29 верасня у Ганцавіцкім раённым доме рамёстваў (вул. Суворава, 2) адбудзецца раённае свята народнай творчасці і рамёстваў “Багач” у межах Года малой радзімы. Мэтай правядзення мерапрыемства з’яўляецца захаванне, падтрымка, актуалізацыя, папулярызацыя рэгіянальнай і лакальнай традыцыйнай нематэрыяльнай і матэрыяльнай культурнай спадчыны беларусаў.
Менавіта ад нас залежыць захаванне ўнiкальнага асяроддзя традыцыйнай культуры, якая з’яўляецца нацыянальным набыткам, даўно страчаным многімі еўрапейскімі народамі з-за наступу навукова-тэхнічнага прагрэсу. Традыцыйная народная творчасць – не толькі гістарычны скарб, але і жывая з’ява сённяшніх дзён. Ёю можна з поўным правам ганачыцца, але і адначасова прымаць меры па зберажэнні і адраджэнні.
Запрашаем для ўдзелу ў свяце діцячыя і дарослыя фальклорныя калектывы, а таксама асобных выканаўцаў народнай музыкі і танцаў, майстроў народнай творчасці.
Свята пройдзе ў жывой нязмушанай атмасферы, дзе ўдзельнікі гуртоў і асобныя выканаўцы прадставяць абрады, спевы, танцы ды іншыя складнікі традыцыйнай культуры. Асноўнай дзеяй свята з’яўляецца абрад Багач, які скіраваны на захаванне дабрабыту, ураджайнасці, сямейнага ладу. У народным календары Багач прымеркаваны да заканчэння збору ўраджая (“к гэтаму часу ў кожнага ўсяго багата”) і да першага запальвання хатняга агменю – васковай свечкі ў лубцы з жытам, якую ставяць на покуць і захоўваюць там на працягу ўсяго года, што прыносіць у дом багацце і шчасце.
Для ўдзельнікаў і гасцей свята распрацавана цікавая і разнастайная праграма: інтэрактыўная фотазона, майстар-класы, дзіцячая пляцоўка з гульнямі і прызамі, беларуская кухня, канцэрт і танцы. Падчас мерапрыемства будзе працаваць рынак рамеснікаў, дзе можна набыць прыгожыя падарункі і сувеніры.
Акрамя гэтага, падчас свята, пройдзе ўрачыстае адкрыццё выставы вышытых абразоў да свята Пакроў Прасвятой Багародзіцы, а таксама будуць узнагароджаны пераможцы і ўдзельнікі выставы малюнкаў і фотаздымкаў “Спадчына” да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін у межах Года малой радзімы і 120-годдзя заснавання горада Ганцавічы.
Запрашаем усіх жыхароў і гасцей Ганцаўшчыны на «Багач» 29 верасня.
Пачатак: 12.00.
ПРАГРАМА СВЯТА:
12.00-15.00 — Выстава-продаж “Восеньскі кірмаш”
12.00-14.00 — Фотазона:выраб восеньскіх вянкоў, саламяных фігур, прыродных упрыгожванняў
12.30-12.50 — Адкрыццё выставы абразоў да свята Пакроў Прасвятой Багародзіцы
12.00-13.00 — Майстар-класы лепка з гліны і выраб лялек, саломапляценне і пляценне лапцей
12.00-15.00 — Беларуская кухня
13.00-13.20 — Абрад “Багач”
13.30-14.00 — Канцэрт дзіцячых фальклорных калектываў
14.00 — Узнагароджванне ўдзельнікаў выставы“Спадчына”
12.00-12.30 — Дзіцячая пляцоўка: хадулі, лыжы, забавы!
14.00-14.30 — Канцэрт дарослых фальклорных калектываў
14.30-15.00 — Танцы. Майстар-клас