Нататкі вандроўніка. Падарожжа да двух мораў

Источник материала:  
05.09.2018 — Разное
Не настолькі я фанатычная верніца, каб з паломнікамі накіравацца ў пілігрымку па святых месцах Зямлі абетаванай. Таму з дапамогай тураператара забраніравала пакой у трохзоркавым атэлі курортнага гарадка Натанія на беразе Міжземнага мора і выкупіла білеты на самалёт.

Нататкі вандроўніка. Падарожжа да двух мораў

Натанія, скульптура музыкаў.


 Бюджэт падарожжа складаўся з адпускных, зарплаты, пенсіі і падораных сынамі на дзень нараджэння “зялёных”. Гэтых грошай хапіла каб вальготна адчуваць сябе ў Ізраілі напрацягу тыдня, аплаціць медыцынскую страхоўку і здзейсніць тры турыстычныя паездкі па самых знакавых мясцінах гэтай цудоўнай краіны. Дарэчы, віза сюды не патрабуецца, але на пашпартным канролі вас будуць прыдзірліва свідраваць вачыма, выпытваць пра мэту наведвання і, барані божа, калі вы не маеце зваротнага білета на самалёт!..

Для жыхароў паўночных краін лепшы час паездкі ў Ізраіль – ранняя вясна або позняя восень. Зімой там ветрана і дажджліва, летам – невыносная спёка, дыскамфорт ад якой адчуваюць нават ураджэнцы гэтых шырот. У сакавіку ртутны слупок тэрмометра вагаецца паміж 22 і 24 градусамі па Цэльсію, вада ў Міжземным моры кала 18 градусаў, а на Мёртвым моры праграецца да 25-27.

Натанія

Нататкі вандроўніка. Падарожжа да двух мораў

Натанія ў Пурым: “фараон” і яго сямейства”.


У адрозненне ад прарока Маісея, які праз 40 гадоў блукання па пустыні так і не ўвайшоў у Зямлю абетаваную, аддаўшы Богу душу на гары Нево, мне пашчасціла больш. У першы дзень вясны, па-нашаму 1 сакавіка, а па-мясцоваму 15 адара, я шчаслівая ішла па зямлі біблейскай Палестыны, зямлі Ізраільскай. Маё вочнае знаёмства з краінай пачалося з досыць маладога горада Натанія, хаця недалёка археолагі знайшлі рэшткі старажытнага пасялення Тэль Арад, з якога жыхары сышлі прыкладна пяць тысяч гадоў таму. За даўніной стагоддзяў невядома прычына сыходу адсюль насельніцтва, а вось сучасны прыцягвае да сябе выгадным размяшчэннем на высокім марскім беразе, мяккім кліматам, багатымі цытрусавымі садамі.

Кінуўшы рэчы ў гасцінічным нумары, адразу пайшла да мора, якое спакусліва блішчэла за акном. Квітнеючыя клумбы, газоны, скрозь пакрытыя металічнымі шлангамі арашальнай сістэмы, гэта першыя сведчанні таго, што Ізраіль – краіна-аазіс у пустэльні. Шпацыруючы басанож на пляжу, заўважыла, што адпачываючыя не спяшаюцца агаляцца і разувацца, тым больш купацца. Але ж у нашых рэчках вада і ў спёку не цяплейшая, таму – айда з галавой у хвалі!

- Вы напэўна з Сібіры? - прывітала мяне ўсмешлівая жанчына, адзіная на ўсім ўзбярэжжы ў купальніку, калі я задаволеная, выйшла з мора. Дазнаўшыся, што я з Беларусі, з павагай працягнула руку, - а я Люба, жыву тут дзесяць гадоў, прыехала некалі з Малдовы да дачкі ўнукаў падгадаваць, ды так і засталася.

Ад Любы я даведалася, што палова насельніцтва Натаніі – рускамоўныя, большая частка якіх – гэта перасяленцы з постсавецкай прасторы. Жанчына не толькі гадавала ўнукаў, але і падпрацоўвала, таму сёння мае мінімальную сацыяльную ізраільскую пенсію ў памеры 5500 шэкеляў або 1500 даляраў. Для жыцця ў Ізраілі гэта няшмат, але хапае, каб заплаціць за арэнду жылля і на харчаванне. Паслугі медыцыны бясплатныя для тых, хто мае страхавы поліс (падаткі каля 7 даляраў у два месяцы), пры адсутнасці такога толькі за выклік хуткай дапамогі неабходна заплаціць звыш за 100 даляраў. Дэкрэтнага адпачынку цягам трох гадоў, як у нас, там няма – жанчыне тры месяцы пасля родаў выплачваецца сярэдняя зарплата па месцы працы. Затым дзіця можна аформіць у прыватныя яслі, кошт якіх часта большы, чым можа зарабіць у сярэднім матуля. Таму многія гадуюць дзяцей самі ажно да школы, а фінансамі забяспечваюць сям’ю таты. З добрааплочваемай работай праблем няма, таму і свідравала мяне на пашпартным кантролі служачая аэрапорта - колькасць нелегалаў у краіне расце, што можа мець не лепшыя наступствы на рынку працы ў будучым.

