Традыцыйна напрыканцы лета педагогаў Карэліччыны збірае разам жнівеньская канферэнцыя. Падзею, якая мае выключнае значэнне для сістэмы адукацыі раёна, кожны чакае адначасова з хваляваннем, радасцю і вялікім інтарэсам. Як прайшоў папярэдні навучальны год і што чакае ў новым, якіх поспехаў дасягнулі і над чым патрэбна яшчэ працаваць? Падчас жнівеньскай сустрэчы можна пачуць адказы на многія актуальныя пытанні. Тэма сёлетняй канферэнцыі “Сістэма адукацыі раёна – рэсурсы якасці і перспектывы развіцця” таксама знайшла шырокі водклік сярод прысутных.
28 жніўня ў зале раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці быў аншлаг. Прадстаўнікі 23-х устаноў адукацыі раёна, ветэраны працы і маладыя спецыялісты з розных куткоў Карэліцкай зямлі прымалі віншаванні з хуткім пачаткам новага навучальнага года і падводзілі вынікі мінулага. А гаварыць, сапраўды, было шмат пра што. Гэта зазначылі і ўсе ганаровыя госці канферэнцыі: намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Руслан Юр’евіч Абрамчык, прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Вольга Аляксандраўна Ханевіч і галоўны спецыяліст Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Вольга Віктараўна Куляка.
Руслан Юр’евіч Абрамчык падкрэсліў цыклічнасць прафесійнага жыцця настаўнікаў, што адмяраецца межамі навучальнага года. Менавіта гэта асаблівасць дае педагогам добрую магчымасць кожны год падводзіць вынікі сваёй працы, а значыць – пастаянна самаразвівацца. Таму выступоўца пажадаў прысутным плёну, ініцыятыўнасці, удалых новых пачынанняў, інавацыйных праектаў і цярпення, каб справіцца з усімі патрабаваннямі часу. Бо з працы настаўніка пачынаецца будучыня дзяцей, а значыць і дабрабыт малой радзімы і краіны ў цэлым.
Са шчырымі віншаваннямі звярнулася да залы і Вольга Віктараўна Куляка. Яна адзначыла вялікую каштоўнасць працы педагога, падзякавала за самаадданасць і любоў да прафесіі і пажадала, каб ў душы кожнага настаўніка заўжды гарэлі вера, надзея і любоў.
Госця з Гродна Вольга Аляксандраўна Ханевіч таксама далучылася да добрых слоў калегаў. Яна распавяла пра тое, што сёння сістэма адукацыі Гродзенскай вобласці развіваецца паспяхова і ўпэўнена. Адбываецца так таму, што кожны раён робіць дзеля высокай мэты ўсё магчымае і нават больш, у тым ліку і Карэліцкі.
Якраз пра стан спраў на Карэліччыне дэтальна і змястоўна расказала начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Ірына Валер’еўна Асташэвіч. На мове фактаў і яскравых прыкладаў былі падведзены вынікі працы сістэмы адукацыі раёна за 2017/2018 навучальны год і акрэслены перспектыўныя напрамкі далейшага развіцця. Даклад атрымаўся грунтоўным і прынцыпіяльным. У цэнтры ўвагі апынуліся наступныя тэмы: выкананне дзяржаўных праграм, якасць адукацыі, паспяховасць вучняў і іх дзейнасць у розных навуковых і творчых сферах, дасягненні ўстаноў на рэгіянальным і рэспубліканскім узроўнях, матэрыяльна-тэхнічная база, здароўе дзяцей, арганізацыя іх адпачынку і аздараўлення, прафілактыка асацыяльных паводзін, маладзёжная палітыка, прафесійная падрыхтоўка кадраў, інавацыйныя праекты, віртуальная прастора і іншыя.
