Вокнамі чыстымі школа ўсміхаецца
Прадукцыйным быў мінулы навучальны год для педагагічнага калектыву і вучняў Бабуніцкай сярэдняй школы. Як паведаміў дырэктар Уладзімір Герасіменка, агульнымі намаганнямі было заваявана па вучэбных прадметах шэсць дыпломаў на абласных алімпіядах і чатыры – на рэспубліканскіх.
Вынікі цэнтралізаванага тэсціравання паставілі школу на 4 прыступку па ведах з 25 устаноў адукацыі раёна. Прыемна адзначыць, што выпускнік 2018 года Багдан Шарамет стаў студэнтам БНТУ. Ён будзе праходзіць навучанне на факультэце горнай справы і экалогіі. Астатнія шэсць выпускнікоў сталі навучэнцамі сярэдніх спецыяльных устаноў і ліцэяў.
Школа славіцца не толькі разумовымі і творчымі здольнасцямі дзяцей і настаўнікаў. Калектыў тут старанны і працавіты. Так, папрацаваўшы вясной на пасадцы лесу ў Міхедавіцкім лясніцтве, школа зарабіла амаль 3 тысячы рублёў. Гэта дазволіла поўнасцю падрыхтаваць класы да новага навучальнага года, добраўпарадкаваць тэрыторыю. Уладзімір Мікалаевіч удзячны за супрацоўніцтва ляснічаму Васілю Харланаву.
Урачыстая лінейка, прысвечаная Дню ведаў і новаму навучальнаму году, адбылася традыцыйна 1 верасня. Словы прывітання ў першую чаргу былі прадастаўлены кіраўніку ўстановы. Уладзімір Герасіменка гасцінна запрасіў у краіну ведаў дзевяць першакласнікаў. Першай настаўніцай для іх стала Валянціна Лагунова.
Увогуле за парты сядзе сёлета 91 вучань. Падвоз арганізаваны для 55 вучняў з Міхедавіч, Аголіцкай Рудні і Грабава.
На заслужаны адпачынак пайшоў педагог з працяглым стажам, настаўнік фізічнай культуры і здароўя Васіль Палтаран. Замест яго прыйшла малады спецыяліст, былая вучаніца гэтай школы Юлія Глушко. Дарэчы, Юлія Юр’еўна атрымала з рук старшыні сельвыканкама Сяргея Харланава падарунак – валейбольныя мячы.
У школе будзе працаваць яшчэ адзін малады спецыяліст. Смачныя абеды будзе гатаваць Настасся Ліпская. Сама Насця з Лоеўскага раёна. Скончыла Хойніцкі ліцэй, дзе набыла прафесію повара. Кіраўнітва школы вырашыла пытанне з пражываннем для маладой дзяўчыны.
З падарункамі завітаў на лінейку і кіраўнік КСУП “Запаветы Ільіча” Сяргей Чыкіда. Летам у школе былі арганізаваны два лагеры адпачынку – краязнаўчы і працоўны. Так, на дапрацоўцы зерня былі заняты 10 вучняў. Сяргей Мікалаевіч прынёс для іх грашовыя заахвочванні. Для першакласнікаў – партфелі.
Партфель першакласніка атрымаў у гэты суботні дзень і Ягор Палтаран са шматдзетнай сям’і, дзе выхоўваецца восем дзяцей.
Падарунак ад Тураўскай епархіі атрымала вучаніца Марыя Крэс, якая летась разам з выкладчыцай гуртка “Выяўленчая творчасць” Валянцінай Заброцкай падрыхтавала работу для ўдзелу ў абласным конкурсе для творчай моладзі “Мазырская палітра”. Работа мела назву “Прычасце ў вясковай царкве”.
Так атрымалася, што новая царква ўзведзена ў аграгарадку якраз насупраць школы. Дарэчы, святар Сергій Капітан правёў у нядзелю малебен для вучняў.
Няхай новы научальны год будзе паспяховым і цікавым і для Бабуніцкай школы, і для ўсіх, хто прыступіў да працэсу адукавання сёлета! Цудоўнага настрою і новых здзяйсненняў!
Інга ГІЛЕНКА.
Фота аўтара.