Са сваім неяўрэйскім шчасцем я па-традыцыі ўліпла: першыя дні знаходжання ў Ізраілі выпалі на свята Пурым (нешта нашкшталт нашай масленіцы), якое заканчвалася ў суботу, калі для яўрэяў свяшчэнны сёмы дзень – шабат. Мёртвы сезон у гандлі. Харчавалася ў кафэ пры атэлі пераважна кашэрнай ежай. Там працуюць у асноўным нашы – з Беларусі, Расіі, Украіны, Грузіі… Можна было выкарыстаць паслугі вулічнага гандлю, але, па-першае, я катэгарычна супраць “тратуарнага” харчавання, а па-другое, вельмі кусучыя цэны. І хаця ў Пурым, калі людзі аб’ядаюцца і весяляцца, мяркуецца дарыць падаркі і падтрымліваць жабракоў і малазабяспечаных, мне гэта не свяціла, мусіць праз мой рэспектабельны выгляд. У суботу вечарам з тэлевізійных рускамоўных навін даведалася, што ў адным з гарадоў на поўдні краіны гандляры патрабуюць адмяніць шабат у сувязі з эканамічным крызісам… Можа і маюць рацыю, падумала я засынаючы.

Раніцай пабегла на мясцовы рынак. Горад адмывалі з дапамогай палівачных машын і адчышчалі пасля народных гулянняў. У Пурым дзецям дазваляецца ўсё, ну ці амаль усё, але пасля разгулу бязмежнай анархіі застаюцца горы смецця, запэцканыя фарбамі і спецыяльнай каляровай пенай тратуары, сцены, вітрыны. Праз пару гадзін наўкола чысціня і парадак. На вуліцы Херцэль каля скульптурнай кампазіцыі “Клезмеры” (музыканты прыхільнікі стылю, што з іврыту перакладаецца як “сасуды душы”) выпадкова сустрэлася з Любай. Падумалася, што вось ужо ёсць знаёмы чалавек у Ізраілі.

Мёртвае мора

Кажуць, што гэта мора – рэшта былога акіяна. За тысячагоддзі вада з яго выпарылася, былое дно ператварылася ў саляную пустэчу, а ў той, што засталася, такая высокая канцэнтрацыя солі і мінералаў, што на вобмацак яна больш нагадвае алей. Штогод узровень вады ў вадаёме паніжаецца на адзін метр. Недзе ў гэтых мясцінах былі біблійскія гарады Садом і Гамора, якія зніклі з твару зямлі, як і колішні акіян. У гэтым моры немагчыма патануць, але можна гора цяпнуць праз няправільныя паводзіны, калі брызгі трапяць на слізістыя абалонкі ці ў вока. Сюды прыязджаюць лячыць суставы, умацоўваць імунітэт, пазбаўляцца ад стрэсу і розных захворванняў.

Нататкі вандроўніка. Падарожжа да двух мораў

Мёртвае мора.


Трагікамічны савецкі фільм “Кін-дза-дза” прыгадаўся, калі да прыпынку за адпачываючымі падруліў трактарчык з трыма вагонамі-платформамі, які падвозіць да пляжу. Многія з гумарам адрэагавалі на такі трансфер: можа, не вельмі камфортна на драўляных лаўках трэсціся па каменна-саляной дарозе, затое прыкольна.

Босымі нагамі па беразе не паходзіш, бо ён – суцэны саляна-каменны крышталепадобны рыф, з вострымі небяспечнымі наростамі. Затое, апынуўшыся ў вадзе, можна гойдацца, як паплавок, на спакойных цёплых хвалях. Уздоўж берага душавыя кабіны з прэснай вадой для абмывання, шэзлонгі, парасоны.

Назад вяртаемся прагрэтыя, задаволеныя. Справа – стромкі бераг Мёртвага мора, злева - камяністая пустыня, дзе на арашаемых участках мясцовыя фермеры вырошчваюць агародніну, ананасы, трускалкі. Час ад часу вітаюць мінакоў, пагойдваючы пышнымі лапамі, фінікавыя гаі, дзе да кожнага дрэўца працягнуты шланг. Уздоўж дарогі цягнуцца шматкіламетравыя арашальныя сістэмы. Трэба сказаць, што Ізраіль – краіна, дзе ўся вада апрэсненая марская. Спецыялісты рэкамендуюць штодзённа ўжываць мінеральную ваду, бо абяссоленая не мае мінералаў, неабходных арганізму для нармальнага функцыянавання.

Нататкі вандроўніка. Падарожжа да двух мораў

Арашальная сістэма на клумбах.


- Справа так званая Палестынская аўтаномія, - абвяшчае наш гід. Але за высокім васьміметровым жалезабетонным дувалам – раздзяляльным плотам бяспекі, толькі абрысы змрочных неасветленых гэтай вячэрняй парой высотак. Затое Іерусалім сустракае нас морам агней, яскравымі рэкламнымі шчытамі. Заўтра экскурсія па гораду, свяшчэннаму для трох рэлігій: іўдаізма, хрысціянства, іслама.

Йерашалаім

Як жыццё чалавека, так і гісторыя пэўных мясцін цікавыя не столькі фактамі свайго існавання, як шлейфам легендаў і міфаў, што ўецца вакол. Калі б я магла меркаваць, што экскурсія па Іерусаліму ператворыцца ў экзамен па гісторыі рэлігій свету, то хоць крыху пагартала б універсітэцкі падручнік. А так хадзіла з блазнаватым выглядам услед за гідам Леанідам, які родам ні то з Рыгі, ні то з Ленінграда, ловячы кожнае яго слова і атрымліваючы чарговую порцыю папрокаў за сваю неадукаванасць і няведанне хрысціянскіх дагматаў, якія ён, іўдзей, ведае… А калі імкнучыся адчуць Божую прысутнасць, ледзьве датыкалася да бруку старажытных вулачак, гатовая ўзнесціся над Віа Далароза, адчула, як нехта пяшчотна ўзяў мяне за локаць і голасам іудзея Лёні прамовіў: “Ён не хадзіў па гэтых камянях. Ён хадзіў вось там”. Я апынулася каля глыбокай ямы, на дно якой вялі пярэнчыны драбіны, а наш гід, ператварыўшыся з іудзея ў гісторыка, працягваў:

- Вось там на глыбіні шасці метраў былі вулкі, па якіх хадзіў Іешуа. Гэты горад разбуралі і руйнавалі столькі разоў, што культурныя пласты ранейшых цывілізацый засталіся пад руінамі і ажно на глыбіні 12 метраў археолагі знаходзяць сляды колішніх пасяленцаў.

Чарговы міф, разбураны экскурсаводам, – Гефсіманскі сад. Ад храма Прачыстай, дзе знаходзіцца труна Багародзіцы, мы падымаемся па прыступках да легендарнага саду на вышыню каля шасці метраў. Пячорнага тыпу храм быў пабудаваны крыжакамі ў ХІІ стагоддзі, то ніяк не моглі захавацца ў садзе алівы, што раслі там дзве тысячы гадоў таму, каля якіх маліўся Хрыстос у ноч свайго арышту. А вось камень, каля якога маліўся Збаўца, захоўваецца ў прыгожым каталіцкім храме – гэта Базіліка Агоніі Гасподней або Царква ўсіх нацый пабудавана ў 1924 годзе на месцы ранейшых культавых будынкаў.

Храм Труны Гасподней асабіста мне заўжды хацелася называць храмам Ушэсця Гасподняга. А яшчэ хацелася наведаць яго без натоўпу экскурсантаў. Мне гэта ўдалося. Я была там сама па сабе і хадзіла, куды вялі ногі і інтуіцыя, малілася там, дзе падгіналіся калені, запальвала свечкі ў тых месцах, дзе сэрца ірвалася з грудзей. Гэта адзінае месца, дзе я нічога не фатаграфавала, толькі выпадковая папутчыца падлавіла мяне каля Кувукліі – капліцы куды сыходзіць на Вялікдзень Святы Агонь.

Сцяна плача

Леанід папярэджвае нас, як сябе правільна паводзіць, каб не пакрыўдзіць пачуцці вернікаў, і мы накіроўваемся да іўдзейскай святыні: жанчыны направа, мужчыны налева. Мужчынская палова поўпустая, а на жаночай да сцяны не даступіцца. Але можна ўзяць крэсла і сядзець. Іўдзейкі моляцца доўга і засяроджана. Калі хто жаліцца на зацягнутыя па часе службы ў праваслаўных храмах, то яны проста не прысутнічалі на маленнях каля Сцяны плачу.