У сваім выступленні Ірына Валер’еўна шчыра агучыла як “плюсы”, так і “мінусы”. Гэта калі, напрыклад, установы дашкольнай адукацыі дэманструюць значныя поспехі ў методыках працы з выхаванцамі на абласным ўзроўні і, у той жа, час тут існуе праблема з асфальтавым пакрыццём альбо абсталяваннем дзіцячых пляцовак. Ці калі на 1,0% павялічваецца колькасць школьнікаў, якія скончылі навучальны год на 9-10 баллаў і на 1,9% — тых, хто атрымаў атэстаты з адзнакай, і адначасова, пры дастатковым патэнцыяле дзяцей, на 0,04 балы змяншаецца рэйтынг вучэбных дасягненняў па выніках года і складае 7,18 балаў.
Але ж, насамрэч, любыя пытанні – вырашальныя, калі іх ёсць каму адрасаваць. Наконт гэтага Ірына Валер’еўна хораша сказала: “Усё навокал хутка мяняецца: дзеці, каштоўнасці, тэхналогіі навучання і выхавання. Але галоўным стратэгічным рэсурсам адукацыі застаюцца педагогі. Кожны іх дасягнуты вынік унікальны”.
Якраз за свае поспехі і атрымалі на канферэнцыі ўзнагароды лепшыя супрацоўнікі сістэмы адукацыі Карэліччыны.
На ўзроўні Міністэрства адукацыі Беларусі ўзнагароджаны начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Валер’еўна Асташэвіч і настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы” Марына Антонаўна Горбач. Дарэчы, прымаючы Грамату, Ірына Валер’еўна прамовіла: «Усёй душой, верай і праўдай служыла і буду служыць сістэме адукацыі Карэліцкага раёна!» І гэтыя словы варта аднесці да кожнага ўзнагароджанага на педагагічным форуме. А такіх людзей былі дзясяткі.
Ганаровыя граматы Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта ўручаны намесніку загадчыка па асноўнай дзейнасці ДУА “Яслі-сад г.п. Мір” Святлане Віктараўне Петрыман, настаўніку беларускай мовы і літаратуры ДУА “Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы” Алене Іванаўне Гімпель, настаўніку дапрызыўнай падрыхтоўкі ДУА “Лукская сярэдняя школа” Уладзіміру Уладзіміравічу Матусевічу.
Лістамі падзякі старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта адзначаны настаўнік фізічнай культуры і здароўя ДУА “Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы” Эдуард Вікенцьевіч Пацына, бухгалтар цэнтралізаванай бухгалтэрыі ўпраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Алена Леанідаўна Аляксандрава.
Дыплом Гродзенскага абласнога савета дэпутатаў атрымаў педагог дадатковай адукацыі Карэліцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Іван Уладзіміравіч Дзёмушкін, а Ганаровую грамату Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў – дырэктар ДУА “Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Карэліцкага раёна” Алена Аляксандраўна Ашманкевіч.
Ганаровымі граматамі Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта ўзнагароджаны намеснік загадчыка ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г.п. Карэлічы” Галіна Паўлаўна Жук, настаўнік пачатковых класаў ДУА “Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы” Людміла Яўгеньеўна Санюк, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ДУА “Сярэдняя школа г.п. Мір” Наталля Васільеўна Квач, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ДУА “Райцаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа” Антаніна Леанідаўна Мялешка.
Разам з Граматамі Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта прымалі віншаванні настаўнік фізічнай культуры і здароўя ДУА “Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы” Марына Васільеўна Макар, настаўнік пачатковых класаў ДУА “Сярэдняя школа г.п. Мір” Святлана Леанідаўна Сергіеня, настаўнік пачатковых класаў ДУА “Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы” Алена Тоадзёраўна Жывень, настаўнік гісторыі ДУА “Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы” Анастасія Аляксандраўна Бондарава, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ДУА “Красненскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа” Юлія Уладзіміраўна Скварада, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Жухавіцкая сярэдняя школа” Аліна Уладзіміраўна Дзедавец, настаўнік пачатковых класаў ДУА “Аюцавіцкая базавая школа” Алена Уладзіміраўна Чарнушэвіч, выхавальнік дашкольнай адукацыі ДУА “Яслі-сад г.п. Мір” Святлана Уладзіміраўна Круглік.
Таксама за плённую працу і дасягнутыя поспехі Ганаровыя граматы ўпраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама атрымалі 27 педагогаў.
