У Жодзіне сэлфі на рарытэтным "Запарожцы" скончылася крымінальнай справай
24.08.2018 10:31
—
Разное
Здымак з архіву.
У Жодзіне сэлфі на рарытэтным "Запарожцы" скончылася крымінальнай справай. Як інфармуе прэс-служба УУС Мінскага аблвыканкама, група маладых людзей, у тым ліку дзяўчат (малодшай з іх нядаўна споўнілася 16 гадоў), хацелі зрабіць "нестандартныя" фотаздымкі. Для гэтага выкарысталі аўтамабіль ZAZ 968 М ("Запарожац"). Сэлфі рабілі на яго даху, на капоце, на крышцы багажніка.
Гаспадар аўтамабіля пасля пабачыў, што невядомыя пашкодзілі яго ўласнасць і звярнуўся ў міліцыю. Матэрыяльныя страты ён ацаніў на суму 1000 рублёў. Знайсці зламыснікаў было не цяжка, паколькі яны выклалі ў сацсеткі здымкі, зробленыя на "Запарожцы".
Крымінальную справу распачалі па артыкуле "злоснае хуліганства", які прадугледжвае пакаранне да 6 гадоў пазбаўлення волі.