзень беларускага пісьменства адной літаратурай не абмежаваўся. Уразіла гасцей і жыхароў горада мастацка-тэатралізаваная дзея «Малой радзіме пакланюся!». А ўвечары можна было атрымаць асалоду ад творчасці майстроў мастацтваў, паслухаць класічную музыку ці патанцаваць на этнадыскатэцы. Прапанавалася і падарожжа па славутых мясцінах раёна. Вось, здавалася б, якое дачыненне мае да беларускіх мясцін знакаміты рускі пісьменнік Фёдар Дастаеўскі? Аднак менавіта з іванаўскай вёскі Дастоева паходзіць яго род. А Мотыль! Славуты цэнтр вырабу ручнікоў, кажухоў і папулярнай ярмаркі «Мотыльскія прысмакі». Ці ўзяць Стрэльна. Тут знаходзіцца адзіны ў нашай краіне музей народнай медыцыны «Бабуліны вышкі» з унікальнымі рэцэптамі. А сам горад Іванава! Сёлета яму – 595 гадоў. Гэта вельмі прыгожы і дагледжаны цэнтр Заходняга Палесся. Да Дня пісьменства ён яшчэ больш папрыгажэў, абнавіўся, заззяў новымі фарбамі. Яго парк плошчай больш за 26 га, скверы, вуліцы сталі вельмі ўтульнымі. Вось у такі чароўны край, дзе жывуць працавітыя, хлебасольныя і вельмі таленавітыя людзі, дзе кожны святар – інжынер чалавечай душы, і завітала наша Міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя, у традыцыі якой перанясенне Благадатнага Агню ад Гроба Гасподняга як сімвала асветы і ведаў паводле слоў Збавіцеля: «Я ёсць шлях, і праўда, і жыццё».

 

25 год– дата юбілейная


На працягу ўсяго гэтага часу ўдзельнікі экспедыцыі нясуць Святы Агонь людзям. Нясуць, бо святло Хрыстова прасвятляе, акрыляе і мацуе дух, дапамагае людзям далучыцца да духоўнай і культурнай спадчыны народа. А нязгасны Благадатны Агонь чвэрць века асвячае духоўную і культурную місію пілігрымаў, якія прайшлі і праехалі практычна ўсю Беларусь. Аднак, нягледзячы на час, усё засталося ў памяці – і тая першая экспедыцыя ў Хойнікі. І тое першае пасаджанае дрэўца – яблынька ў Купяцічах. І слёзы людзей, і іх словы падзякі – хоць і было не па дарозе, але ўсё ж такі завіталі… У гэтым годзе маршрут пралёг праз Мінскую і Брэсцкую вобласці і склаў каля тысячы кіламетраў. Місіянеры сустрэліся з прыхаджанамі Мінскай, Барысаўскай і Мар’інагорскай (Лагойск, Малыя Ляды, Свіслач, Рудзенск), Маладзечанскай (Дзяржынск), Слуцкай (Клецк), Пінскай і Лунінецкай (Святое Поле, Целяханы, Лагішын, Іванава), Брэсцкай (Ружаны) епархій.

Экспедыцыя,  якая вандруе  ўжо чвэрць веку

 


Вялікую і вельмі значную ролю ў гісторыі экспедыцыйнага руху адыграла заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» Ніна Загорская. Зараз гэтую справу працягвае яе сын Аляксандр Лапата-Загорскі. Ён кіраўнік экспедыцыі, навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, галоўны захавальнік цудатворнай Загор’е-Сталавіцкай іконы Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Аляксандр Мікалаевіч добра памятае, што за 25 гадоў праехалі больш за 31 054 км, хрэсным ходам прайшлі амаль 643 км. Да ўдзельнікаў экспедыцыі далучыліся звыш 3 мільёнаў вернікаў. Падчас набажэнстваў Благадатным Агнём асвечаны 643 храмы, капліцы, манастыры. Місіянеры выступілі перад грамадскасцю ў 2 567 аўдыторыях. У Сад Малітвы было высаджана больш за 2 606 дрэў розных парод. Удзельнікі экспедыцыі пры наведванні сацыяльных прытулкаў, бальніц, дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, дамоў ветэранаў вайны і працы, іншых сацыяльных устаноў ахвяравалі 97 350 свечак, запаленых ад Благадатнага Агню. Праз гэты рытуал, які сімвалізуе ўваскрэсенне Збавіцеля ў абліччы агню, кожны вернік можа дакрануцца да святыні і атрымаць ад яе Божую ласку.

 

У жыццёвую скарбонку


Свята пісьменства завяршылася. Удзельнікі экспедыцыі раз’ехаліся з надзеяй у наступным годзе зноў сустрэцца. Кожны з нас папоўніў сваю жыццёвую скарбонку.
Целяханы… Я адчула, што трапіла ў рай. Чаму? Тут жывуць вельмі гасцінныя і сардэчныя людзі. Яны ў адзін голас казалі, што гэта заслуга настаяцеля храма Святой Троіцы айца Васілія. Ён умацоўвае іх дух малітвай, добрым словам, уважлівасцю. А прыхаджане плацяць святару той жа манетай. Вось так і атрымліваецца жыццёвая ідылія на зямлі.
Лагішын… Хрэсны ход. Іх тут два. І ідуць яны насустрач адзін аднаму. Яшчэ імгненне – і гэта ўжо цэлае бязбрэжнае людское мора. А ў нябесны прастор ляціць калакольны звон. І здаецца, у адным храме ён пачынаецца, а другі, падхапіўшы, працягвае яго. А потым усё зліваецца ў адзін чароўны малітоўны звон. Гэта так. Храм Спаса-Прэабражэнскі і касцёл святых Паўла і Пятра стаяць зусім блізка адзін да аднаго.
Іванава… Вернікаў у храме Пакрова Прасвятой Багародзіцы – яблыку недзе ўпасьці. Шмат іх і каля храма. Наводдаль стаіць жанчына сталага ўзросту. Не заўважыць яе немагчыма: дабрата і інтэлігентнасць адчуваюцца ў незнаёмкі. Разгаварыліся. Яе жыццё – прыклад самаахвярнасці. Яна аб’ехала цэлы свет з сынам-пагранічнікам, пабывала ў шматлікіх «гарачых кропках» планеты, стаўшы яго анёлам-захавальнікам…
Дзень беларускага пісьменства – свята, дзе з народам размаўляюць вякі, дзе гучыць роднае беларускае слова. Дзякуй, Іванава, за гасціннасць, за натхненне, за добры настрой, за тыя сустрэчы, якія немагчыма забыць.

 

Валянціна ХАМЧУК.

←Огурчики всем на зависть. Опыт читателя

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика