Убрана – 1093 га
Намалочана – 3288 тон
Ураджайнасць – 30,1 ц/га
Вясновай паводкай на Палессі нікога не здзівіш. А вось паводка ў час жніва не толькі ўражвае, а і перашкаджае. Паводка 2003 года, калі ўборачныя палі калгаса падтапіла вадою, а камбайны проста не маглі выйсці ў поле.
Ды што камбайны – нават трактары не маглі заехаць, каб сабраць збожжа, якое касілі косамі. Таму скошанае грузілі на вазы і на конях вывозілі.
Вадзіцель КСУП “Беражное” Мітрафан Фёдаравіч Пашкевіч згадвае тую ўборачную кампанію як адну з самых цяжкіх. Хаця ў гаспадарцы ён з 1982 года, калі пасля службы ў арміі вярнуўся ў свой Бор-Дубенец.
Адразу сеў на ГАЗ-51, пасля атрымаў ГАЗ-53. На сваіх бартавых машынах не толькі перавозіў збожжа ў час уборкі, а пабываў ў розных куточках Беларусі ды і за яе межамі. Ці на бартавым, ці на самазвале МАЗ, на якім зараз працуе, ён выконвае ўвесь цыкл сельскагаспадарчых работ – вываз сенажу, угнаення, сіласу, кармоў і, канешне, збожжа.
Завіталі на мехдвор КСУП “Беражное”, калі Мітрафан Фёдаравіч рамантаваў сваю машыну. Хоць гарачы час жніва і завершаны, але спыняцца нельга, бо трэба працаваць ужо на будучы ўраджай.
За рулём свайго МАЗа Мітрафан Фёдаравіч толькі сам. Нікому не дае садзіцца за баранку, як і сам не садзіцца за баранкі іншых аўтамабіляў.
Сёлета за час уборкі на рамонце быў толькі адзін дзень. Усё выправілі аператыўна, хутка.
– З запчасткамі зараз праблем няма. Нават калі нечага сёння не хапае ў гаспадарцы, то робяць заказ і назаўтра ўжо ўсё дастаўляюць. Вось толькі б сілы былі на гэтыя рамонты, – вадзіцель адрываецца ад рамонту каробкі перадач, якая больш падобная на вялікую турбіну.
У час сёлетняга жніва Мітрафан Пашкевіч на сваім МАЗе адвозіў збожжа ад двух камбайнаў. Перавёз за час уборкі 1255,3 тоны. Па рашэнні ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні занесены на раённую Дошку гонару ў нашай газеце.
У сям’і ўжо звыклі як да частых камандзіровак мужа і таты, так і да позніх вяртанняў і ранніх пад’ёмаў. Чатыры дачкі сям’і Пашкевічаў ужо пайшлі ў дарослае жыццё. Муж і жонка маюць чатыры ўнучкі і чатырох унукаў, якія любяць прыязджаць да бабулі і дзядулі. Але добра ведаюць, што ў дзядулі ў гарачы час жніва няма выхадных.
Таццяна СЕГЕН
Фота аўтара