А лепшымі ў раённым конкурсе “Кіраўнік года” былі прызнаны дырэктар ДУА “Сярэдняя школа г.п. Мір” Таццяна Ільінічна Шаплыка і загадчык ДУА “Яслі-сад г.п. Мір” Наталля Мікалаеўна Купрыенка.
Самыя светлыя і цёплыя словы падзякі, каштоўныя падарункі і несціхаючыя апладысменты былі адрасаваны ветэранам педагагічнай працы: настаўніку беларускай мовы і літаратуры ДУА “Сярэдняя школа г.п. Мір” Але Іванаўне Бакач, настаўніку рускай мовы і літаратуры ДУА “Лукская сярэдняя школа” Ірыне Рыгораўне Драб, намесніку галоўнага бухгалтара ўпраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Жане Аляксандраўне Друцька, настаўніку фізікі ДУА “Красненскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа” Наталлі Канстанцінаўне Есьман, музычнаму кіраўніку ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г.п. Карэлічы” Аліне Іванаўне Жукоўскай, настаўніку гісторыі ДУА “Цырынскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа” Івану Генадзьевічу Карзану, настаўніку працоўнага навучання ДУА “Жухавіцкая сярэдняя школа” Генадзію Уладзіміравічу Крупко, выхавальніку групы падоўжанага дня ДУА “Турэцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа” Людміле Сяргееўне Сас, настаўніку пачатковых класаў ДУА “Аюцавіцкая базавая школа” Рамуальдзе Іванаўне Стульскай.
Гучна вітала зала і дзявочы батальён маладых спецыялістаў, што прыехалі сёлета на Карэліччыну па размеркаванні: настаўніка пачатковых класаў ДУА “Райцаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа” Дзіяну Андрэеўну Дайлідка, настаўніка хіміі ДУА “Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы” Аліну Дзмітрыеўну Карпаву, настаўніка пачатковых класаў ДУА “Сярэдняя школа г.п. Мір” Дар’ю Дзмітрыеўну Копаць, выхавальніка дашкольнай адукацыі ДУА “Жухавіцкі дзіцячы сад” Хрысціну Уладзіміраўну Лапацкую, выхавальніка дашкольнай адукацыі ДУА “Яслі-сад № 1 г.п. Карэлічы” Наталлю Сяргееўну Макарэвіч, педагога дадатковай адукацыі Карэліцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Аліну Юр’еўну Маліноўскую, настаўніка англійскай мовы ДУА “Сярэдняя школа г.п. Мір” Юлію Андрэеўну Пятрову, настаўніка рускай мовы і літаратуры ДУА “Жухавіцкая сярэдняя школа” Мар’яну Францішкаўну Пташынскую, сацыяльнага педагога ДУА “Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы” Аляксандру Андрэеўну Спрынцыну, педагога-псіхолага ДУА “Сацыяльна-педагагічны цэнтр Карэліцкага раёна” Таццяну Мікалаеўну Шэўка.
Выдатнымі падарункамі для ўсіх педагогаў і гасцей жнівеньскай канферэнцыі сталі чароўныя, напоўненыя любоўю да малой радзімы і павагай да працы настаўнікаў музычныя і танцавальныя нумары артыстаў РЦКіНТ, мясцовых устаноў адукацыі і культуры, а таксама карэліцкіх дзяцей. Добраму настрою паспрыялі і незвычайныя інтэрактыўныя выстаўкі, дзе можна было падзівіцца на прэзентацыі школ і садкоў, а таксама паўдзельнічаць у творчых майстар-класах.
Спадзяёмся, што такая насычаная і яскравая праграма канферэнцыі падарыла педагогам самыя добрыя эмоцыі. Бо сёлетні форум паставіў перад супрацоўнікамі сістэмы адукацыі сур’ёзныя задачы, якія патрабуюць шмат сілы і энергіі. Але, гледзячы на нашых таленавітых педагогаў, ёсць цвёрдая ўпэўненасць у тым, што ўсе мэты будуць дасягнуты.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота Іны ЛЕЙКА і Марыны КАЗЛОВІЧ