Механізатары Дзітрый Прэнз і Аляксандр Петранкоў заняты на ўборцы кармавых бабоў
Вырошчванню зернебабовых культур у КСУП “Ніва-Барсукі” надаюць значную ўвагу. І на тое маюцца падставы, бо, у першую чаргу, — гэта вельмі істотная прыбаўка да стварэння трывалай кармавой базы для жывёлагадоўлі. Асаблівае месца ў папаўненні рацыёна бялком адводзіцца менавіта бабовым.
Як нам расказаў галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Аляксей Семашкевіч, усяго ў структуры пасяўных плошчаў зернебабовыя сёлета займалі 290 га, што складае 15% усіх пасеваў. На 90 га быў размешчаны гарох. Насенне падабралі нямецкай вытворчасці, расліны — устойлівыя ад палягання на выпадак дажджоў, што і пацвердзілася падчас сёлетніх значных ападкаў у ліпені. Гарох поўнасцю ўбралі, з кожнага гектара атрымана па 32 цэнтнера.
На такой жа плошчы былі пасеяны кармавыя бабы польскай селекцыі, па стане на ўчарашнюю раніцу з іх убрана трэцяя частка. Вырошчваннем гэтай культуры ніваўцы займаюцца ўжо трэці год. Сярэдняя ўраджайнасць сёлета — 34 ц/га. Яшчэ на 80 га быў убраны лубін, які даў з гектара па 20 ц. На 30 га размяшчалася сумесь лубіна з аўсом, якая вельмі падышла ў якасці зялёнай масы для корма жывёле.
Галоўны аграном КСУП «Ніва-Барсукі» Аляксей Семашкевіч
Вадзіцель Леанід Сямёнаў
Варта адзначыць, што на ўборцы зернебабовых задзейнічаны сапраўдныя прафесіяналы-механізатары. Аляксандр Петранкоў, кавалер ордэна Пашаны, узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”, а таксама яго калегі Аляксандр Няфёдаў, Дзмітрый Прэнз — гэтыя імёны добра вядомы ў раёне, ды і за яго межамі: не раз гэтыя працаўнікі дабіваліся высокіх дасягненняў у рабоце. І на адвозцы ад камбайнаў задзейнічаны не менш вопытныя і добрасумленныя вадзіцелі — Васіль Марозаў, Леанід Сямёнаў.
У КСУП “Ніва-Барсукі” значная ўвага надаецца яшчэ і травам. Тут высяваюць люцэрну, канюшыну, цімафееўку і іншыя культуры. Прычым пасевы камбінуюць. Калі раптам з-за пагодных умоў адна з культур , як кажуць, не ўдалася, на змену ёй прыходзіць другая. Усё гэта робіцца для таго, каб стварыць адчувальную кармавую базу.
Асаблівая стаўка ў гаспадарцы менавіта на гарох і кармавыя бабы, бо гэтыя культуры багатыя бялком, які вельмі неабходны ў рацыёне жывёлы. Да вырошчвання іх, як і да іншых культур, ніваўцы ставяцца вельмі адказна: падбіраюць якаснае насенне, апрацоўваюць пасевы неабходнымі хімпрэпаратамі. Высокую ацэнку мясцовым палям зернебабовых неаднаразова давалі спецыялісты падчас абласных і раённых семінараў па расліннаводстве, якія праводзіліся на базе КСУП “Ніва-Барсукі”.
А яшчэ гарох і бабы з’яўляюцца цудоўнымі папярэднікамі для іншых культур, асабліва збожжавых, бо насычаюць глебу азотам. Сёлета, адзначыў, Аляксей Семашкевіч, на былых гарохава-бабовых палях будзе пасеяна азімая пшаніца з разлікам на добры яе ўраджай у наступным годзе.
З забяспечанасцю кармамі для будучага зімова-стойлавага перыяду грамадскага статка ў ніваўцаў справы знаходзяцца на належным узроўні. Сёлета мясцовым працаўнікам удалося нарыхтаваць 11 тыс. т сенажу. З іх 2 тыс.т закансервавана ў палімерную ўпакоўку. Асабліва ўдаўся другі ўкос. Яшчэ не менш, чым 2 тыс.т плануецца дадаць да назапашанага.
Надышоў час і масавай уборкі кукурузы на сілас. Сёлета з гэтай мэтай “каралеву палёў” у гаспадарцы трэба будзе здрабніць на 690 га. Актыўна ўключыўся ў гэты працэс на корманарыхтоўчым камбайне “Палессе” механізатар Алег Стальмакоў.
Аляксандр ХАХЛОЎ.