«Тут мае карані»

Источник материала:  
30.08.2018 11:29 — Разное

ВЕСЕЛА, СВЯТОЧНА, СМАЧНА І НЕЗАБЫЎНА ПРАЙШЛО ТРАДЫЦЫЙНАЕ СВЯТА ВЁСКІ Ў АГАРЭВІЧАХ.

«Тут мае карані»

Надвор’е ў гэты дзень капрызнічала: з ранку была прахалода, затым выглянула парнае сонца, а потым, калі на пляцоўцы каля сельскага Дома культуры былі аформлены шматлікія выставы, расстаўлены сталы з неверагоднымі прысмакамі і прыгожа апранутымі сабраліся людзі, буйнымі кроплямі пасыпаў дождж. Аднак напужаць гасцей свята яму не ўдалося. Пад парасонамі стаялі агароўцы і прымалі шматлікія віншаванні, слухалі песні, радаваліся падарункам.

Першаму на свяце вёскі слова далі ганароваму госцю з Польшчы Кшыштафу Бонгарту Свяжынскаму, унучатаму пляменніку Ірэны Свяжынскай. Восем гадоў таму наведаў ён Агарэвічы, пабываў на сядзібе, пра якую неаднойчы чуў ад цёткі Ірэны Свяжынскай, старэйшай дачкі ўладальніцы ўнікальнай сядзібы ў Агарэвічах пані Марыі Апацкай.

– Я вельмі ўдзячны за запрашэнне на свята, – прызнаўся польскі госць. – Мне прыемна быць на зямлі сваіх продкаў, радасна знаходзіцца сярод простых і гасцінных людзей…

«Тут мае карані»

Кшыштаф Свяжынскі нарадзіўся ў Варшаве, доўгі час жыў у Швецыі. Калі выйшаў на песнію і вярнуўся ў Польшчу, вырашыў ажыццявіць сваю даўнюю мару – адшукаць беларускія карані свайго старажытнага роду. І гэта ў яго атрымалася. Некалькі дзён, праведзеных у Агарэвічах, сталі незабыўнымі.

На памяць аб сустрэчы польскі госць атрымаў ад агароўцаў карціну мясцовай мастачкі Алы Мірзаліевай, на якой дарагія яго сэрцу краявіды – панская сядзіба, старыя ліпы і мутныя сажалкі.

Пасля кароткага экскурсу ў мінулае храма Святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра на імправізаваную сцэну падняўся настаяцель царквы, іерэй Аляксандр Лемяза.

– Кожны год напрыканцы шчодрага жніўня ладзіцца ў Агарэвічах свята вёскі. Гэта сапраўднае свята, бо яно аб’ядноўвае людзей, прымушае тых, хто ад’ехаў ад сваёй малой радзімы, вярнуцца сюды, азірнуцца, успомніць… – сказаў падчас сваёй кароткай прамовы святар. – Мушу прызнацца, што гэта і маё свята, бо ў храме Святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра я служу ўжо трынаццаць гадоў!

Аб добраўпарадкаванні вёскі, дбайных гаспадарах, добрых і шчырых людзях гаварыла на свяце старшыня Агарэвіцкага сельвыканкама Вольга Бобка.

«Тут мае карані»

– Столькі людзей, якія так клапоцяцца аб сваіх дамах, прылягаючых да іх тэрыторыях, няма ні ў адной вёсцы сельсавета, – рэзюмавала напрыканцы свайго выступлення Вольга Іосіфаўна і ўручыла каштоўны падарунак гаспадарам самай добраўпарадкаванай сядзібы ў Агарэвічах – Надзеі і Леаніду Снарскім.

Сардэчна віталі на свяце Людмілу і Аляксандра Мухаў – сямейную пару, якая сёлета справіла сваё срэбранае вяселле, Наталлю Шаматульскую – клапатлівую матулю семярых дзетак, якія жывуць у Агарэвіцкім дзіцячым доме сямейнага тыпу, самых актыўных і адданых кнізе чытачоў бібліятэкі.

Вяртаючыся са свята вёскі ў Палоні, удзельнікі народнага аматарскага аб’яднання «Талака» гарадскога Дома культуры завіталі і ў Агарэвічы. Вясёлымі песнямі ў выдатным выкананні яны, безумоўна, парадавалі гасцей свята. А напрыканцы свайго выступлення кіраўніца калектыву, старшыня раённага конкурсу «Таленты Ганцаўшчыны» Ірына Марцінкевіч уручыла дыпломы яго пераможцам – сямейным калектывам Мірзаліевых, Цецярдынкаў, Лебедзевых, Аляксейчыкаў.

«Тут мае карані»

Шчырымі апладысментамі віталі на свяце ўсіх артыстаў Агарэвіцкага сельскага Дома культуры, аднак найбольш гучныя «сарвалі» самыя юныя выканаўцы. Дзяўчынкі-прыгажуні ў рознакаляровых сукеначках спявалі пра сяброўства і сваю вялікую любоў да маленькай радзімы.

Разыгралі на свяце і бяспройгрышную латарэю, галоўнымі «трафеямі» якой сталі прычэпы абрэзкаў з піларамы індывідуальных прадпрымальнікаў Сяргея Малышава і Валянціна Міхейкіна.

– Не адмовілі нам у спонсарскай дапамозе праўленне ААТ «Агарэвічы», уладальнік фермерскай гаспадаркі «Агра-Восень» Аляксандр Пішч. Фінансавую дапамогу аказалі прыватны прадпрымальнік Анастасія Казак, індывідуальныя прадпрымальнікі Людміла Гайцюкевіч, Валянцін Лёвін і Жанна Курылік, – не хаваючы сваёй вялікай удзячнасці, сказала вядучая праграмы, дырэктар Агарэвіцкага сельскага Дома культуры Ірына Сабецкіс.

…Сталы на святочнай пляцоўцы былі шчодра застаўлены хатнім печывам і салодкасцямі, якімі ласаваліся госці мерапрыемства, па ўсім наваколлі разносіўся духмяна-дымны водар рыбнай юшкі і шашлыкоў, ад жадаючых паспытаць якія не было адбою. Ліліся вясёлыя песні, людзі гаманілі паміж сабою і не спяшаліся разыходзіцца. Тым больш, што хмары, нібыта спалоханыя птушкі, падняліся высока-высока, даўшы дарогу лагоднаму вечароваму сонцу. Што ж, гуляць дык гуляць!

Тэкст і фота Галіны МІКАЛАЕВАЙ.

(Visited 3 times, 3 visits today)

←Пожилая борисовчанка присвоила забытый телефон

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика