Какие изменения по оплате услуг за электроэнергию вступили в силу?
Як і абяцалі, сёння мы працягваем знаёміць нашых чытачоў са зменамі, якія адбыліся ў аплаце паслуг пасля ўступлення ў сілу ў ліпені пастановы Саўміна нумар 510. Асноўныя моманты, якія датычацца аплаты за электраэнергію, тлумачыць інжынер Ушацкага вытворча-збытавога ўчастка А.А.ЛАБАНЬ.
– Артур Аляксандравіч, за электрычнасць, як і за газ, плаціць па субсідзіруемых цэнах па двух адрасах маюць права пенсіянеры і інваліды?
– Так, аднак адразу агаваруся – пенсіянеры агульнаўстаноўленага ўзросту, якія дасягнулі адпаведна 55 і 60 год. Яшчэ адзін важны момант – яны павінны быць уласнікамі і аднаго, і другога жылля. Калі ж аднаму чалавеку належыць не дзве, а больш кватэр, дач ці дамоў, ён сам выбірае тыя дзве жыллёвыя кропкі, па якіх аплата будзе весціся па субсідзіруемых цэнах.
– І абавязкова трэба быць зарэгістраваным па абодвух адрасах?
– Так, па месцы пастаяннага пражывання ў пашпарце ставіцца штамп, а па часовым – выдаецца ўкладыш. Атрымаць яго можна ў сельвыканкамах, а для жыхароў гарпасёлка – у групе па разлікова-пашпартным абслугоўванні г.п.Ушачы.
– Таксама па двух адрасах па льготных цэнах аплачваюць спажытую электраэнергію інваліды І і ІІ груп?
– Так, але па адным адрасе – па субсідзіруемых, а па другім – 50 працэнтаў кошту ад зацверджанага аб’ёму. Інвалід звяртаецца да нас з заявай, у якой указвае перыяд і адрас, па якім будзе разлічвацца па льготным тарыфе.
– Прачытала, што дадатковыя льготы атрымалі і грамадзяне, якія жывуць у дамах без гарачага цэнтральнага водазабеспячэння, аднак з прыродным газам.
– Гэта датычыцца толькі тых, хто карыстаецца бойлерамі: жыхары прыватнага сектара з аднаконтурнымі катламі, якія служаць толькі для падачы газу да пліты і ацяплення. А таксама ўладальнікі кватэр, да якіх не падведзена гарачае водазабеспячэнне. У гарпасёлку гэта шматпавярхоўкі па Савецкай, прыватнікі ў вёсцы Ліпавец.
– Што ім трэба рабіць, каб атрымаць ільготу?
– Нічога, мы правялі карпатлівую работу, зверылі з газавікамі ўладальнікаў аднаконтурных катлоў і для іх аўтаматычна змяніўся разлік. Яны па субсідзіруемых тарыфах аплачваюць не 150 кілават, як раней, а 250, і толькі з 400 – па эканамічна абгрунтаваных. За ліпень ім зроблены пераразлік. Калі ж нехта выпадкова не трапіў у льготны спіс, тэлефануйце па нумары 5-73-63.
Падрыхтавала Вольга Караленка.