Полезный урок от Агрика. Занятия по финансовой грамотности прошли в 5-х классах Ушачской школы
Напачатку верасня дадзены старт рэспубліканскай акцыі “Твае першыя фінансы”, якую праводзіць “Белаграпрамбанк” сумесна з Нацбанкам і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Аднымі з першых далучыліся да яе вучні Ушацкай школы. На самым старце навучальнага года – 1 верасня – урок фінансавай граматнасці прайшоў тут для ўсёй паралелі пятых класаў.
Зрэшты, такі не зусім звычайны занятак праводзілі не педагогі, а работнікі ЦБП №237 г.п.Ушачы ААТ “Белаграпрамбанк”. “Фінансавая адукаванасць, як і любая іншая навука, патрабуе дасканалага вывучэння, – расказвала пяцікласнікам дырэктар установы І.Б.Бурак. – Аднак, калі ведаць асновы, можна навучыцца правільна размяркоўваць грошы (спачатку тыя, што даюць бацькі на кішэнныя расходы, а пазней – заробленыя самастойна). Фінансавыя веды дапамогуць любому дзіцяці ўпэўнена адчуваць сябе ў “дарослым свеце”.
Ірына Барысаўна падкрэсліла, што “Белаграпрамбанк” невыпадкова стаў арганізатарам акцыі. На працягу многіх гадоў ён удзяляе значную ўвагу дзецям: ствараюцца спецыяльныя банкаўскія прадукты, аказваецца спонсарская дапамога маладзёжным праектам, установам адукацыі.
Прыемным бонусам да цікавага аповеду сталі для хлопчыкаў і дзяўчынак падарункі ад “Белаграпрамбанка”: паветраныя шары з сімволікай установы і кнігі “Твае першыя фінансы”. У гэтым маляўнічым зборніку казак на беларускай мове ў цікавай і даступнай форме расказваецца пра гісторыю з’яўлення грошай, пра тое, што такое ўклады, крэдыты і інш. А дапамагае на старонках кнігі разабрацца ў гэтых пытаннях фірменны персанаж банка Агрык, які суправаджае ўсе святочныя мерапрыемствы для дзяцей і з’яўляецца своеасаблівым талісманам акцыі.
Праект “Твае першыя фінансы” вядзе свой адлік з верасня 2014-га. Тады зборнік казак атрымалі каля 25 тысяч пяцікласнікаў сельскіх і некаторых гарадскіх школ. У 2015-м падарунак уручаны ўжо 88 тысячам школьнікаў, праз год – яшчэ 100 тысячам. Плануецца, што сёлета кнігі па фінансавай граматнасці атрымаюць каля 350 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.