Збяры партфель дзецям
У раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі была праведзена дабрачынная акцыя «Збяры дзяцей у школу», накіраваная на падтрымку шматдзетных сем’яў.
Напярэдадні 1 верасня раённае аб’яднанне прафсаюзаў у рамках дзеючай акцыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Прафсаюзы – дзецям» штогод праводзіць такую першавераснёўскую акцыю. Прафсаюзная дабрачынная акцыя дзейнічае на працягу 16 гадоў і з кожным годам набывае ўсё большы размах.
Для дзяцей 1 верасня пачынаецца новы, поўны нязведанасці, загадкавы і непаўторны перыяд жыцця – школьная пара. Таму вельмі важна, з якім настроем яны пойдуць у школу. Школьны касцюм, ранец, канцылярскія прылады – усё мае для іх значэнне. І нашы падарункі былі якраз дарэчы. Усе прафсаюзныя арганізацыі Стаўбцоўшчыны штогод прымаюць актыўны ўдзел у акцыі. Асаблівая ўвага надаецца дзецям-сіротам, сем’ям, дзе выхоўваюцца інваліды, тым дзецям, якія аказаліся ў сацыяльна цяжкім стане. Прафсаюзныя арганізацыі закупляюць школьныя прылады, пералічваюць сродкі на рахункі падшэфных арганізацый. Дабрачынная акцыя, якая праходзіць, прадоўжыцца яшчэ і ў верасні.
На свята ў цэнтр творчасці былі запрошаны першакласнікі са шматдзетных сем’яў і іх бацькі. У акцыі прынялі ўдзел усе галіновыя прафсаюзы нашага раёна.
Мерапрыемства праходзіла ў форме канцэртна-забаўляльнай праграмы з аквагрымам, гульнямі, музычнымі нумарамі, правядзеннем майстар-класаў педагогамі дадатковай адукацыі цэнтра творчасці. Дзецям уручылі партфелі з поўным наборам неабходных прылад для паспяховай вучобы.
Раённае аб’яднанне прафсаюзаў шчыра віншуе дзяцей і бацькоў з пачаткам новага навучальнага года з пажаданнямі паспяховай вучобы, здароўя, міру і дабра.
Юрый ЛАРЫЧЭЎ,старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў
Фота Васіля ЗЯНЬКО