Станислав Малахов на комбайне «Нью Холанд» первым в районе намолотил тысячу тонн зерна
Многія вясковыя юнакі лічаць працу ў сельскай гаспадарцы непрэстыжнай і малааплачваемай, а таму імкнуцца ў гарады. З гэтым меркаваннем можа паспрачацца малады механізатар філіяла “Маяк-Ушацкі” ААТ “Полацкі камбінат хлебапрадуктаў” Станіслаў Малахаў, які з’яўляецца рэкардсменам на жніве і ўжо знаёмы чытачам “Патрыёта”.
З дзяцінства глыбачанскі хлопец цягнуўся да тэхнікі і, закінуўшы пасля школы ранец, бег да бацькі: назіраў, як той працуе. А пазней не раздумваючы падаў дакументы ў Ульскі прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці. Скончыўшы яго з адзнакай, прадоўжыў навучанне ў Гарадоцкім тэхнікуме, дзе таксама атрымаў “чырвоны дыплом”. Свой стаж і вопыт Станіслаў напрацоўваў на радзіме. Улівацца ў калектыў было нескладана, бо ўсё яму тут добра знаёма, а плячо падстаўляў бацька – надзейны настаўнік і вопытны механізатар. Сёння ў Станіслава Малахава ўжо больш пяці гадоў механізатарскага стажу, з іх не адзін сезон – на камбайне. Ну а гэты год для маладога працаўніка асаблівы: на новым месцы яму не толькі даверылі ўборку ўраджаю, а і сучасную тэхніку – высокапрадукцыйны камбайн “Нью Холанд”.
– Раней працаваў на айчынным, але і ў нюансах работы гэтага разабраўся даволі хутка. Канечне, прыемна, што менавіта мне аказалі такі давер, таму стараўся не падвесці прадпрыемства. Тым больш, што працаваць даводзілася і ў гаспадарцы суседняга Полацкага раёна, – расказвае Станіслаў.
На пачатку хлопец саступаў па намалоце калегам з іншых гаспадарак, але хутка захапіў лідарства, як мы ўжо паведамлялі, першым у раёне намалаціў 700 тон. А на гэтым тыдні, якраз на фінішы жніва-2018, перасягнуў і планку ў тысячу тон. Трэба сказаць, што С.Малахаў не толькі першы і адзіны тысячнік Ушаччыны, а і чацвёрты ў вобласці сярод маладзёжных экіпажаў! З гэтым працоўным дасягненнем працаўнік учора прымаў віншаванні. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Т.Б.Клімашэўская і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў М.А.Шаўчэнка ўручылі механізатару Дыплом, грашовую прэмію ў памеры 45 рублёў, вымпел пераможцы і сімвалічную наклейку з надпісам “1000 тон”, а начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В.П.Котаў – падарунак.
Трэба адзначыць, што хлопец праявіў сябе не толькі на жніве: падчас корманарыхтоўкі быў на першых пазіцыях на адвозцы зялёнай масы на давераным яму “Кіраўцы”.
– У горад не імкнуся, на любым месцы можна зарабіць, калі сумленна выконваць сваю работу, – упэўнена сказаў Станіслаў.
А яшчэ 26-гадовы хлопец прызнаўся, што вельмі стараецца, каб ажыццявіць сваю мару: набыць уласны дом для сваёй маладой сям’і і быць у ім сапраўдным гаспадаром!
Вольга КАМАРКОВА.