Нататкі вандроўніка. Падарожжа да двух мораў

Сцяна плача.


Пасля наведвання горніцы тайнай вячэры, што над грабніцай цара Давіда на гары Сіон, экскурсавод жартоўна называе нас “сіаністамі”. А “сіаністы”, поўныя ўражанняў, з перагружанымі інфармацыяй файламі, мараць хутчэй перакусіць кашэрнай шакшукі (нешта накшталт нашай яешні з памідорамі) і заваліцца спаць.

Яффа

Старажытны горад Яффа калісьці быў галоўным портам краіны на Міжземным моры. Экскурсія пачынаецца ад царквы Святога Пятра. Калісьці тут на месцы пахавання праведнай Тавіфы, якую ажывіў у свой час апостал Пётр, была своеасаблівая гасцініца для паломнікаў, якія прыбывалі морам і кіраваліся ў Святы горад. Дзень пачатку пабудовы праваслаўнага храма я запомніла дакладна, бо гэта дзень майго нараджэння – 6 кастрычніка. У гэты дзень у 1988 годзе тут прысутнічалі вялікія князі Сяргей і Павел Раманавы і вялікая княгіня Лізавета Фёдараўна. Праектавалі царкву італьянскія майстры, а будавалі - мясцовыя жыхары.

Нататкі вандроўніка. Падарожжа да двух мораў

Яффа, від на Тэль-Авів.


Крыху ўбаку бачым цікавы фантан і на гэтым наш праваслаўны маршрут заканчваецца. Бо фантан знакаў задыяка - адпраўны пункт па старажытнаму гораду, дзе кожны падарожнік пачынае шукаць сімвалы свайго знака ў назвах вулак, завулкаў, на мастках, на цаглінах тратуара…

Сучасны горад Тэль-Авів узнік як прыгарад. Проста новым пасяленцам і старажылам Яффы, якія хацелі пашыраць сваю вытворчасць, не хапіла месца. Яны стварылі новы горад у пустыні з каменя і пяску, які сапраўды адпавядае сваёй назве “Курган вясны”, бо жыхары ператварылі яго ў квітнеючы сад.

А на адным з завулкаў горада Яффа мы ўбачылі цікавую скульптуру “Лунаючы апельсін” – сімвал падвешанасці яўрэйскай нацыі. Бо лёс гэтага народа, як тое дрэва апельсіна, што прыдумаў скульптар Ран Марын, пасадзіўшы яго ў вялікі жбан, што лунае на моцных тросах, прывязаных да суседніх дамоў. Чаму апельсін, а не аліва? Бо Яффа быў заўжды ці не галоўным пастаўшчыком кітайскіх яблыкаў “эпл Сін”. Горад літаральна патанаў ў апельсінавых садах і гаях.

Нататкі вандроўніка. Падарожжа да двух мораў

“Лунаючы апельсін".


Хансіл на развітанне

Таксіст, што вёз мяне ў аэрапорт ў дзень адлёту, кіўнуў галавой направа і папярэдзіў, што мой рэйс затрымаецца, бо з пустыні ідзе хансіл – гарачы з пылам вецер. Я прапанавала спыніцца і набраць дармавых апельсінаў, што дарэмна прападалі пад дрэвамі.

- Нельга! Гэтаму саду сем гадоў, а на сёмы год ураджай не збіраюць, як і поле на сёмы год пад парай пакідаюць.

“І тут шабат,” - падумала я, са шкадаваннем гледзячы на загніваючыя апады цытрусаў.

Праз гадзіну наваколле зацягнуў шчыльны туман, такі што не бачна было праз шкляныя сцены аэрапорта нават бліжэйшых самалётаў. Рэйсы пераносіліся. Мой вылет адкладваўся, і гэты час бавіла ў гутарках з беларускамі, якія вярталіся хто з гасцей, хто з працы, хто з паломніцкай паездкі. Эмоцыі ва ўсіх станоўчыя, і ўсе марылі яшчэ хоць раз наведаць гэту цудоўную краіну, пабудаваную працавітымі і дбайнымі людзьмі на балотах, у пустэльнях, на каменных гарах паміж двух мораў.

Нататкі вандроўніка. Падарожжа да двух мораў

Узбярэжжа каля Натаніі.

Ала КЛЕМЯНОК.

Фота аўтара.


←Нестабильность и нужда во внешней поддержке. Что роднит системы госуправления Беларуси и Украины

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика